На Вялікдзень у народзе існавала багата прадказаньняў надвор’я. Гаварылі, што адкуль вецер вее — адтуль ён будзе веяць і ўсё лета. Калі ясная і халодная пагода — значыць, летам будзе на садах поўна розных пладоў. Калі на гэтае сьвята дождж — то да Сёмухі трэба чакаць больш дажджоў, чым пагоды. I яшчэ адна прыкмета: якое надвор’е на Вялікдзень, такім яму быць і на Дабравешчаньне.

У пасьлявелікодную пару народ імкнуўся быць асабліва шчодрым і міласэрным. Жыла вера, што ад Вялікадня да Ўзнясеньня (Ушэсьця) Ісус Хрыстос ходзіць па зямлі ў вобразе жабрака, і ніхто не адважваўся адмовіць тым, хто просіць міласьціну.

***

Самая любімая гульня на Вялікдзень — біткі. Стукаліся сьвяточнымі яйкамі, і пераможцам аказваўся той, у каго яно заставалася цэлае («мацак»). Некаторыя шчасьліўцы выйгравалі ажно поўную шапку чырвоных яек. Знаходзіліся і жартаўнікі, якія замест яек падстаўлялі пафарбаваны камень круглай формы і такім вясёлым падманам здабывалі перамогу.

***

Напярэдадні сьвята ці на самым яго пачатку людзі несьлі асьвячаць у царкву самыя розныя стравы: пірагі, мяса, сала (казалі, што калі змазваць асьвячоным салам рукі перад вялікай работай, то на іх ніколі ня будзе трэшчынаў), сыр, соль і ў першую чаргу, вядома, яйкі, пафарбаваныя галоўным чынам у адвары шалупіньня цыбулі ці кары дрэваў, што надавала ім чырвоны колер (былі і «пісанкі» — яйкі, размаляваныя рознымі ўзорамі). Яйка пры асьвячэньні раілася крышачку аблупіць, каб святасьць лепш прайшла ў яго.

Абавязкова трэба дачакацца паўночы, каб пачуць званы. У час усяночнай службы прыглядаліся, як гараць свечкі. Калі яны трашчаць — лета прыйдзе дажджлівае, з громам і маланкамі. Дождж у Велікодную ноч абяцаў да Сёмухі больш дажджоў, чым пагоды, а затым і халоднае лета; ціхае цёплае надвор’е варажыла на такое ж лета.

Пасеяны на Вялікую пятніцу хлеб, як перакананыя на Віцебшчыне, не баіцца ні ветру, ні дажджу, ні граду. На Палесьсі ж гаварылі, што трэба ў Вялікую пятніцу сеяць гарох — ён вельмі добра зародзіць.

***

Субота — вялікая, чырвоная, апошні дзень перад Вялікаднем. У суботу фарбуюць яйкі, пякуць пірагі. У Храмах свенцяць пафарбаваныя яйкі, пірагі і іншую ежу. Многія ня спяць усю ноч: ідуць у царкву ці ў касьцёл. Раней ноччу з суботы на нядзелю палілі на вуліцы вогнішчы, у хатах усю ноч гарэла святло.

У печы ў першы велікодны дзень ня паляць.Умываліся вадой, у якую клалі чырвонае яйка, срэбныя і залатыя рэчы. Стол засьцілаюць бялюткім абрусам, упрыгожваюць зелянінай. На стол ставяць»сьвянцонае» — яйкі, соль, пірагі, вяндліну. «Разгаўляцца» пачынаюць зь сьвянцонага яйка. Днём моладзь гушкалася на арэлях, якія ладзілі ў кожным двары. Усе адорвалі адзін аднаго чырвонымі яйкамі і гулялі з імі. Характэрная адметнасьць менавіта беларускага фальклёру — валачобныя песні. Звычай абыходзіць двары на Вялікдзень мае вельмі старажытныя карані. Лічылі, што абыход двароў валачобнікамі прыносіць жывёле пладавітасьць, на палях — ураджай, засьцярогу ад розных прыродных стыхіяў. Падыходзычы пад вакно, валачобнікі сьпявалі песні, у якіх усхвалялі гаспадара, гаспадыню, іх сыноў і дачок.

Стол, за якім зьбіраецца ўся сям’я, шчодра накрыты разнастайнымі стравамі. У цэнтр стала ставяцца стравы, асвячоныя ў Вялікую суботу або пасьля Рэзурэкцыі. Перад пачаткам сняданьня чытаецца ўрывак зь Святога Пісання, потым усе разам чытаюць малітвы «Ойча наш» і «Хвала Айцу», пасля чаго ядуць асьвячонае яйка.

***

У вёсках пасьля велікоднага сьняданьня ўсе выходзілі на вуліцу, беручы з сабою пісанкі. Людзі віталі адно аднаго, дзелячыся радасьцю і сьвяточным настроем, а дзеці ладзілі разнастайныя забавы з пісанкамі, якімі «мацаліся» і «качалі».

Цікавым і радасным велікодным звычаем было наведаньне моладзьдзю розных двароў, падчас чаго сьпяваліся віншавальныя валачобныя сьпевы. Гаспадары, да якіх прыходзілі валачобнікі, шчодра дзяліліся зь імі рознымі прысмакамі.

На Вялікдзень асаблівым чынам назіралі за сонцам, бо лічылася, што ў ім можна ўбачыць уваскрослага Хрыста. Людзі казалі таксама, што сонца ў гэты дзень «скача з радасьці».

Пасьля вяртаньня зь святыні з асвячонымі велікоднымі стравамі накрываецца святочны стол і распачынаецца ўрачыстае велікоднае сьняданьне. Напачатку гаспадар, прывітаўшы ўсіх радаснымі словамі «Хрыстос уваскрос!», дзеліцца з кожным асьвячоным фарбаваным яйкам — пісанкаю.

Фотаздымак Беларусь-фота

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?