Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у найбліжэйшыя дні можа зазірнуць на паўвостраў Ямал, дзе паспрабуе сябе ў незвычайнай ролі — важака чарады выгадаваных у няволі стэрхаў — рэдкага віду жураўлёў, занесеных у Чырвоную кнігу.

Паводле расійскіх СМІ, з сярэдзіны жніўня жураўлі ў суправаджэнні дэльтапланерыстаў лётаюць у раёне пасёлка Кушават, а ў сярэдзіне верасня іх пад кіраўніцтвам пілота плануюць адправіць у пералёт на зімоўку ў Сярэднюю Азію па маршруце, разлічаным навукоўцамі.

Дэльтапланерыст бярэ на сябе ролю лідара чарады, які паказвае кірунак палёту.

Пра тое, што Пуцін можа прыляцець у Кушават і прыняць удзел у палёце, распавёў Юры Маркін — дырэктар размешчанага ў Разанскай вобласці Окскага дзяржаўнага прыроднага біясфернага запаведніка, дзе вырошчваюць стэрхаў. А загадчыца гадавальніка Таццяна Кашанцава патлумачыла, што гэта «шоў» заклікана прыцягнуць увагу да захавання рэдкіх відаў птушак.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў, што прэзідэнт вучыўся лётаць на дэльтаплане, а таксама чуткі, што ён наведае Ямал.

Як паведамляла ўчора НН,

галоўная рэдактарка расійскага папулярнага часопіса «Вокруг света» Маша Гесэн была адпраўлена ў адстаўку пасля таго, як адмовілася пасылаць карэспандэнта на «шоў: Пуцін — жураўлі».

Яна саркастычна заўважыла, што «экспедыцыі з удзелам Пуціна маюць сваю спецыфіку — дастаткова згадаць ратаванне тыграў або пошукі амфар. Можа стацца, што дрэвы прывязаныя да пянькоў. І прафесійны абавязак абавяжа карэспандэнта пра гэта пісаць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?