На сайце Белгазеты прайшла анлайн-канферэнцыя са старшынёй праўлення ФК БАТЭ Анатолем Капскім. Было яму зададзена пытанне наконт ягонага асабістага стаўлення да беларускай мовы і стаўлення да яе ў клубе.
Вось што адказаў на гэта пытанне Анатоль Анатолевіч:
— Наша мова ў вершах і песнях вельмі меладычная, у нас вялікая літаратурная спадчына. У пачатковых класах вучыўся ў вясковай школе, з чацвёртага перайшоў у барысаўскую сярэднюю школу № 1, куды дабіраўся з вёскі, у якой рос. За ўсе гады навучання асноўнай мовай была расейская, на ёй выкладаліся ўсе прадметы, акрамя спецыялізаваных,
і тыя ж урокі беларускай мовы і літаратуры любіў больш, чым ўрокі расейскай мовы. Маё сачыненне на тэму «Каб сонца над Нашай радзімаю ззяла, І клікаў нас Колас, І клікаў Купала» было сярод прызёраў у абласным конкурсе на найлепшае сачыненне, я добра валодаў беларускай мовай.
Але, на жаль, складана вяртаць тое, што мы даўно страцілі,
і трэба прызнаць, што павага да роднай мовы ў нас заўсёды была недастатковай.
На рэферэндуме галасаваў за роўнасць моў, пры гэтым не хочацца, каб мы адмаўляліся ад аднаго, насаджваючы іншае — гэтымі пытаннямі трэба займацца глыбока, сур’ёзна і вельмі доўга.
Што тычыцца нашага сайта, абвестак дыктара на стадыёне — адразу ўсё рэалізаваць складана, але паступова кантакты з заўзятарамі праз многія нашы сэрвісы будзем арганізоўваць на беларускай. Ведаю дакладна, што абсалютная большасць людзей, якія падтрымліваюць нас на фан-сектары, камунікуюць адзін з адным на расейскай,
але выкарыстанне банераў на роднай мове — добры знак, трэба з чагосьці пачынаць. Думаю, што паступова мы будзем рухацца ў кірунку пашырэння зносін на роднай мове.





