Памяць пра Аўласа

Хутка мы адзначым 130-ю гадавіну з дня народзінаў Аляксандра Ўласава, першага рэдактара “Нашай Нівы”. Тым ня менш, у ваколіцах Радашкавіч ды Мігаўкі, прынамсі ў суседніх Пяцюлях, яшчэ і сёньня памятаюць яго. От што, прыкладам, распавёў мне пра Аляксандра Ўласава Андрэй Гаранскі.

“У Пяцюлях за польскім часам была паўшэхная школка. У гэтую школку бегалі і дзеці Ўласава — Алег і Дзіма. То Ўласава ў Пяцюлях бачылі ледзь ня кожнага дня. Цёплай парою дзеці самі хадзілі ў школу, а зімою ён іх падвозіў на санях. Пяцюлеўская школа была на другім канцы вёскі, то двойчы на дзень Аўлас мусіў ехаць празь вёску. Заходзіўся ён і ў нашу хатку, — распавядае спадар Андрэй. — Мой тата купляў у Аўласа зямлю. Было гэта дзесь у годзе 37-м. Тату майго звалі Юстын. У нас дзесь ацалеў плян і акт куплі Аўласавай зямлі.

Прыгадваю, аднаго разу Аўлас зайшоў да нас із сваімі дзецьмі. Яны былі мае аднагодкі. Аўлас прапанаваў нам падужацца. Тады гэтае дужаньне практыкавалася. Усчапіліся мы, падахвочаныя Аўласам, тузаемся, і Аўлас ля нас тупае. Яму хочацца, каб ягоныя сыны мяне завалілі. Але ўсё выходзіць інакш: верх бяру я, і Аўлас дае мне за гэта пяць злотых ды кажа сынам:

— Каб вы адужалі Андрэя, гэтыя пяць злотых былі б вашыя. А так іх мае пераможца. Ну, і каб не крыўдавалі на мяне, то вам мае пяць злотых на двох.

Аўлас быў чалавек грузны — кіляграмаў на сто дваццаць, ня менш. Меў ён і адпаведны апэтыт. Мог, казалі, за адзін раз цэлага індыка ўплесьці. Быў ён чалавек дасьведчаны і аўтарытэтны. Да яго хадзілі на розныя рады: і як лепей гаспадарку ладзіць, і як лепей даглядаць жывёлу, і якім насеньнем сеяць. А калі трэба якую заяву напісаць, то таксама ішлі да Аўласа. Ён ведаў у гэтым толк. Празь яго да нас усе навіны сьвету прыходзілі. Быў жа ён адною парою сэнатарам у Варшаве. Мігаўскія ды пяцюлёўскія гаспадары часта ў яго пыталіся: “Як там у вашым сэнаце?” Ён казаў: “Каб там што даказаць, кольле ў рукі трэба браць, ісьці ў калы, на калы… Без калоў там ніякае рады ня даць… Там жа адны Радзівілы ды Патоцкія — князі ды графы… З-за іх у тым сэнаце не прабіцца… Зь імі няпроста!..”

Андрэю Гаранскаму таксама згадалася, як яму, трынаццацігадоваму, давялося з Уласавым быць на сходзе ў верасьні 1939-га, неўзабаве пасьля прыходу саветаў. Сход той ладзіла радашкаўская часовая ўправа. Прамаўляў там і Аўлас. Ён вітаў прыход саветаў, прапанаваў далучыць да Беларусі некаторыя землі Латвіі, заселеныя беларусамі. “Мяне гэта зацікавіла, — згадвае Андрэй. — Я перапытаўся ў свайго таты, ці гэта праўда. Тата пацьвердзіў: так, у Латвіі таксама жывуць нашы людзі… Пасьля Аўлас неяк нечакана зьнік зь Мігаўкі. За ім зьніклі і ягоныя дзеці… Зьнікла зь імі і жонка. Спакваля пачалі расьцягваць і ягоную маёмасьць, бібліятэку”.

Неўзабаве Андрэй узьбіўся ў радашкаўскім магістраце на Аўласаў архіў. “Мне не было на чым пісаць. Нехта шапнуў: шмат розных папераў у магістрацкай кладоўцы. Дык я ў тую бакоўку. І праўда — там цэлыя горы розных папераў, кніг. Шмат было і фатаздымкаў. То я колькі зь іх падняў…”

Спадар Гаранскі зрабіў паўзу. Мне падумалася, што ён зараз скажа: “Хочаце паглядзець?!” Але пачуў я іншае: “Змарнаваліся за вайну тыя Аўласавы падабізны. Пераважна гэта былі гуртавыя здымкі з Аўласам. Тата казаў, што гэта Аўлас з настаўнікамі… Змарнаваліся Ўласавы здымкі… Ні за што ні пра што змарнавалі самога Аўласа. Навошта? За што? Для чаго?! Каму ён, шасьцідзесяцігадовы, замінаў?”

Спадар Гаранскі на гэтым сьвеце пражыў ужо амаль восем дзясяткаў. Усяго за гэты век набачыўся. Але адказу на свае пытаньні пакуль не знайшоў. Аўлас быў цікавы і бяскрыўдны чалавек. Шчыра любіў Беларусь і хацеў, каб яна была паважаная і шанаваная ва ўсім сьвеце. То хіба толькі за гэта?!

На думку Андрэя Гаранскага, вынішчэньне такіх людзей, як іхны Аўлас, абяскроўлівае край, народ, нацыю…

Жыцьцё Ўласава ў Мігаўцы моцна паўплывала на ўвесь тутэйшы люд. Тут усьвядомлена шануюць родную мову, дзівяцца з урадоўцаў, якія ігнаруюць яе. Гэта ж калісь Уласаў казаў сваім землякам, народу, цэламу сьвету: “Усе, хто прывык шанаваць кожную нацыю і кожнага чалавека, ведаюць, што ў роднай мове сваёй беларус усё лепш разумее, што тая мова — гэта яго душа, сэрца, усё, што ёсьць самае блізкае і дарагое чалавеку. І беларусам, беручы культуру ад расейцаў і ад палякаў, няма ніякай патрэбы забываць, што яны беларусы, адракацца ад сваёй нацыі і перакідацца да чужой” (“Наша Ніва” ад 25 красавіка 1908 г.).

Старэйшыя Ўласавы землякі якраз і трымаюцца такога разуменьня роднай мовы. Яны жывуць і цешацца ў ёй, як рыбкі ў чыстай вадзіцы. І іншага ім ня трэба.

Уладзімер Содаль


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0