Аляксандар Лукашэнка марыць пра вечнасьць і не забывае пры гэтым надзённых палітычных задачаў. Машэраў адказаў за дачку, заадно на задворкі гораду прыйшлося адправіцца Скарыну. Нашчадкі Машэрава: «Мы абражаныя, але ня зьдзіўленыя». Пратэстоўцы на Кастрычніцкай плошчы з партрэтамі Скарыны. Апазыцыя: «Гэта самадурства. Назвы вернем адным пакетам». Праспэкт Пераможцаў стане праспэктам Лукашэнкі? Напярэдадні Дня Перамогі, 7 траўня, Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб перайменаваньні галоўных сталічных праспэктаў і некалькіх вуліц. Праспэкт Скарыны ён назваў праспэктам Незалежнасьці, Машэрава — Пераможцаў. Вуліцы Дразда, Ерусалімская і Варвашэні аб’яднаныя ў пакручасты праспэкт Машэрава, а Старабарысаўскі тракт на паўночным усходзе Менску стаў вуліцай Ф.Скарыны. Спачатку людзі думалі, што ўказ аб перайменаваньні — кепскі жарт апазыцыі, піша Сяргей Будкін.

Навіне, што выставіў партал TUT.BY, спачатку не давалі веры. Аднак аказалася, што праўда. Паўсотні маладых людзей пратэставалі супраць такога рашэньня ўвечары ў аўторак у цэнтры Менску.

У пачатку 1990-х менскім вуліцам паспрабавалі вярнуць гістарычныя назвы, але саветафільскія ўлады ідэю замялі. Гісторык Захар Шыбека кажа, што патрэба перайменаваньня мусіравалася штогод напярэдадні Дня Перамогі. Аднак далей за абмеркаваньне справа пакуль не заходзіла. Так, тры гады таму ішла гаворка пра наданьне праспэкту Скарыны назвы Пераможцаў. Перайменаваньне — працэдура цяжкая і нязручная: зьмяненьне прапіскі, пераафармленьне дакумэнтаў, для юрыдычных фірмаў — перарэгістрацыя.

Пачалося з «7 дней»

Ёсьць і маральны аспэкт. Нашчадкаў Пятра Машэрава рашэньне А.Лукашэнкі абразіла, але ня стала нечаканасьцю. «Для нас была нечаканай сьмерць Пятра Міронавіча. Што да гэтых рашэньняў, дык ранейшыя публікацыі ў прэсе дазволілі нам зрабіць высновы і маральна падрыхтавацца да такой хады падзей, для нас гэта не навіна, — кажа муж Натальлі Машэравай Уладзімер Пятроў. Зь ягоных словаў, яны прадчувалі падрыхтоўку адпаведнага рашэньня, пасьля таго як пра неабходнасьць вяртаньня праспэкту Машэрава ранейшай назвы — Паркавая магістраль — загаварыла газэта агенцтва БелТА «7 дней». Аўтарцы артыкулу «журналістцы і настаўніцы Н.Петрыкавай» сучасная назва праспэкту падавалася недарэчнай: «Мне незразумела, навошта 20 год таму вуліцы з такой удалай назвай надалі імя Машэрава».

Сама Натальля Машэрава цяпер адсутнічае ў Менску.

«Апошнія навіны яе ня ўзрадавалі, але пазыцыя жонкі такая: гісторыя ўсё расставіць па сваіх месцах, раней ці пазьней», — гаворыць У.Пятроў.

Абнуліць гісторыю

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч рашэньне ўладаў уважае за бязглузды энтузіязм: «Старабарысаўскі тракт меў такую назву і да вайны, і да рэвалюцыі — гэта вынішчэньне гістарычнай памяці. Новай уладзе прыйдзецца вярнуць ранейшую тапаніміку адным пакетам», — падтрымлівае ён прапанову Вінцука Вячоркі. Дарэчы, толькі Старабарысаўскі тракт зьнікне з мапы гораду, іншыя вуліцы будуць проста перанесены. За рашэньнем «панізіць Скарыну» праглядаецца жаданьне панізіць беларускую культуру ў сымбалічнай герархіі гістарычных падставаў нацыі.

А ў «паніжэньні Машэрава» многія бачаць каньюнктурны палітычны падтэкст. Аляксандар Казулін, кіраўнік грамадзкай ініцыятывы «Воля народу», выказаўся катэгарычна: «Такое рашэньне можна прыняць хіба ў неадэкватным стане — у гонар Перамогі перайменаваць праспэкт імя героя вайны Машэрава, ды яшчэ нібыта па просьбе вэтэранаў!» Дачка Машэрава адкрыта заяўляе пра сваё непрыманьне дзяржаўнай палітыкі, вось улады і скарысталі момант, каб абнуліць гісторыю. Каб прынізіць маштаб постаці Пятра Машэрава. «Але ж Скарына ня ставіў подпісу пад нашым зваротам!» — іранізуе Казулін.

Зяць Пятра Машэрава мяркуе, што перайменаваньне на адаб’ецца на масавай сьвядомасьці: «Яшчэ ў савецкія часы казалі пра змаганьне з «культам Машэрава» — змагаюцца і дагэтуль. Аднак зьмена назваў ня зьменяць стаўленьня людзей».

На Быкава няма сродкаў

Падобнай думкі, што справа перайменаваньня зьвязана з палітычнай дзейнасьцю Н.Машэравай, трымаецца й Вольга Іпатава. Пісьменьніца зьвяртае ўвагу і на гістарычную падаплёку. «Мы вяртаемся ў савецкія часы. Тады казалі, што наша гісторыя пачынаецца з 1917 г., цяпер — з 1945 г. Скарына вырваны з кантэксту сёньняшняй ідэалёгіі». Пісьменьніца нагадвае, што на ініцыятыву грамадзкасьці назваць вуліцу ў гонар Быкава чыноўнікі аднагалосна спасылаліся на адсутнасьць сродкаў. Цяпер сродкаў, відаць, бракаваць ня будзе.

У прэс-службе прэзыдэнта рашэньне пра перайменаваньні тлумачаць наступным чынам: «Паколькі ў раёне плошчы Незалежнасьці ў 1944 г. адбыўся партызанскі парад у гонар вызваленьня сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, заканамерна і гістарычна справядліва, каб галоўная артэрыя Менску — праспэкт, які пачынаецца ад плошчы, — мела назву праспэкту Незалежнасьці».

Гісторыкам з адміністрацыі пярэчыць гісторык Другой сусьветнай вайны Аляксей Літвін, які зазначае, што партызанскі парад 1944 г. прайшоў у раёне сёньняшніх вуліц Першамайская—Кастрычніцкая—Лодачная, на старым іпадроме, але ні ў якім разе не «ў раёне плошчы Незалежнасьці». Пра ягонае месца няцяжка было спытацца ў былых удзельнікаў параду, напрыклад, Янкі Брыля.

Піяр-ход прэзыдэнта

Перайменаваньне праспэкту Машэрава зьдзейсьнена, паводле прэс-службы прэзыдэнта, дзеля ўшанаваньня вялікага подзьвігу салдат, партызан і падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу. І ў гонар той жа Перамогі вуліцы Ерусалімская, Дразда і Варвашэні аб’яднаныя ў праспэкт, які «названы ў гонар выдатнага партызанскага камандзіра, Героя Савецкага Саюзу, дзяржаўнага дзеяча Беларусі Пятра Міронавіча Машэрава». «Можа, праспэкт Дзяржынскага пераймянуем у праспэкт Варвашэні, праспэкт Жукава — у праспэкт Дзяржынскага, а Партызанскі — у праспэкт Жукава?» — іранізуюць на інтэрнэт-форумах. Дарэчы, паводле вынікаў апытаньня, што праходзіла на «Tut.by», 98% адмоўна паставіліся да піяр-ходу прэзыдэнта.

Наступае туркмэнбашызм

Першая акцыя пратэсту супраць перайменаваньняў адбылася 10 траўня. На Кастрычніцкай плошчы сталіцы сабралася некалькі соцень маладых людзей. Прысутныя пастроіліся ў ланцуг. Але празь некалькі хвілін ланцуг разагнаў АМАП, а самых актыўных зацягнулі ў міліцэйскі аўтобус.

На 12 траўня заплянаваны смарт-моб: а 18-й кожны можа засьведчыць сваю неабыякавасьць ды напісаць крэйдай на бруку назвы сваіх праспэктаў. 15 траўня моладзь плянуе выйсьці на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі Скарыны.

Удзельнікі акцый пратэсту называюць рашэньне каньюнктурным. «Краіна ўступіла ў пэрыяд поўнага самадурства. Пачынаецца туркмэнбашызм», — сказаў мне малады чалавек з значкам Скарыны на грудзях.

Назіральнікі выказваюць меркаваньне, што А.Лукашэнка «зарэзэрваваў на будучыню» назву другое па значэньні магістралі сталіцы для сябе як для галоўнага айца нацыі. «Праспэкт Пераможцаў» — назоў неканкрэтызаваны, гучыць як часовы. А вось вартасьць Незалежнасьці больш ня ставіцца пад пытаньне. Хоць гэтае слова розныя палітычныя сілы разумеюць па-рознаму. Праўда, ёсьць падставы засумнявацца, ці доўга пратрымаюцца новыя назвы пры палітычнай сыстэме, якая так мала шануе традыцыі і так часта мяняе тапаніміку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0