Беларускія дзекабрысткі ХХ стагоддзя: тры гісторыі, ад якіх слёзы на вачах 25

Аўтар: Сяргей Мікулевіч, ілюстрацыі Волі Афіцэравай

Іх прозвішчы вядомыя — гэта прозвішчы знакамітых дзеячаў культуры, зорак беларускай навукі, што паўзыходзілі ў 1920-я. А вось імёны не на слыху. А яны дзялілі з мужамі цяжар часу, у якім выпала жыць. Ехалі за імі ў высылкі на край свету, грукаліся ва ўсе дзверы, дабіваючыся іх вызвалення з турмаў, не пакідалі надзеі дачакацца іх, калі чакаць ужо не было чаго, працягвалі жыць, не губляючы годнасці…

Ганна Бабарэка, Марыя Дубоўка, Леаніла і Ларыса Гарэцкія — мы раскажам тры гісторыі, хоць іх было значна болей.

Гэтым матэрыялам разам з Samsung Galaxy S9|S9+ мы працягваем цыкл «Беларускія гераіні». Эмілія ПлятэрВера ХаружаяЛарыса ГеніюшАлаіза ПашкевічАлена КішЖанна Капуснікава, Марына Лобач — іх лёсы здаюцца неверагоднымі. Тут усё: моц, шчырасць, каханне, адданасць, вера, адчай і перамога. Цяпер жа мы раскажам гісторыі адразу трох жанчын, аб’яднаных гатоўнасцю згараць і адраджацца разам з мужамі. 

Само слова «дзекабрысткі» з’явілася ў 1820-я. Так называлі жонак удзельнікаў снежаньскага («декабрьского» па-руску) паўстання 1825-га ў Пецярбургу. Расійскія афіцэры, ветэраны вайны з Напалеонам, натхнёныя еўрапейскімі ідэямі прагрэсу, спадзяваліся змяніць сваю радзіму — адмяніць прыгоннае рабства, рэфармаваць самадзяржаўную ўладу імперыі. Аднак паўстанне было задушанае, больш як сто чалавек трапіла на сібірскую катаргу, на руднікі. І тут здарылася нечуванае: следам за імі паехалі жонкі.

Яны рызыкавалі не толькі здароўем. З выездам у Сібір дзекабрысткі гублялі ўсе прывілеі дваранскага стану, да якога належалі, і атрымлівалі статус жонак катаржанаў. Дзяцей з сабой браць не дазвалялася. Многія не змаглі вярнуцца дамоў нават пасля смерці мужоў. Подзвігу Аляксандры Мураўёвай, Марыі Валконскай, Кацярыны Трубяцкой прысвяціў паэму Някрасаў, помнік ім стаіць у Табольску.

Выпрабаванні беларускіх дзекабрыстак пачаліся ў канцы 1920-х, калі ў БССР згортвалася «беларусізацыя». Пачыналіся рэпрэсіі супраць соцень навукоўцаў, пісьменнікаў, дзяржаўных дзеячаў, якія папярэднія дзесяцігоддзі працавалі дзеля росквіту Беларусі. Людзі не разумелі, за што іх высылаюць з радзімы, чаго дабіваюцца на допытах у НКВД. Разгубленасць і страх панавалі ў грамадстве. У памежнай сітуацыі выяўлялася, хто ёсць хто.

Ганна Бабарэка і чырвоныя зоркі на спіне

«31-шы год. …Мама збірае рэчы, каб ехаць усёй сям’ёй да бацькі «ў Вяцкую губерню». Яскрава палае агонь у печцы-галандцы, што ў вялікім пакоі нашае менскае кватэры. Паляцца непатрэбныя паперы, ляціць у печку й ламаццё з дзіцячых цацкаў. Я плачу, прашу маму захаваць гэтае ламаццё». Мы бачым дзіцячымі вачыма Алесі, дачкі Адама Бабарэкі, аднаго з «узвышэнцаў» і наймацнейшага літаратуразнаўцы 1920-х, пераломны момант жыцця яе бацькоў.

Адама Бабарэку асудзілі да высылкі па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Спецслужбы СССР прыдумалі гэтую міфічную «контррэвалюцыйную арганізацыю», каб знішчыць беларускую творчую і навуковую эліту. Іх рассеялі па прасторах СССР, па Цэнтральнай Расіі, Урале, Сібіры, на гады пазбавіўшы магчымасці працаваць для Беларусі, пазбавіўшы сінэргіі, якая ўтваралася ад іх супольнай работы на радзіме.

Новае жыццё пад Вяткай падаецца трохгадовай Алесі не такім ужо і дрэнным — хай сабе ў хаце няма электрычнасці і з цацак у іх з сястрой толькі два «трапішныя зайцы» ды алоўкі. Затое яны з мамай і татам так добра спяваюць вечарамі і ходзяць гуляць…

Але час ад часу сістэма нагадвала пра сябе: аднойчы з шафы ў замкнёным пакоі знік партфель з вялікімі грашыма. Адам Бабарэка, што ў высылцы мусіў працаваць бухгалтарам, прынёс іх дадому з банку, каб пасля выходных выдаць зарплаты. Сям’я ліхаманкава пачала збіраць грошы па знаёмых, але праз колькі дзён партфель гэтак жа невытлумачальна з’явіўся на старым месцы…

Самым цяжкім у высылцы было тое, што чалавек сабе не належаў. Ён мусіў сядзець як прывязаны ў тым месцы, якое яму вызначылі, або наадварот — зрывацца з так-сяк абжытага гнязда і ехаць чортведама куды, у невядомасць.

«34-ты год. Ізноў няма з намі таты…» Бабарэку перавялі ў абласны горад Вятку-Кіраў. Ён асталяваўся ў маленькім пакойчыку разам з іншым ссыльным, сям’ю забраць не было куды. А Ганну з дочкамі тым часам пачалі літаральна выжываць з кватэры. Заняўся гэтым чыноўнік жыллёвага таварыства, які праўдамі і няпраўдамі імкнуўся выселіць жанчыну з малымі дзецьмі з больш-менш прыстойнай цеснай двухпакаёўкі ў хлеў. Прыходзіў з міліцыяй, з грузчыкамі — выкідаць рэчы, урэшце знайшоў «лішкі» плошчы і падаў у суд. Рашэнне «самага справядлівага ў свеце» было прадказальным.

Давялося ехаць у Вятку і спаць там упокат на падлозе. Тым часам скончыўся тэрмін высылкі ў пісьменніка Максіма Гарэцкага, удалося перабрацца ў яго кватэру.

Адам і Ганна пазнаёміліся ў Мінску. Маладая настаўніца Ганна Дзянішчык была родам з вёскі Шулякі Кастравіцкай воласці (цяпер Зэльвенскі раён). Мала хто з яе аднагодкаў мог пахваліцца спакойным бясхмарным дзяцінствам — Першая сусветная, бежанства, у часе якога памерла маці… Ганна ў дзікіх умовах здолела скончыць гімназію і, вярнуўшыся ў Беларусь, завочна вучылася ў ВНУ ды працавала ў мінскай школе. Там і спаткаўся ёй малады кучаравы пісьменнік Адам Бабарэка, якога таксама накіравалі вучыць дзяцей.

Зоркі ў сэрцы замігцеліся, —
Неба нам — пасцель дваім.
Зніклі сённяшнія цені:
Мы ў нязведаным краі.

На такія вершы яна яго натхняла. 1 жніўня 1924 года яны пабраліся шлюбам. Праз год нарадзілася дачка Элеанора, яшчэ праз тры — Алеся.

Арышт у 1930-м, як выявілася, быў толькі першым актам трагедыі беларускай інтэлігенцыі. Многім асуджаным тады ў сярэдзіне 1930-х працягнулі тэрміны высылкі, а ў 1937-м арыштоўвалі паўторна, каб расстраляць.

Бабарэка не мог зразумець, у чым вінаваты перад савецкай уладай. Ён літаральна на целе меў знакі вернасці ёй: у 1920-я, падчас польскага наступу, ён партызаніў. Палякі злавілі Адама і выразалі на спіне дзве чырвоныя зоркі памерам з далонь — знакі ад гэтага катавання засталіся на ўсё жыццё.

Падчас вобшуку ў 1937-м, калі Адама забіралі, як пазней выявіцца, ужо назаўсёды, Ганна паклала малую Алесю спаць на канапу з таемнай шуфлядай. У той шуфлядзе захоўваліся рукапісы мужа… Энкавэдысты не скінулі дзіця з канапы. Так архіў Адама Бабарэкі дайшоў да нашых дзён.

Гэта не адзіны прыклад, калі спадчына мужа, які згінуў у сталінскім беспрасвецці, захавалася для нашчадкаў дзякуючы смеласці ды ахвярнасці жонкі-«дзекабрысткі».

Бабарэка, арыштаваны і паўторна асуджаны, не пражыў і году ў лагеры ў Комі АССР. «Работаю на общих работах. Копаю канаву, снимаю мох, корчую пни, вожу тачки…» — пісаў ён родным. (Пісаць лісты трэба было па-руску, каб разумела лагерная цэнзура.) Цяжкая праца знішчыла яго і без таго слабае здароўе…

Ганна Бабарэка таксама не вярнулася ў Беларусь. Пастарэўшы, яна перабралася ў Маскву да дачок. Яна пражыла 81 год і памерла ў Маскве, дзе была пахаваная на Вастракоўскіх могілках.

Марыя Дубоўка і бляхі

Марыя Кляўс і Уладзімір Дубоўка пазнаёміліся ў Маскве, у Беларускім клубе. Настаўнікаў-беларусаў запрасілі туды займацца беларускай мовай. Уладзімір — вядомы паэт і імпазантны малады мужчына — кіраваў тымі заняткамі. А пасля іх ён ішоў праводзіць Марылю — ад Арбата, дзе былі курсы, да Старога Сіманава, дзе яна жыла.

Вынікам тых паходаў стала тое, што яны пажаніліся ў 1927-м, а праз год нарадзіўся сын Альгерд. Частая з’ява для тых часоў — пагарда да ўмоўнасцяў, кшталту рэгістрацыі шлюбу. Прычым супраць была Марыля. «Гэта не зменіць нашых адносін», — казала яна. Але, як паказала жыццё, рэгістрацыя спатрэбілася: «Пры перадачах у турму, пры дазволах на спатканне…»

У 1930-м Дубоўку першы раз арыштавалі — проста на працы, у Крамлі, у Саўнаркаме. «Дзень быў гарачы, на працу ён паехаў у белым касцюме і сандалях. Так яго і забралі», — успамінала Марыя Пятроўна. Яна з малым Альгердам у той час жыла на дачы ў Пярлоўцы пад Масквою.

Марыя апынулася ў цяжкай сітуацыі. «Сябры і таварышы не паказваліся. Раіцца не было з кім», — суха напіша яна пасля ва ўспамінах. Двума сказамі тут паказана тая пустата, што імгненна ўтваралася вакол рэпрэсаванага. Не проста знаёмыя, але нават сябры і сваякі баяліся кантактаваць з яго сям’ёй, каб, крый божа, і іх не западозрылі ў спачуванні «ворагам народа».

Марыя пачала шукаць Уладзіміра па турмах. На ўсе запыты атрымлівала адмоўны адказ. Пасля змяніла тактыку: пачала насіць яму перадачы. Абышла ўсе маскоўскія турмы — Дубоўка нідзе не значыўся. Хтосьці параіў звярнуцца ў Мінск. Там пацвердзілі: ён у нас, але перадачу не возьмем. Такія былі меры ўздзеняння, каб арыштаваны падпісаў прызнанне: разарваць сувязь з сям’ёй.

Пасля быў суд і высылка ў Яранск. Тое, што Марыя паедзе за Уладзімірам, успрымалася ім як нешта само сабой зразумелае. «Ніколі не пытаўся, ці паеду я з ім, ён толькі пісаў — як паедзеш (не калі паедзеш)».

У дарогу Марыля з 2,5-гадовым сынам пачала збірацца ў 1931-м, калі сканчаўся навучальны год. У дарогу яе збірала свякроў — маці Дубоўкі. Марыля прасіла толькі, каб рэчаў няшмат было. Але клапатлівая Дубоўкава маці ўсунула-такі цяжэнныя бляхі для печкі. І, як аказалася, прыдаліся: Марыля навучылася пячы хлеб…

Яны, выпраўляючыся, не расцэньвалі сваю высылку як штосьці доўгатэрміновае. Адкуль было ведаць, што невялікі пачатковы тэрмін расцягнецца на тры дзесяцігоддзі ссыльна-лагернага жыцця. Што пасля Яранска і Чабаксараў будуць Алатыр, Бірабіджан, Бамлаг, Почат…

«Ліставанне Дубоўкі з Марыяй Пятроўнай — вельмі драматычнае, — кажа Ганна Севярынец, укладальніца кнігі «Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго». — Яна нават крыўдавала, што ён піша халаднавата да яе, а Дубоўка апраўдваецца: ты ж ведаеш, нашыя лісты чытаюць. Пэўна ж, Марылі хацелася хаця б праз ліст дачакацца пяшчоты і словаў кахання, але Дубоўка быў не вельмі на іх шчодры — у кожным разе ў параўнанні з іншымі літаратарамі».

У высылках жылі разам, у гады, калі Дубоўка трапляў у лагер, Марыя Пятроўна заставалася адна. Ёй было мала лягчэй: адной гадаваць сына, адной перажыць дзікую трагедыю яго страты. (Кампанія падлеткаў знайшла снарад і паклала яго ў вогнішча. Ад выбуху загінулі ўсе, у тым ліку і Альгерд Дубоўка.) Апроч таго, яна мусіла рупіцца пра перадачы мужу, знаходзіць працу і жытло. Апошняе не было проста: як жонка зняволенага, яна была ўвесь час пад падазрэннем і ў бяспраўным становішчы.

Яна ўспамінала, як даводзілася жыць у стайні, бо не давалі кватэры; як у Чэбаксарах яе хацелі пазбавіць працы статыста ў лясгасе, бо падседжвала жанчына лёгкіх паводзін, якая была замужам за мабілізаваным. Марыя Пятроўна цвёрда адстойвала свае правы і гэтак жа цвёрда гнала ад сябе думку развесціся з мужам. Так рабілі многія ў той час: адрачыся «ворага народа» і прасцей жыць. Зрабіць так раіла Марыі нават маці Уладзіміра. Але гэта было супраць яе жыццёвых правіл.

Марыя была з «панскай» сям’і. Праўда, бацькі яе жылі як сяляне, а ад «панскіх» часоў у іх доме засталося трохі густоўнай мэблі ды арыстакратычны светапогляд з лёгкай пагардай да людзей «практычнага», гэта значыць цынічна-спажывальніцкага складу.

У высылках, дзе б Дубоўкі ні апынаўся, здатны да любой работы Уладзімір асталёўваў іх жытло з максімальным камфортам. У турэмных «універсітэтах» ён стаў добрым цесляром: сам рабіў дзверы, вокны, шафы. Таксама, дзе б ні быў, ён заводзіў гарод. У Почаце, ва ўмовах Краснаярскага краю, Дубоўка вырасціў памідоры ў адкрытым грунце! Тутэйшыя людзі вачам не верылі. А кветкі, якія цвілі ў іх маленькім садзе, улетку адпалохвалі мошку — сапраўдны біч таежных шыротаў. Марыя Пятроўна ў гэтых справах выступала больш натхняльніцай, чым суўдзельнікам. Яна мела натуру рэфлексійна-сузіральную, пазбаўленую прагі «змяняць прыроду пад сябе».

Дубоўкі змаглі вярнуцца ў Беларусь толькі пасля рэабілітацыі ў 1959-м, але жыць у Мінску не было дзе. Таварышы маладосці, якія дасягнулі кар’ерных вышынь пакуль Дубоўка сядзеў у лагерах і высылках, нічым не дапамаглі. Не хапіла на гэта, як казаў стары палкоўнік Тарас Бульба, мышынае іх натуры. Дубовак пасялілі ў нумары гасцініцы «Мінск» з відам на Пішчалаўскі замак, у якім Уладзіміра трымалі ў 1930-м. Яны пражылі так некалькі месяцаў, а пасля паехалі ў Маскву. Там пісьменніцкая арганізацыя выдзеліла кватэрку ў Чаромушках, дзе Дубоўкі і дажывалі. Найбольшым кайфам для Уладзіміра было тое, што яго зноў публікуюць, што можна зноў пісаць. Цэлыя дні сядзіць за сталом, піша і сам сабе дэкламуе напісанае, з гумарам адзначала Марыя.

«Па ўрыўкавых запісах Дубоўкі ў блакнотах 1960-х я ведаю, што яго вельмі раздражняла манера жонкі кантраляваць ягоныя перамяшчэнні: дзе быў, куды хадзіў, з кім бачыўся, — адзначае Ганна Севярынец. — Але я цалкам разумею Марыю Пятроўну: яна перажыла ягоныя арышты, дзіва што турбавалася за яго кожную хвіліну».

Калі 70-гадовы Дубоўка, паваліўшыся ўзімку, зламаў шыйку сцягна і не паправіўся пасля аперацыі, Марыя Пятроўна засталася зусім без родных, моцна хворая. Сям’ёй для яе сталі дочкі Адама Бабарэкі — Алеся і Элеанора. Але яны мелі сваю працу, і кожны дзень бываць у Марыі Пятроўны не ўдавалася. Таму Дубоўка зрабіла практычна: адпісала кватэру суседцы з умовай, што тая будзе глядзець яе да смерці, і чатыры гады парадкавала назбіраныя за жыццё архівы ды пісала ўспаміны. Пра неймаверную сілу духу Марыі Дубоўкі кажа нават іх назва: «Мае санаторыі і курорты».

Уладзімір і Марыя Дубоўкі спачылі на Мікола-Архангельскіх могілках у Маскве.

Ларыса Гарэцкая і суп з грака

«Я чытала шмат ліставанняў мужоў і жанок 1920-х. Самыя кранальныя лісты пісалі адзін аднаму Гаўрыла і Ларыса Гарэцкія», — кажа Ганна Севярынец.

Гэтая пара да старасці не страціла маладога імпэту. Яны перапісваліся ўсё жыццё: у турмах, высылках, на этапах, пазней у геалагічных экспедыцыях. «Дарагая мая Ларутанька, любая мая Зараначка, мілы мой дружа!» — так, пражыўшы ў шлюбе з жонкай чатыры дзесяцігоддзі, акадэмік-геолаг Гаўрыла Гарэцкі называў яе ў лістах.

Яны пазнаёміліся ў Маскве, дзе разам вучыліся ў Пятроўскай сельгасакадэміі. Там было цэлае зямляцтва беларускіх студэнтаў, якіх імпэтны Гаўрыла арганізаваў у Беларускую культурна-навуковую асацыяцыю. Запісалася і Ларыса Парфяновіч з-пад Беластока — малая і нібыта ўвесь час напалоханая дзяўчынка. «Ну і хто возьме замуж такую нязграбную?» — падумаў яшчэ тады Гарэцкі.

Іх зблізіла гора. У 1922 Гаўрылу арыштавалі за «антысавецкую дзейнасць» і збіраліся выслаць з Савецкай Расіі як «беларускага шавініста». Несучы яму перадачу, трапіла пад трамвай сястра Гарэцкага, Ганна. Гаўрыла напісаў ліст да кіраўніцтва ГПУ з просьбай адтэрмінаваць яго высылку на дзесяць дзён — пакуль сястра не ачуняе або не памрэ.

«…Няшчасны для мяне 1922 год. Год, які зрабіў няшчаснай усю нашу сям’ю. Смерць Ганулі. Роспач. …Мы сядзім ля стала. Ты глядзела спужанымі вачыма, поўнымі страху і шчырага спачування. Твая шчырасць, дрыжэнне Тваіх вачэй, Твая чыстата і спачуванне — з’явіліся для мяне сапраўдным бальзамам. Зоркай надзеі заблішчэлі для мяне Твае вочы ў цьме адчаю і безнадзейнасці. Я палюбіў Цябе ў гэты момант», — пісаў Гаўрыла Ларысе пасля ў адным з лістоў.

Брат Гаўрылы і Ганны, пісьменнік Максім Гарэцкі, прысвяціў сястры «Хрэстаматыю беларускае літаратуры. ХІ век — 1905 год»: «Яе дарагому вобразу, як памятку на магілку ў чужыне, гэтую кнігу прысвячаю. Брат».

Шлюбы ў інтэлігенцкім асяродку, як ужо згадвалася вышэй, у тыя гады былі простыя.

«8 ліпеня 1923 года Гурык (так Ларыса стала зваць Гаўрылу, як і яго маці) зайшоў да Лары ў інтэрнат, узяў яе чамаданік, невялікі рукзак і раскладушку (вось і ўвесь дзявочы скарб-пасаг), і пайшлі яны разам на другі канец пасёлка, дзе ён папярэдне зняў невялічкі пакойчык… Па дарозе сустрэўся прафесар Фартунатаў, які, як заўсёды, зняў кепачку ў прывітанні і сардэчна павіншаваў, адразу здагадаўшыся, у чым справа… Вось і ўсё вяселле!» — напіша ў кнізе «Браты Гарэцкія» сын Гаўрылы і Ларысы, Радзім Гарэцкі.

Пераломным у лёсе сям’і, як і для большасці беларускай эліты, стаў 1930 год. Калі для знішчэння творчай інтэлігенцыі «органы» сфабрыкавалі справу «Саюза вызвалення Беларусі», дык для тэхнічнай была прыдуманая «Працоўная сялянская партыя». Максіма Гарэцкага арыштавалі ў Мінску, Гаўрылу не заспелі дома: ён быў у Сочы. Даведаўшыся пра арышт швагра Максіма, Ларыса ў шоку пайшла ў Акадэмію навук.

«Яна і сама не зразумела, чаму сюды прыйшла, каго тут хацела ўбачыць. …Машынальна адчыніла адны дзверы, другія і пайшла ўжо да выхада, але вырашыла зазірнуць яшчэ ў адзін пакой, а там за вялікім сталом сядзіць Якуб Колас і нешта піша. Ён ёй ні слова, і Лара маўчыць. Паківалі галовамі, сумна паглядзелі адно на аднаго — і ўсё».

Штодня яна хадзіла сустракаць цягнік з Сочы, здагадваючыся, што яе Гурыка прывязуць на ім. І не памылілася. Калі вывелі з вагона пад канвоем, кінулася да яго з дзецьмі. Але канвой штыкамі адцясніў іх.

Як толькі Гарэцкага асудзілі, Лару звольнілі з працы і нікуды не бралі. Большасць знаёмых прадказальна адвярнулася. У цяжкай сітуацыі безграшоўя і адзіноты яе не пакінулі сем’і Купалы і Коласа. Яны трымаліся разам з Леанілай Гарэцкай — жонкай Максіма.

Працу Ларыса знайшла на батанічнай селекцыйнай станцыі аж пад Гомелем. Раз, прыехаўшы ў Менск, пачула ад Леанілы-Лёлі, што яе Гурыка адправілі этапам у Оршу, каб адтуль везці ў лагер. Грошай на дарогу Лары пазычыў Янка Купала. Прыехала яна ноччу, прыйшла да турмы і, чакаючы, напісала мужу доўгі бадзёры ліст. Раніцай канваіры злітаваліся і далі спатканне. Яны прагаварылі паўгадзіны. Тое самае — назаўтра. А пасля Гаўрылу адправілі этапам у Кемь, на бераг Белага мора. Там яму ўдалося ўладкавацца на геалагічную базу… З эканаміста Гарэцкі зрабіўся геолагам — і быў ім ужо да канца жыцця. Ён спадзяваўся, здабыўшы веды, вярнуцца некалі ў Беларусь і адкрыць прыродныя багацці на Радзіме, змяніўшы гэтым яе гаспадарку.

Лара з дзецьмі прыязджала да яго, але доўга затрымлівацца не магла: дый Гаўрыла ўвесь час быў на працы, у экспедыцыях.

Максіма ж Гарэцкага скіравалі ў Вятку, дзе ён працаваў спачатку землякопам, пасля чарцёжнікам і тэхнікам. Гарэцкі і ў высылцы не кідаў пісаць: сканчаў «Камароўскую хроніку», «Віленскіх камунараў». У 1932-м да яго пераехала Леаніла з дзецьмі Галяй і Лёнем. Жылі ўчатырох у прахадным пакойчыку на 9 метраў, цяжка было з харчаваннем — аднойчы нават варылі суп з грака. Так было да 1935-га, калі скончыўся тэрмін высылкі Максіма. Ён атрымаў пашпарт і мог шукаць месца дзесьці бліжэй да радзімы.

Гаўрылу вызвалілі ў 1934-м, датэрмінова. Сям’я пасялілася ў пасёлку Кола пад Мурманскам, у былой канюшні. Займалі два стойлы, пераробленыя ў пакойчыкі: «У адным начавалі маці і бацька Ларысы і малодшы сын, у другім — Лара, Гаўрыла і старэйшы сын».

Пасля Гаўрыла працаваў у Рыбінску, але ў 1937-м яго звольнілі, бо прыйшла разнарадка выгнаць з працы ўсіх раней асуджаных па палітычных артыкулах. Гаўрыла з сям’ёй вярнуўся на Беламорска-Балтыйскі канал, у аддзел геалагічнай разведкі. Там яго і арыштавалі.

«Гурык пайшоў з дому. Цяжка і страшна», — так напісала Ларыса ў пісьме Леаніле. Наўпрост пра арышты і пасадкі ў той час у лістах не пісалі: пісалі «захварэў», «сышоў», «з’ехаў у той самы дом адпачынку, што і мінулы раз»…

Паўторна ўзялі і Максіма. Гэтым разам — назаўсёды. У 1938-м яго расстралялі дзесьці ў Смаленскай вобласці, у Вязьме.

Гаўрылу выратавала тое, што справу скіравалі на разгляд у Маскву, і ён не трапіў у лік дзевяці тысяч зняволеных, расстраляных увосень 1937-га пад Мядзвежай Гарой ва ўрочышчы Сандармох. Мянялася і начальства ў НКВД, у сувязі з гэтым некаторых зняволеных у снежні 1937-га адпусцілі — у тым ліку Гаўрылу Гарэцкага. Каб праз пару месяцаў пасадзіць зноў. Гурык і Лара якраз ішлі з кіно, калі пабачылі, што ля дома іх падпільноўвае «чорны воран».

Турма была на другім беразе ракі, за паўтара кіламетра ад іх жытла. І Лара пасылала сыноў пільнаваць, ці павядуць кудысьці вязняў і ці будзе сярод іх бацька. Хлапчукі ставіліся да задання надзвычай адказна. А Гаўрылу тым часам вінавацілі ў шпіянажы на карысць нямецкай і польскай разведак, білі і мучылі на допытах. Выстаяць яму дапамагала пачуццё:

«Вітаю Цябе з нашым радасным днём, з пятнаццацігоддзем нашага сумеснага шчасця; шчасця, якое не праходзіць, а ўсё паглыбляецца і павялічваецца. […] Сёння Ты для мяне — само сонца, само шчасце, уся радасць, летуценне, імклівасць. Ты ўвесь час стаіш перад маімі вачыма такая сонечная, сонечная, такая светлая, светлая, — такая, якой Ты была некалі на спатканні ў Оршы, якой я Цябе сустрэў надоечы, ідучы з лазні.

Ты стаіш светлая, дрыжучая, маладая, прыгожая, прывабная, як кветка з расою перад усходам сонца. Ты ўся прамень, агністасць. Якое шчасце, што я Цябе маю. З Тваім дарагім вобразам прайду я дзясяткі год самых суровых іспытаў і застануся назаўсёды свежым, нязломным, вартым Цябе. У хвіліны самай вялікай роспачы, самых цяжкіх перажыванняў мне досыць зірнуць на Тваю сонечную постаць, што нашу я ў сваім сэрцы, каб адразу аднавіцца, страпянуцца, стаць сталёвым, маладым і трывалым. Ты ўсё для мяне — Ты мая мама, мая сястра, мой брат. […]

З Тваім вобразам у сэрцы, у думках я заўсёды шчаслівы. Я крамяністы, зямлісты, сталёвы, я радасны ёсць і буду, незалежна ад самых жудасных умоў. Турэмная камера для мяне не існуе, калі я з Табою ў сваёй істоце. Ты — мой Бог, мой свет, усё жыццё. Вось і зараз — я адчуваю сябе такім шчаслівым, такім радасным, бо Ты са мною. Ты — мой шыльд, мая браня, мой талісман да самой смерці».

Такі ліст Гаўрыла даслаў Ларысе з турмы на танюткіх паперках для самакрутак.

Пазней, даведзены следчымі да адчаю, ён прасіў Ларысу перадаць яму лязо, каб скончыць жыццё самагубствам. І Ларыса ўшыла яго ў каўнер кашулі, якую аднесла ў турму. Што адчувала ў той момант — цяжка выказаць. Але Гарэцкаму ўсё ж хапіла мужнасці не пусціць лязо ў ход. Справу яго чарговы раз пераглядалі ў Маскве: з яе выходзіла, што Гаўрыла не толькі сам быў шпіёнам, але і завербаваў кіраўнікоў БССР Чарвякова з Галадзедам, прычым тых на момант вярбоўкі ўжо не было ў жывых… У Маскве плюнулі і выпусцілі Гарэцкага.

Працу ён знайшоў з цяжкасцю. «Шпіёнаў не бярэм» — прыкладна так адказалі ў трыццаці месцах, куды ён падаў заяўкі. Удалося ўладкавацца на будаўніцтва Салікамскага гідравузла ў Пермскай вобласці. Сям’я выправілася следам.

Наперадзе было яшчэ дваццаць год пераездаў, экспедыцый, растанняў, у якіх ратавалі поўныя пяшчоты шчырыя лісты. Толькі ў 1958-м з Гарэцкага знялі ўсе абвінавачанні, яшчэ праз дзесяць гадоў ён урэшце змог вярнуцца ў Беларусь.

З Ларысай яны дажылі да дзявятага дзясятку, клапатліва аберагаючы адно аднаго. Нечаканы хэпі-энд ва ўмовах, у якіх яго проста не магло быць.

Дзекабрысткі ХІХ стагоддзя, лічыць Дзмітрый Быкаў, адзін з найлепшых сучасных папулярызатараў рускай літаратуры, з’язджаючы ў Сібір за мужамі, кіраваліся больш антычным ідэалам, на якім былі выхаваныя, чым жывым пачуццём. Дый адкуль было брацца пачуццю: многіх проста прасваталі ды выдалі за «мужоў ваенных». І ў Сібіры пачаліся сямейныя трагедыі ды адзюльтэры. Беларускія ж дзекабрысткі 1920-х калі ўжо ішлі за мужамі, дык ішлі да канца. Іх мужнасць вартая і паэм, і помнікаў.

Выкрыстаныя фота: Arche, «Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго», «Браты Гарэцкія».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?