Фіеста на перыферыі. Якія кліпы здымалі беларускія поп-выканаўцы ў 2000-я — шмат ВІДЭА 11

Аўтар: Піліп Каваленка

У ліпені 2003 года беларускія радыёстанцыі пачалі жыць па новых правілах: былі ўведзеныя квоты на беларускую музыку ў эфіры. Спачатку гэта былі 50%, а са студзеня 2005 года тры чвэрці песень у ратацыі станцый мусілі быць беларускай вытворчасці.

Штучныя меры наўрад ці маглі паспрыяць стварэнню якаснага шоу-бізнэсу і з'яўленню попыту на сваю музыку ў масавага слухача, тым больш менавіта ў гэты час піку дасягнулі карныя меры ў дачыненні музыкаў, што выступалі на мітынгах апазіцыі.

Аднак новая музычная рэчаіснасць нарадзіла шмат рознай музыкі, якая стала саўндтрэкам Беларусі нулявых і цяпер нават выклікае нешта кшталту настальгіі. 

«Наша Ніва» сабрала 25 беларускіх кліпаў, створаных у той час.

Алеся — Птицы мои птицы

Кліп быў зняты ў далёкім 2003 годзе, яшчэ праз 6 год быў загружаны на ютуб і на сёння мае амаль 300 тысяч праглядаў.

Мяркуючы па мноству каментароў кшталту «я гэтую песню спяваў у дзіцячым садку» або «загадалі брату вывучыць у школе гэту песню, зайшла паглядзець кліп, а там проста жэсць» можна толькі здагадвацца, колькі дзяцей на ўсёй рускамоўнай прасторы пацярпела ад птушак Алесі.

Стокс — Между Минском и Римом

Аднымі з прадстаўнікоў «фарматнай» рок-музыкі, якая добра клалася ў ратацыю радыёстанцый, сталі навапалачане з гурта «Стокс».

У 2003 годзе выйшаў іх альбом «Между Минском и Римом», галоўная песня якога круцілася на радыё і па тэлебачанні нават пасля пераезду «Стокс» у Маскву.

Гурт, дарэчы, дагэтуль жывы і нават запісвае трэкі па-беларуску.

Аляксандра Гайдук — Самое сладкое место на теле

Сама спявачка называе гэту песню музычным сцёбам. Але па кліпе складана зрабіць такія высновы.

Цяпер Аляксандра займаецца кінематаграфічнай кар'ерай — здымаецца ў беларускіх і расійскіх фільмах і серыялах.

Краски — Старший брат / Старший брат - 2

Немагчыма было не згадаць легендарныя «Краскі», хоць пік іх папулярнасці прайшоў яшчэ да ўвядзення квот на айчынную музыку.

У гурта ёсць дзве песні, кліпы на якія аб'яднаныя сюжэтнай лініяй — спачатку брат лірычнай гераіні становіцца дарослым і больш не слухае «Краскі», а потым жэніцца.

Іна Афанасьева — «Буду с тобой»

Згодна з інфармацыяй Вікіпедыі, рэпертуар заслужанай артысткі Беларусі складаецца з дзвюх соцень песень. Але кліпаў на іх знята вельмі мала.

Відэа з сярэдзіны нулявых выклікае шмат пытанняў: якую ролю грае спявачка, як яна звязаная з героем роліка, і навошта ён без штаноў трэба Іне Афанасьевай?!

Кірыл Слука — Трамвай

На пачатку нулявых Кірыл Слука быў хіба ці не зоркай №1 на беларускай эстрадзе. Ён вёў перадачы на БТ, канцэрты «Славянскага базара», а таксама займаўся музычнай кар'ерай.

Амаль усім вядомыя радкі песні пра Беларусію, але хацелася б адзначыць лірычны кліп на песню «Трамвай», зняты ў 2004 годзе яўна не без дапамогі кінематаграфістаў.

Праз некаторы час Слука знік з беларускага шоўбізу і пераехаў у Маскву, дзе таксама займаецца творчасцю, але ўжо не так актыўна.

Паліна Смолава — Дождь

Хоць кліп выглядае сёння даволі пацешна, можна паспрабаваць адсачыць глыбокую філасофію — па жыцці нам сустракаюцца розныя клоўны і змеі. Такі вось беларускі даасізм на тры хвіліны.

Merry Poppins — Любовь

Сёстры Берулава ў раннія нулявыя гралі ў гурце «Мантана». Пасля, расчараваўшыся ў шоўбізе, яны з'ехалі працаваць у Японію, адкуль прывезлі модны музычны напрамак сінці-поп.

Можна ўпэўнена казаць, што Merry Poppins — гэта адзін з найбольш паспяховых беларускіх музычных праектаў. Дзяўчаты запісвалі саўндтрэкі да расійскіх серыялаў, удзельнічалі ў тэлевізійных рэаліці-шоу і здымаліся для мужчынскіх часопісаў.

І па сёння іх песні гучаць даволі сучасна.

Merry Poppins — Картинки

Як доказ гэтаму — яшчэ адзін кліп, які быў зняты вядомым рэжысёрам Мацвеем Сабуравым. 

Песня цягам шасці тыдняў узначальвала чарт «Срэбранага грамафона» на АНТ (памятаеце такую перадачу?).

Жанэт — Я тебя не люблю

Песня пра пакуты дзяўчыны праз неўзаемнае каханне.

У самой Жанэт з каханнем усё ок — у 2010 годзе яна выйшла замуж за асілка Паўла Сароку і нарадзіла дзвюх дачок.

Цягні-Штурхай — Наши звучат имена

Цягні-Штурхай — гэта такі гурт пацаноў з суседняга двара, якія прапагандуюць усё добрае і настальгуюць па старых часах.

Складана прыгадаць яшчэ адзін гурт на беларускай эстрадзе, які б быў падобным да іх і не скатваўся ў радыёроксаўскі шансон.

J:Морс — Не умирай

Кліп на адзін з галоўных хітоў гурта быў зняты ў 2006 годзе. У ім Пугач і кампанія нагадваюць фінскіх металістаў, ды і храмакейны пейзаж складаецца не з айчынных краявідаў.

Вольга Барабаншчыкава — Не поверю

Пасля спартовай кар'еры Барабаншчыкава распачала музычную. Яўген Чалышаў напісаў для экс-тэнісісткі некалькі песень, адна з якіх, «Не поверю», стала паспяховай.

У 2006 годзе быў зняты кліп на гэту песню. Простая, нават крыху банальная, гісторыя кахання француза і беларускай спявачкі, якая памылкова сядае да яго ў машыну. Звярніце ўвагу на аўтобусы МАЗ на фоне і аэрапорт Мінск-1 — шчыра ж знята.

Чытайце таксама:

Вольга Барабаншчыкава расказала пра мужа, які жыве ў іншай краіне, бізнэс і сабак. І пра тое, як першы раз стаць мамай у 39 гадоў.

Наталля Тамела — Твои глаза

Мы не змаглі знайсці дакладны год выхаду гэтага кліпа, але атрыбуты эпохі ў выглядзе відэамагнітафона і радыётэлефона выдаюць першую палову нулявых.

Наталля Тамела і сёння актыўна займаецца музычнай кар'ерай: спявае ў аркестры Міхаіла Фінберга і вучыць вакалу дзяцей. Таксама мае званне заслужанай артысткі Беларусі.

Галіна Шышкова — Три жизни

Ёсць падставы меркаваць, што кліпы гурту J:Морс і Галіне Шышковай здымаў адзін і той жа рэжысёр: храмакей, незразумелыя пейзажы і гатэса ў якасці аднаго з вобразаў.

Алена Грышанава — Любовь не убивают

На беларускай эстрадзе заўсёды было шмат эфектных дзяўчат. Алена Грышанава была адной з іх.

У каментарах да гэтага кліпа можна прачытаць пра тое, што формы спявачкі замінаюць прагляду кліпа. Але, відаць, гэта толькі ў плюс, бо з сюжэтам у яго ёсць некаторыя праблемы.

Аляксандр Саладуха — Виноград

Вось падаспела і цяжкая артылерыя. Кліп на адзін з хітоў караля беларускай эстрады, яшчэ без беласнежнай усмешкі.

Аляксандр Саладуха, нібы добрае віно, з гадамі становіцца толькі лепшым — у гэтым годзе ён адзначыў 60-гадовы юбілей і збіраецца сабраць стадыён «Дынама».

Ларыса Грыбалёва — Что-нибудь

У дзевяностыя і нулявыя Ларыса Грыбалёва спявала ў аркестры Фінберга, была вядучай на тэлебачанні і займалася сольнай кар'ерай. 

Сёння Грыбалёва займаецца бізнэсам — арганізацыяй святочных мерапрыемстваў.

Да Вінчы — Bum-Bum

Як неяк жартавалі на ТБ, беларусы лічаць, што Да Вінчы спяваюць па-італьянску, італьянцы — што па-беларуску.

Як бы там ні было, гэта кліп мае цікавы і зразумелы сюжэт у адрозненне ад таго, што мы бачылі раней.

Ганна Шаркунова — Последний лист

У гэтым безумоўна прыгожым і якасным кліпе можна пабачыць нават продакт-плэйсмент: выразна ў кадры з'яўляюцца назвы рэстарана і страхавой агенцыі. Даволі прагрэсіўна для нулявых.

J:Морс — Адлегласць

Нулявыя нараджалі мноства поп-выканаўцаў, але толькі адзінкі з іх спявалі па-беларуску. На жаль, песня «Адлегласць» — адзіны беларускамоўны кліп ў нашай падборцы.

У ім канцэртныя запісы перамяжоўваюцца кадрамі беларускіх славутасцяў, знятых у модным стылі таймлапс.

Венера — Big Thing

Наталля Кудрына была салісткай вядомага ў дзевяностыя дуэта «Дзі-Бронкс & Наталі». У нулявыя спявачка распачала сольную кар'еру пад псеўданімам Венера і вылучалася на эстрадзе ў першую чаргу дзякуючы эфектнай знешнасці.

Ілля Міцько feat LOVE&DOORS — Get Down My Baby

Пасля таго, як сышла папулярнасць Лепрыконсаў, Ілля Міцько шукаў новыя музычныя фарматы.

Адным з іх стала спроба запісаць саркастычны трэк у стылі поп пра тое, як дзяўчыны пытаюцца скарыць цэлы свет.

Сёння Міцько вярнуўся да вытокаў і выконвае старыя песні легендарных Лепрыконсаў.

Чук і Гек feat. Nikita — Фіеста!

Беларусы ў 2006-2007 жылі так хораша, што любы мог сабе дазволіць мэрсэдэс і мог зладзіць фіесту тады, калі яму захочацца.

Спробы касплэіць амерыканскіх рэпераў у нашых рэаліях сёння выглядаюць вельмі смешна.

Топлес — Периферия

А цяпер паглядзіце на адваротны бок медаля — без тачак і фіест. Суворае і неўдзячнае жыццё прыгажунь, якія вырваліся з перыферыі і вышэйшы свет.

Сапраўдны топ нашага імправізаванага чарта!

БОНУС. Крамбамбуля — Госці

Сёння амаль немагчыма сабе ўявіць, але калісьці па БТ паказвалі «Рок-Каранацыю», а кліпы «Крамбамбулі» рвалі хіт-парады дзяржтэлеканалаў. Абсалютны хіт на ўсе часы!

Складана сказаць, ці далі плён квоты на беларускую музыку і чым яна жыве сёння. Радыё і тэлебачанне як інструменты прасоўвання ужо не даюць эфекту. Новыя беларускія поп-зоркі кшталту Леры Яскевіч і Цімы Беларускіх выраслі з інтэрнэту. Іх слухаюць тыя, хто не глядзіць тэлевізар, у той час як на самым версе ставяцца задачы прыдумаць сваё шоу «Голас» і так нарадзіць новых зорак. Ці атрымаецца, пакажа час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?