Як заўсёды, на пачатку месяца мы падбіраем дзясятку найбольш значных, на наш погляд, музычных навінак. Адметна, што сярод гучных імёнаў і легендарных камбэкаў знайшлося месца і беларускаму рэлізу, што не можа не радаваць.
Vampire Weekend — Father Of The Bride
Першы за шэсць год альбом амерыканскага індзі-гурта. Яго мала ведаюць у нас, а ў калекцыі Vampire Weekend ёсць нават статуэтка Грэмі за найлепшы альтэрнатыўны альбом.
За гэты доўгі час шмат чаго змянілася: у музыкаў нарадзіліся дзеці, склад каманды змяніўся, але яны ўсё яшчэ хочуць граць у той самы індзі з афрыканскімі матывамі.
Bad Religion — Age Of Unreason
Сямнаццатая плытка легендарных панкаў з 40-гадовай гісторыяй. Вядомыя сваімі вострасацыяльнымі тэкстамі, Bad Religion не маглі абмінуць увагай змены, якія адбываюцца ў амерыканскім грамадстве і палітыцы.
«Гурт заўсёды выступаў за каштоўнасці асветы. Сёння гэтыя каштоўнасці ісціны, свабоды, роўнасці, памяркоўнасці і навукі знаходзяцца ў рэальнай небяспецы. Гэты запіс — наш адказ», — кажа пра новы альбом гітарыст гурта Брэт Гурэвіч.
Rhye — Spirit
Rhye — гэта музычны праект, у які ўваходзілі канадскі спявак Майк Мілаш ды дацкі інструменталіст Робін Хэнібал. У 2017 годзе датчанін пакінуў калектыў, і далейшы шлях калектыву стаў вызначаць Майк Мілаш.
Як трапна ахарактарызавалі рэліз на Pitchfork, граючы на дзіцячым піяніна, Мілаш адлюстроўвае пачуццё рытуальнай цішыні; гэта не нязграбна, а вельмі інтымна.
Injury Reserve — Injury Reserve
Injury Reserve — гэта музычнае трыа з Арызоны, якое складаецца з аднаго прадзюсара і двух эмсі.
Для іх музыкі складана прывязаць тэрмін «хіп-хоп», нехта называе такую музыку джаз-рэпам за нежаданне трапляць у рамкі жанра і пастаянныя эксперыменты.
The National — I Am Easy To Find
I Am Easy to Find — гэта адначасова музычны альбом і кароткаметражны фільм. А ўсе разам — адзін з самых прыгожых арт-твораў апошніх гадоў.
Ён нарадзіўся амаль выпадкова. Пасля тура ў падтрымку свайго перадапошняга рэлізу Sleep Well Beast гурт хацеў зрабіць паўзу, але атрымаў ліст ад рэжысёра Майка Мілса. Ён прызнаўся ў сваёй даўняй любові да гурта і прапанаваў супрацоўніцтва.
Так з'явілася ідэя стварыць кліп, але абмяжоўвацца пяціхвілінным відэа Мілсу не хацелася. The National на энтузіязме даслалі рэжысёру ўсе свае бягучыя напрацоўкі, дзе матэрыялу хапіла б на цэлы фільм — у выніку фільм і атрымаўся.
Пазней да праекта падключылася Алісія Вікандэр — аскараносная актрыса таксама аказалася фанаткай і рэжысёра, і гурта. 26-хвілінны ролік мала чым паходзіць на фільмы іншых артыстаў. I Am Easy to Find — гэта спроба візуалізаваць непасрэдна музыку.
Накіды новай музыкі натхнілі Мілса на стварэнне фільма, а сама кароткаметражка дапамагла The National сабраць I Am Easy to Find як альбом. Частку тэкстаў да песень музыкі падчапілі са сцэнарыя рэжысёра, іншую — натхніўшыся сцэнамі самой стужкі.
The Heavy — Sons
Музыку брытанцаў можна знайсці ў дзясятках фільмаў і серыялаў, а таксама ў камп'ютарных гульнях. Таму нават калі вы ніколі не чулі пра існаванне The Heavy, то з вялікай імавернасцю чулі іх песні.
Rammstein — Rammstein
Чытайце таксама: У сеціве з'явіўся новы доўгачаканы альбом Rammstein. Яго запісвалі ў Мінску
Тут няма чаго доўга распісываць: легендарныя немцы вярнуліся. І вярнуліся трыумфальна. Да афіцыйнага рэлізу альбома ў сеціве з'явіліся два правакацыйныя кліпы, якія толькі падагрэлі інтарэс да плыткі.
Як заўсёды, меркаванні аматараў Rammstein падзяліліся, але гэта можа значыць толькі адно: абыякавых няма.
Tyler, The Creator — IGOR
Сваім шостым альбомам IGOR Тайлер штурхае наперад не толькі сябе, але і вобраз таго, якім павінен быць хіп-хоп альбом у 2019 годзе.
Фірмовыя грубыя біты, пранізлівыя тэксты і агульнае пачуццё гневу і агрэсіі, якія сілкавалі яго папярэднія альбомы, на новым змяняюцца павольным тэмпам і захапляльнымі соўл-прыпевамі.
Новы альбом — гэта дэманстрацыя сталасці, у недахопе якой часта папракалі яго мінулыя альбомы. Час ад часу ён гучыць як альбом аб расставанні. Але ўлічваючы шызафрэнічныя здольнасці Тайлера гаварыць з сабой і пра сябе — ці не расстаецца ён тут са сваім жа мінулым?
Groove Dealers — Motherfunk
Другі альбом мінскага фанк-гурта.
Як прызнаюцца музыкі, гэты рэліз атрымаў такую назву з-за таго, што ў яго ўвайшлі песні крыху агрэсіўнага характару, замяшаныя на фанку, року і электроннай музыцы. Атрымаўся меланхалічны, цёмны і цяжкі фанк.
«Некаторыя трэкі адлюстроўваюць нашыя не самыя лепшыя часы, калі грошай няма наогул ні на што, ды і вакол не самыя вясёлкавыя карціны. Але мы па-ранейшаму ўсе фізічныя і духоўныя рэсурсы, якія ў нас ёсць, укладваем у музыку, дзелімся эмоцыямі і сілай, каб пераадолець усе смуты. Абяцаем: у якой бы дупе мы ні былі, мы ўсё роўна знойдзем сілы выйсці наперад і сказаць: «Гэй, а зацані маю фанкілу!»
Калі вам цікава паслухаць яшчэ штосьці новенькага з беларускай музыкі, ТУТ можна паслухаць дэбютны EP «Сорам» ад дуэта «luty sakavik».
Чатыры песні без сумных і ненавісных электрычных гітар — проста такт, бас і сінтэзатары. Сённяшняя інтэрпрэтацыя сінт-попу, пост-панку і мінімал-уэйву. Новыя і нечаканыя ролі Эрыка Арлова-Шымкуса і Уладзіміра Лянкевіча, якія раней гралі ў іншых гуртах.
Denzel Curry — ZUU
«Я проста хацеў запісаць альбом, у якім людзі ўбачылі б сябе», — тлумачыць рэпер.
Аўтар аднаго з найлепшых хіп-хоп альбомаў мінулага года TA1300 не губляе часу і на хайпе выпускае новы. Калі леташні быў моцна канцэптуальным, то з гэтым прасцей — гэта хроніка роднага горада Карал-Сіці, які мясцовыя клічуць «заапаркам» (Zuu).
А што вы слухалі ў маі? Пішыце ў каментарах!
Нашы папярэднія агляды:





