Традыцыйна разглядаем музычныя навінкі папярэдняга месяца. Давайце бліжэй пазнаёмімся з тым, чым парадаваў нашы вушы першы летні месяц.
Avicii — Tim
Пасмяротны альбом шведскага дыджэя Авічы. 20 красавіка 2018 года Цім Берглінг здзейсніў суіцыд у Амане, але да канца жыцця працаваў над новым музычным матэрыялам.
Праз год пасля смерці Авічы быў выдадзены альбом, усе сродкі ад продажу якога будуць пералічаныя ў фонд Берглінга, які дапамагае прадухіляць псіхічныя захворванні і самагубствы.
Антоха MC — Про меня
Творчасць 29-гадовага Антона Кузняцова вельмі складана з чымсьці пераблытаць. Гэта музыка і песні пра любоў да жыцця і ўсяго, што атачае.
Нават пра ката Васіля, якому знайшлося месца не толькі ў песнях, але і на вокладцы.
Dee Tree — All is 111
Сёлета ўжо выйшла досыць шмат музычных рэлізаў айчыннай вытворчасці, і класна, калі з месяца ў месяц з'яўляюцца новыя цікавыя рэлізы, якія радуюць сваёй музычнай разнастайнасцю.
У чэрвені пабачыла свет дэбютная плытка калектыву Dee Tree — гэта вельмі прыгожы соўл, над якім працавалі адны з найлепшых музыкаў Беларусі. Проста mustlisten!
X Ambassadors — ORION
Другі альбом амерыканскага гурта, выхад якога год таму быў адменены праз тое, што ён не цалкам адлюстроўваў этап, у якім знаходзіўся гурт.
Але прайшоў час — і свежы альбом музыкі называюць «новым пакаленнем сваёй сям'і».
Madonna — Madame X
Легендарная амерыканская спявачка выпусціла свой 14-ы студыйны альбом Madame X.
«Я вырашыла назваць сваю плытку «Мадам Экс». Мадам Экс — сакрэтны агент, які падарожнічае па свеце, мяняе асобы, змагаецца за свабоду і прыносіць святло ў цемру. Мадам Экс — танцорка, прафесар, кіраўнік дзяржавы, хатняя гаспадыня, наезніца, зняволеная, студэнтка, маці, дзіця, настаўніца, манашка, спявачка, святая, лярва і шпіёнка», — абвяшчае анонс альбома.
The Raconteurs — Help Us Stranger
Першы за 11 год альбом гурта Джэка Уайта. Пакуль The Raconteurs маўчалі, той паспеў запісаць тры сольнікі, але надышоў, відаць, час вярнуцца да вытокаў.
Надзвычай лямпавы гук а-ля 60—70-я, дзе можна пачуць усе нюансы адроджанага альдскульнага бэкграўнду.
Two Doors Cinema Club — False Alarm
Тэматычная тэндэнцыя ў матэрыяле Two Door Cinema Club, чые першыя хіты дагэтуль можна пачуць на дыскатэках, змянілася ў бок самаіроніі і надання гучанню больш безразважнай формы эксперыментаў.
False Alarm атрымаўся падкрэслена яркім, уключыў у сябе элементы футурыстычнага электра-попу і класічных рашэнняў у фармаце індзі-альтэрнатывы.
Cassius — Dreems
Пяты альбом французскага электроннага дуэта выйшаў праз два дні пасля трагічнай гібелі аднаго з яго ўдзельнікаў — Філіпа Здара.
Пасля рэлізу стала вядома, што гэта апошняя праца музычнага калектыву.
Thom Yorke — ANIMA
Трэці студыйны сольны альбом Тома Ёрка. Назва ANIMA ўзята з аналітычнай псіхалогіі Карла Юнга і азначае «сапраўднае ўнутранае «я».
Разам з альбомам выйшла кароткаметражка Пола Томаса Андэрсана з аднайменнай назвай.
The Black Keys — Let's Rock
Выйшаў новы альбом амерыканскага дуэта The Black Keys пасля пяцігадовага перапынку.
Назву плытцы дала гісторыя першага за 11 гадоў пакарання смерцю злачынца ў штаце Тэнэсі, якая адбылася падчас запісу альбома. Апошнімі словамі пакаранага былі «Let's Rock».
Нашы папярэднія агляды:





