Ганна Кішкурна.

Ганна Кішкурна.

«У Карэі на цябе, светлавалосую бландзінку, ніхто не звяртае ўвагі, як, напрыклад, у Кітаі. Каб быць прыгожай па-карэйску, трэба шмат сіл, грошай і часу», — уводзіць у тэму Ганна Кішкурна. Уся праўда пра карэйцаў — у расповедзе беларускі.

Макіяж

Макіяж у карэянак не яркі. Вусны, напрыклад, яны фарбуюць толькі часткова, наносяць яркую памаду быццам знутры, на самую сярэдзіну вуснаў. Вельмі папулярныя румяны: карэянкі робяць шчокі ярка-ружовымі, што моцна кідаецца ў вочы. А вось вочы фарбуюць светлымі ружовымі ценямі. Могуць падкрэсліць іх накладнымі вейкамі. Дарэчы, нарасціць вейкі ў Карэі каштуе каля 40 даляраў (у Мінску сярэдняя цана — 25 даляраў, ці каля 50 рублёў), таму гэтая паслуга не карыстаецца асаблівай папулярнасцю. І, як мне здаецца, карэянкі не карыстаюцца тушшу.

Прычоскі ў жанчын амаль аднолькавыя — прамыя доўгія валасы з кароткай грыўкай. Прычым модна, калі грыўка закручаная. Таму многія карэянкі па вуліцах ходзяць з бігудзямі на чубе. Цырульняў у Карэі вельмі шмат, у адным доме іх можа быць некалькі.

Догляд скуры

Карэйскія маскі.

Карэйскія маскі.

Амаль усе крэмы, якія прадаюцца ў Карэі, зробленыя з акцэнтам на адбельванне. Карэйцы хочуць мець ідэальную светлую скуру. Загар там не модны, жаўцізна скуры таксама. Што датычыцца колькасці крамаў, у якіх прадаюць касметыку, то іх сапраўды безліч.

Цікава, што тут можна знайсці сродкі па доглядзе абсалютна любой часткі цела: ад кончыкаў валасоў — да патчаў пад прышчык на левай шчацэ. Прычым, калі ты купляеш адзін крэм ці шампунь, табе ў падарунак дадуць цэлы пакет розных пробнікаў.

Праўда, Ганна Кішкурна кажа, што на сабе цудадзейнага эфекту карэйскай касметыкі не заўважыла. «Ні ад крэмаў, ні ад шампуняў ваў-эфекту не было. Я думаю, што тут трэба разумець, што карэйская касметыка наогул можа не падыходзіць пад тып нашых валасоў і скуры», — кажа яна.

Ганна — натуральная бландзінка з мяккімі валасамі, таму і шампуні ў Беларусі абірае адмысловыя. У Карэі ж дзяўчына купляла тыя, у якіх спадабалася ўпакоўка. «Я не скажу, што яны дрэнныя, але з маіх доўгіх валасоў вымываліся з цяжкасцю.

А крэмы? Ну тое самае. Не магу сказаць, што ад выкарыстання іх прачыналася на раніцу маладзейшай на 10 гадоў», — кажа яна.

Ганна кажа, што карэйскай касметыцы, якой яна карысталася, беларуская мала ў чым саступае. Натуральна, наша больш даступная і бяспечная ў тым сэнсе, што ў Беларусі сама сістэма кантролю больш складаная. Склад сродкаў доўга вывяраецца і пасля не мяняецца, яго лёгка расчытаць — гэта не іерогліфы. У Карэі ж дзейнічаюць прасцейшыя механізмы вырабу касметыкі, склад сродкаў вытворца пры жаданні можа ад партыі да партыі змяняць.

Цікава, што беларускія брэнды ўжо пачалі выкарыстоўваць карэйскія «рэцэпты прыгажосці» і ствараць на базе іх альтэрнатыўныя. Напрыклад, ёсць падобныя да карэйскіх сродкаў серыі крэмаў ад Беліты-М. Некалькі гадоў таму выйшла ўвільгатная серыя ў пяшчотна-ружовай упакоўцы з муцынам слімака.

Проста цяпер з'явілася серыя сродкаў па доглядзе твару EGCG Korean Green Tea Catechin. У крамах яе лёгка ідэнтыфікаваць па натуральным зялёным колеры, што нагадвае чайнае лісце. Створаная яна на аснове японскай гарбаты matcha і канцэнтраванай сілы чатырох кампанентаў карэйскай зялёнай гарбаты.

«Адзінае, што мне спадабалася ў Карэі, — гэта безліч масак для твараў на нятканай аснове. Вельмі зручна імі карыстацца, вельмі прыемныя адчуванні. Але, зноў-такі, у беларускіх крамах з'яўляюцца і нашы падобныя маскі, таму не бачу сэнсу ганяцца за карэйскімі», — распавядае Ганна.

Цэны на касметыку ў Карэі вельмі адрозніваюцца.

«Маску для твару можна купіць і за 1 долар, і за 50. Вельмі дарагімі сродкамі я не карысталася, можа таму не адчула ўсе асаблівасці карэйскай касметыкі», — не выключае Ганна.

Пластычная хірургія

Карэйцы вар’яцеюць ад пластычнай хірургіі. Тут модна перарабляць сабе ўсё: вусны, скулы, падбароддзе, разрэз вачэй. Мода на напампаваныя вусны датычыцца і мужчын. Так, у Карэі мужчына, які не аднойчы трапляў у рукі да пластычных хірургаў, — гэта не рэдкасць.

Фота aSuruwataRi, Shutterstock.

Фота aSuruwataRi, Shutterstock.

Цяпер у Карэі вельмі папулярны рух K-pop (Korean pop). Спачатку гэта быў проста музычны жанр, сумесь поп-музыкі, хіп-хопу, рытм-эн-блюза, але сёння кей-поп стаў сапраўднай фабрыкай прыгажосці. У свеце мільёны фанатаў гэтай субкультуры. Выканаўцы кей-попу становяцца кумірамі і ўзорамі для пераймання. У Карэі паўсюль адкрываюцца школы кей-попу. Трапіць туды вельмі складана, але калі табе пашанцуе, з цябе зробяць сапраўдную зорку. У гуртоў, якія выконваюць музыку ў стылі кей-поп, проста шалёныя прагляды на ютубе. Напрыклад, хлапчуковы гурт BTS. Гледзячы на іх, лёгка зразумець, да якога эталону прыгажосці імкнецца моладзь: чыстыя дзіцячыя твары, белая скура, фарбаваныя валасы, тонкае цела, ніякага намёку на ўзрост. 

Гэты кліп BTS, дарэчы, за два месяцы сабраў 414 мільёнаў праглядаў.

Адзенне

Фота Travel man, Shutterstock.

Фота Travel man, Shutterstock.

Што мяне больш за ўсё здзівіла ў Карэі, дык гэта тое, што там забаронена прымяраць адзенне ў крамах. Не важна якое: штаны, сукенку ці куртку. Нельга. Прымерачных там у прынцыпе няма.

Магчыма, карэйцы дасканала ведаюць свой памер. Цяпер вельмі модныя доўгія, максімальна закрытыя сукенкі, як у расійскіх гувернантак 19 стагоддзя. На адзенні ў карэянак шмат рушаў, карункаў. Вельмі любяць капялюшыкі. Абцасы там не носіць ніхто. Усе перасоўваюцца хутка і ў зручным абутку.

Стаўленне да спорту

Фота mentatdgt, Shutterstock.

Фота mentatdgt, Shutterstock.

У Карэі ў спартыўныя залы ходзяць адны старыя. У парках бегаюць таксама пераважна людзі сталага веку. У моладзі абсалютна адсутнічае культ цела. У Карэі амаль не сустрэнеш «качкоў». Пры гэтым поўных людзей там таксама не шмат: худзенькія і мужчыны, і жанчыны. Можа, таму і вельмі цяжка зразумець, колькі гадоў твайму суразмоўцу. І гэта пры тым, што паесці карэйцы любяць. На вуліцах шмат пунктаў з вулічнай ежай. Карэйцы ядуць локшыну, ужываюць шмат мяса. Як ім удаецца захоўваць фігуру — загадка.

Што карэйцы ведаюць пра Беларусь?

Сярод тых людзей, з кім я размаўляла пра Беларусь, толькі адсоткаў дзесяць маглі сказаць, што ведаюць нас па футболе і як краіну былога СССР. І не таму, што наша краіна не вельмі папулярная. Проста карэйцы досыць закрытыя людзі. Многія і за мяжу ніколі не выязджалі.

Яны слухаюць толькі карэйскую музыку. Бывае, пытаешся ў іх пра нейкага, як мне здаецца, сусветна вядомага спевака, а яны пра такога нават не чулі.

Усе карэйцы вар’яцеюць ад Парыжа, і, як мне здаецца, з еўрапейскіх гарадоў ведаюць толькі яго.

Што прывезла з сувеніраў? Захапіла ў Беларусь некалькі масак для твару. І тое таму, што сяброўкі вельмі прасілі. Я ж думаю, што наша касметыка ні чым не горшая, сваё ўсё ж бліжэйшае да скуры.

А Карэя? Запомню яе як самабытную, непадобную ні на якую іншую, але пры гэтым абсалютна не маю краіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?