Як заўсёды, прадстаўляем вашай увазе найбольш цікавыя музычныя рэлізы мінулага месяца. Электронныя эксперыменты, беларускі фольк-панк і вяртанні легенд — усё гэта ў нашым топе.
Dzieciuki — Радыё «Harodnia»
У гарадзенскіх панкаў, якія вылучаюцца сярод астатніх беларускіх гуртоў даволі жорсткімі нацыянальна-арыентаванымі тэкстымі і песнямі на гістарычную тэматыку, выйшаў трэці альбом.
Музыкі паспрабавалі пашырыць музычны дыяпазон: сярод гучнага панку можна пачуць рэгі і нават вальс.
Жадан і Собаки — Мадонна
Гурт украінскага паэта і пісьменніка Сяргея Жадана ў верасні выдаў пяты альбом.
Музыкі называюць яго найлепшым у сваёй дыскаграфіі, а фанаты лічаць, што ўсе папярэднія рэлізы былі ўсяго рэпетыцыяй перад «Мадоннай».
Iggy Pop — Free
Ігі Попу — 72 гады. Ён даўным даўно стаў легендай і спакойна мог бы адпачываць і пры жаданні збіраць ураджай сваёй славы.
Але яму дагэтуль цікава ствараць і адчуваць творчую свабоду, аб чым у тым ліку і кажа назва чарговага альбома. Ён дакладна спадабаецца аматарам музычных эксперыментаў.
Pixies — Beneath The Eyrie
Пік папулярнасці Pixies прыйшоўся на мяжу 80-х і 90-х, і кожны наступны альбом пасля 23-гадовай паўзы ўспрымаецца як спроба не засмуціць фанатаў.
Альбом запісваўся ў закінутай царкве на поўначы Нью-Ёрка, дзе і насыціўся гатычна-містычнымі ноткамі.
Metronomy — Metronomy Forever
Шосты альбом брытанскіх электроншчыкаў. Па словах удзельнікаў гурта, новы альбом адлюстроўвае ўсё, што адбывалася за ўвесь час існавання Metronomy.
Таму слухач знойдзе цэлую палітру розных музычных жанраў.
KoRn — The Nothing
У мінулым годзе ад перадазіроўкі наркотыкаў памерла жонка вакаліста KoRn Джонатана Дэвіса. Трагічная падзея не магла не адбіцца на творчасці гурта і на яго новым альбоме.
Але, па словах Дэвіса, праца над плыткай дазволіла яму псіхалагічна паправіцца. Нехта, маўляў, звяртаецца да псіхатэрапеўтаў, да яго ж псіхатэрапія — ягоная музыка.
M83 — DSVII
Новы альбом французскага электроншчыка — другая частка альбома «Digital Shades, Vol. 1» 2007 года.
Новы рэліз — зусім не танцавальная музыка, але нашмат больш расслабленая і атмасферная. Па словах артыста, падчас працы над альбомам ён натхняўся камп'ютарнымі гульнямі 80-х гадоў і саўндтрэкамі да фільмаў той эпохі.
blink-182 — NINE
blink-182 былі сімваламі эпохі MTV, калі панк быў ледзь ці не самым папулярным музычным жанрам.
Прайшлі гады, тлустыя часы панку даўно мінулі, былыя куміры сышлі ў цень, але ўсё яшчэ не здаюцца. Вядома, што любы новы рэліз будуць параўноўваць з найлепшымі альбомамі, і параўнанне амаль заўсёды не на карысць новага, але варта даць яшчэ адзін шанец былым кумірам.
Liam Gallagher — Why Me? Why Not.
Другі сольнік Ліама Галахера выдатна спалучае ненадакучлівую настальгію сапраўды сталага музыкі па былых часах з сучаснымі музычнымі тэхналогіямі.
Гэта яшчэ і лікбез па брытанскім поп-року дапанкаўскай эры, які змясцілі ў 40 хвілінах.
Keane — Cause And Effect
Яшчэ адно доўгачаканае вяртанне. Keane сышлі ў доўгатэрміновы адпачынак шэсць год таму, і вось надышоў час вяртання.
Cause And Effect (прычына і следства) стаў рэфлексіяй на не самыя прыемныя падзеі ў жыцці музыкаў гурта — барацьбу з залежнасцю і разводам.
Нашы папярэднія агляды:





