«Нешта прачнулася ўва мне на генным узроўні». Беларусы расказваюць, што для іх значыць бел-чырвона-белы сцяг

Аўтар: NN.by

Пяць гісторый простых беларусаў.

Настасся, праграміст, 36 год

Пасля падзей на пачатку жніўня прыйшла ідэя зрабіць велізарны сцяг і выказаць такім чынам сваю пазіцыю. Здавалася б, што тут складанага? Пару швоў — і гатова. Па-першае, трэба было знайсці краму, дзе можна было набыць тканіну. Пасля некалькіх спроб знайшлі неабходную краму. Калі прадаўцы даведаліся пра мэту — зрабілі вялікую зніжку. Па метражы вырашылі, што 30 метраў будзе добра. Тады здавалася, што гэта не шмат. Але калі нам усё гэта загарнулі — я зразумела, што гэта шмат! Аказалася, што складана нават разгарнуць 60 метраў тканіны ў кватэры, раскласці і расцягнуць тканіну так, каб яна не з’язджала. Здаецца, супер простае дзеянне — ты проста сядзіш і працягваеш праз машынку тканіну. Але калі гэта 30 метраў у суадносінах з маленькай машынкай — гэта вельмі складана.

Першы «краш-тэст» паказаў, што наш сцяг выглядае трохі няўпэўнена, па швах былі бачны такія дзірачкі. Таму было прынята рашэнне прайсціся па тканіне некалькімі швамі зверху: раптам нешта разыдзецца.

Пачала шыць я прыкладна ў 16 гадзін, а скончыла а 12-й наступнага дня. Я не спала ноччу, нават не клалася. Адразу пасля таго, як я яго дашыла, вынесла ў двор. Калі расцягнулі сцяг, першым уражаннем было: «Ваў!»

Дома ты бачыш проста шмат матэрыялу і тканіны, а тут цэлае палатно. Я палічыла, што агульная плошча сцяга атрымалася каля 90 квадратных метраў — гэта такая добрая кватэра.

Спачатку мы хацелі павесіць яго на балконе, але вырашылі, што вельмі складана прымацаваць яго да сцяны дома. Да таго ж шмат хто курыць на балконах, што можа прывесці да пажару.

Аказалася, што несці гэты сцяг гэтак жа складана, як і шыць яго. Я нават распрацавала схему складвання, каб потым можна было яго зручна разгарнуць. Таксама нам спатрэбілася каля 40 чалавек, каб можна было яго несці. Было вельмі прышпільна назіраць за рэакцыяй людзей, якія ішлі нам насустрач. Сцяг займаў прыкладна палову тратуара. Шмат людзей падыходзіла, каб сфатаграфавацца, памацаць яго рукамі, прайсціся пад ім. Энтузіястаў несці сцяг было вельмі шмат. Людзі на працягу ўсяго руху мяняліся. За ўвесь дзень не было такога моманту, каб не было каму несці сцяг.

Вольга, 48 гадоў, індывідуальны прадпрымальнік

Раней я была па-за палітыкай, ніколі не задумвалася ні пра сцяг, ні пра нешта іншае. Займалася сваімі справамі: праца, дзеці. Нават не памятаю, што было ў 80-90-я гады. Але гэтая несправядлівасць, якая пачалася вясной, мяне проста перавярнула.

9 жніўня дзяжурыла каля школы, у якой галасавалі ўсёй сям'ёй. Былі ў белай вопратцы, з белымі бранзалетамі. Гармошачкай складвалі бюлетэні. Увечары вырашыла вярнуцца і паглядзець вынікі па пратаколе. Сабралася шмат людзей, і за школай ужо стаялі аўтазакі. Прыйшоў АМАП і пачаў нас выціскаць. Людзі вакол абураліся: чаму нельга знаходзіцца на тэрыторыі школы, дзе вучацца або вучыліся нашы дзеці? Нас выціснулі.

У бок плота, за якім мы стаялі, кінулі дзве святлошумавыя гранаты. Я была ў шоку: як такое можа быць? Дзеці сталі разбягацца і крычаць, што пачалася вайна. Але тады ж не было ніякай інфармацыі: не працаваў інтэрнэт.

На бел-чырвона-белы сцяг я звярнула ўвагу на першых пратэсных акцыях. Я яго бачыла, вядома, але ніколі не задумвалася, чаму быў ён — потым стаў іншы. Стала чытаць гісторыю і наткнулася на відэа са стрыму перапахавання Каліноўскага ў Вільні. Гэта так прыгожа, так уразіла! Такое адчуванне, што пасля прагляду відэа нешта прачнулася ўва мне на генным узроўні. Я яшчэ тады падумала: «Чаму ў Вільні можна, а ў нас не? Гэта ж наогул наша!» Брала потым яго амаль на кожны марш.

На балконе ў нас таксама ўвесь час вісеў сцяг, пакуль каля нашага дома не адбылося мерапрыемства, куды прыязджалі першыя асобы. Прыйшоў участковы і сказаў: «Вы правільна зрабілі, што адчынілі дзверы, інакш мы б рэзалі».

Зараз пішу лісты ў турмы. З ліпеня ў мяне ўжо вялікі стос. Над адным хлопцам узяла апеку. Мяне вельмі кранула яго гісторыя, і калі ён сядзеў на Валадарцы — насіла яму перадачы, вітаміны, лекі. Зараз перыядычна раблю грашовыя пераводы, афармляю падпіскі. Пісала Ціханоўскаму. Памятаю, у лісце перажывала, што мой сын можа не паступіць, а Сяргей мяне супакойваў. Я дзіўлюся: пішаш людзям, каб іх падтрымаць, а атрымліваеш яшчэ большую падтрымку сам. Гэта ўражвае.

Алег, 49 год, менеджар

Яшчэ з 1988 года, як я пайшоў вучыцца, хадзіў на зборкі Пазняка, дык ён мне падараваў такі сцяжок БЧБ на іголцы. Потым згадваю, як ездзілі на футбол у Вільню — я быў фанатам мінскага «Дынама» — і вось тады хлопцы вазілі за сабой БЧБ-сцяг. У мяне такі саматужна зроблены таксама быў, але ахова неяк адабрала на стадыёне. Памятаю, дзесьці ў сярэдзіне сектара яго выкінеш, дык пакуль міліцыянер даляціць — сцяг ужо тры колы зробіць. Многа хто насіў тады. Нават вясельная фотка ў мяне пад «Пагоняй» і сцягам ёсць.

На мітынгі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай, а пасля і на нядзельныя маршы, каб абазначыць, што мы з рэгіёнаў, вырашылі браць менавіта маладзечанскі сцяг. У нейкую з нядзель мяне затрымалі. Трохі газамі пырснулі. Да дванаццатай гадзіны ночы пратрымалі ў РУУСе, пасля зноў прыехаў АМАП і сталі грузіць у аўтазакі — этапавалі ў Жодзіна. Мы ўсю дарогу стаялі на каленях з рукамі ўгору.

Мясілі ўсіх запар. Адзін стоміцца, іншы падхоплівае. Хлопца з доўгімі валасамі каля мяне за БЧБ-гумку асобна мясілі. Хадзілі сярод нас і гаварылі, што робяць выхаваўчую работу. Быццам бы яны — гэта нашыя бацькі, якія нам у дзяцінстве мазгоў не ўставілі. Казалі, што нас меншасць, мы не народ, быдла, усіх пераб’юць, перасадзяць. З сукамернікамі потым зрабілі зрэз, колькі хлопцаў сядзіць з вышэйшай адукацыяй. Атрымалася дзевяць з дванаццаці.

Два дні да суда сядзеў у Жодзіне — далі штраф. Сцяг быў увесь гэты час са мной у заплечніку.

Шманалі два разы: спачатку на РУУСе, потым на турме. У Жодзіне раздзявалі да нуля і заплечнік шманалі. Але я не ведаю, чаму не знайшлі, мо не звярнулі ўвагі. Бо калі я выйшаў з турмы, не ведаў, ёсць ён там яшчэ ці няма. Палез, гляджу — ляжыць. У мяне такі капюшон ад курткі быў, які я адшпіліў і на яго завязаў. Гэтаму сцягу гадоў сем. Я баяўся, каб не адабралі, бо ён са мной паўсюль пабываў: і ў Грузіі, і ў Італіі, і ва Украіне.

Бывае, ездзім пакатацца на лыжах, дык чапляю на куртку. З гары нясешся, а ён за мной лунае. А яшчэ традыцыя ёсць — з сябрамі на плыце плаваць. Дык адзін бярэ сцяг ПДВ, я маладзечанскі, а трэці — БЧБ. Так па Віліі і ходзім.

Сергій, 40 год, музыка

Бел-чырвона-белыя жалюзі на сваё акно я павесіў напрыканцы жніўня. Гэта адбылося пасля майго шчыльнага знаёмства з АМАПам. Мяне схапілі, калі я проста сядзеў у машыне. Выцягнулі, збілі і катавалі шокерам.

БЧБ-колеры для мяне — найперш нават не гістарычная, а менавіта хрысціянская сімволіка. «Белае адзенне, што скрываўлена», — такі вобраз мы бачым у кнізе Апакаліпсіс, дзе Бог паўстае перад Янам Багасловам менавіта ў такім абліччы.

Для мяне з’яўляюцца вялікімі героямі людзі, якія змагаюцца за сцяг праз пабоі і пераслед. Я не ведаю, што яны ўкладаюць у яго значэнне. Магчыма, настолькі ўсё прагніла, што людзі хапаюцца хоць за нешта, каб абазначыць сваё імкненне да святла. Магчыма, сцяг зараз — гэта тое, што дае надзею.

Але калі гаворка ідзе пра мой дом, то я адмыслова павесіў жалюзі і не збіраюся іх здымаць. Яны паказваюць мой хрысціянскі светапогляд. У снежні, калі мяне не было дома, прыйшоў міліцыянер і стаў крычаць праз веснікі: «Здымайце ваш сцяг, а то будзе горш!» Жонка тады адказала, што ў нас няма сцяга, гэта ж жалюзі. У выніку вырашылі зрабіць яшчэ больш відавочны хрысціянскі сімвал. На белай частцы павесілі чырвоныя колы. Атрымаўся сімвал японскага сцяга — узыходзячае сонца. У Бібліі таксама сустракаецца вобраз Бога як сонца праўды. Чаму не? І мы хочам, каб сонца праўды ўзышло над Беларуссю.

Калі міліцыянер прыехаў другі раз, мы яму паказалі, што ў нас атрымалася. А ён у адказ: «Вы хочаце замаскіраваць месца злачынства?! У вас быў сцяг! Жалюзі вы толькі зараз павесілі!» Так атрымалася, што ва ўчастковага ці то камера дрэнная, ці то цёмна было, але на ягоным фота гарызантальныя пласціны зліліся і стала не так заўважна, што гэта менавіта жалюзі. Я яму нічога не даказаў і атрымаў позву. Адбыўся суд, на якім былі сведкі, прынеслі мае станоўчыя характарыстыкі. Потым адбылося абскарджанне. Суддзя мне нават задаў пытанне, дзе гэта мы знайшлі ў Бібліі пра хрысціянскую сімволіку, і я працытаваў.

Ёсць цікавая кніга прарока Ісаі, у якой ён кажа ад асобы Бога, што нават калі вашыя грахі будуць барвовыя, то я, як белы снег, іх выбелю. То-бок гэта абяцанне Бога ачысціць нас. Хрысціяне вераць, што Ісус Хрыстос сваёй крывёй заплаціў за грахі людзей. І калі людзі ў гэта вераць, то адплата залічваецца. Зразумела, што чырвоны — гэта кроў, а белы — гэта святасць, чысціня, дараванне. Але ўсё адно мне прысудзілі штраф. У квітанцыі я так і пазначыў — штраф за веру ў Бога.

Людміла, 35 год, медсястра

Для мяне бел-чырвона-белы сцяг — гэта ўспамін дзяцінства, калі ў кніжках, па якіх мы вучыліся, распавядалася пра «Пагоню» і сцяг. Гэта тыя сімвалы, якія хочацца вывучаць, прысвяціць ім свой час і свае інтарэсы.

Памятаю, як у адзін з дваровых вечароў у нас была лекцыя, прысвечаная ім. Яна не магла скончыцца, бо людзям было настолькі цікава, яны задавалі і задавалі пытанні. А пасля я прыйшла дамоў і яшчэ паўночы чытала гісторыю.

За фотаздымак са сцягам мне далі 12 сутак. Мяне затрымалі пасля аднаго з жаночых дэмаршаў, дзе дзяўчаты хадзілі з кветкамі. Мне захацелася зрабіць здымак са сцягам каля помніка на плошчы Перамогі. Ужо калі я сышла, хвілін праз пяць пад’ехаў бусік. Склалі пратакол за «масавае мерапрыемства — адзіночны пікет».

Другі раз трапіла на 25 сутак, калі ў адну з нядзель проста ішла па сваіх справах недалёка ад дому. Потым высветлілася, што дзесьці побач была нейкая актыўнасць. Але ў тыя дні па нядзелях часта бывала нейкая актыўнасць. Ты ж не можаш узяць мапу і там крыжыкам пазначыць, дзе ты можаш хадзіць, а дзе не! Ці зусім не выходзіць з дому?

Так атрымалася, што ў кішэнях у мяне ляжалі пальчаткі ў бел-чырвона-белых колерах. Іх знайшлі пазней пры апісанні рэчаў. Памятаю, у судзе сведка сказаў, што я ўдзельнічала ў акцыі, махала сцягамі, і асобна звярнуў увагу, што на мне былі пальчаткі. Мяне гэта рассмяшыла, бо гэта была няпраўда. Таму гэтыя пальчаткі сталі сімвалам таго затрымання.

Я іх набыла ў пачатку восені, калі стала холадна. Лічу, калі адзенне не парушае правы і не крыўдзіць іншых людзей — гэта справа кожнага асабіста, што яму апранаць. Былі часы, калі я сапраўды баялася насіць гэтыя пальчаткі, хоць і разумела, што нічога не парушаю. Цяпер не баюся, за зіму знасіла іх да дзірак. Здаецца, што я ўжо за іх адседзела.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?