Запрашаем на творчую сустрэчу з Віктарам Аслюком, якая адбудзецца 29 лістапада а 18.30 у Музеі гісторыі беларускага кіно. Імпрэза пройдзе ў межах пятага паказу рэтраспектывы рэжысёра «Кола», якая складаецца з 18 фільмаў, знятых Віктарам Аслюком за перыяд ад 1994 да 2014 гг.

Апроч гутаркі з вядомым кінадакументалістам, наведвальнікі змогуць павіншаваць Віктара Мікалаевіча з юбілеем (26 лістапада рэжысёру споўнілася 55!) і ўбачыць тры яго фільмы: «Асколкі» (2011), «Алмаз» (2013),

«Цяпло» (2012).

Суарганізатарам мерапрыемства з’яўляецца праект BelarusDocs(https://www.facebook.com/belarusdocs/)

Старонка мерапрыемства ў facebook - https://www.facebook.com/events/1853306748222853/

Віктар Аслюк - рэжысёр і сцэнарыст, выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускай акадэміі мастацтваў (майстэрня Віктара Дашука). З 1995 году працуе на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». З 2003 г. - сябра Еўрапейскай кінаакадэміі. Рэжысёр больш чым 40 дакументальных фільмаў. Удзельнік шматлікіх міжнародных кінафестываляў, на якіх атрымаў каля 60 узнагарод. Лаўрэат найбольш значных фестываляў дакументальнага і кароткаметражнага кіно ў свеце - «Cinema du Reel» (Францыя), «DOKLeipzig» (Германія), Tampere International Short Film Festival (Фінляндыя), «Послание к человеку» (Расія), Prix Europa (Германія). У 2003 фільм Віктара Аслюка «Мы жывем на краі» быў намінаваны на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі ў намінацыі «лепшы кароткаметражны фільм».

Рэтраспектыва Віктара Аслюка ў Музеі кіно завершыцца паказамі 29 лістапада і 1 снежня.

29 лістапада (аўторак) а 15-00 і 18-30

Асколкі (2011)

Алмаз (2013)

Цяпло (2012)

1 снежня (чацвер) а 15-00 і 18-30

Шчаслівыя людзі (2014)

Драўляны народ (2011)

Зямля (2011)

29 лістапада (аўторак) а 15-00 і 18-30

АСКОЛКІ. Беларусь, 2011 - 30 хв.

Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

Пасля развалу СССР у невялікую беларускую вёску ў бацькоўскія хаты вярнуліся некалькі яшчэ не старых адзінокіх мужчын. Яны не ўспамінаюць мінулае, не думаюць пра будучае, а жывуць адным днём. Ад адзіноты ратуюцца гарэлкай і размовамі. Яны — асколкі таго жыцця, якое мінула і якое ім ужо не вярнуць і не склеіць.

Удзел у міжнародных кінафестывалях: DOKLEIPZIG (Германія), 2011, АРТДОКФЕСТ (Расія) 2011 і інш.

АЛМАЗ. Беларусь — Польша, 2013, 30 хв.

Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

Стары Аляксей Клюня — адзіны жыхар вострава пасярод возера Ладага. Аляксей часта размаўляе сам з сабой. Ці са сваім адзіным сябрам — канём Алмазам, з якім яны разам ужо шмат гадоў. Аляксей хоча, каб, калі ён памрэ, ягоную труну на могілкі вёз Алмаз.

Гран-пры Залаты замак (17 IFF OFF CINEMA, Poland, 2013)

Лепшы дакументальны фільм (MEDIAWAVE On-line IFF, Hungary, 2014)

Асноўная ўзнагарода (12 International Festival Zeichen der Nacht (Signes de Nuit) in Berlin, 2014)

Узнагарода Студэнцкага саюза Greifswald (IFF DOKUMENTART, Neubrandenburg,Germany, 2014)

Лепшы міжнародны кароткаметражны дакументальны фільм (MiradasDoc, Spain, 2014)

Удзел у міжнародных кінафестывалях: Стамбул (Турцыя), Бішкек (Кіргізія), Сінема Верытэ (Іран, Тэгеран), Уэска (Іспанія) і інш.

ЦЯПЛО. «Беларускі відэацэнтр», 2012, 21 хв.

Аўтары сцэнарыя Віктар Аслюк, Юрый Ігруша, рэжысёр Віктар Аслюк

Гэта трохі дзіўнае месца, дзе зімой, сярод снежных сумётаў і застылых ледзяных вадаспадаў, вельмі цёпла. Мужчыны і жанчыны напаўапраўнутыя і ўспацелыя. Іх рухі ля станкоў дасканалыя, зграбныя і рытмічныя, як у танцы. Гул машын нагадвае музыку. Паміж людзьмі і тэхнікай такая гармонія, што яны здаюцца часткамі цэлага, як бы працягам адно аднаго. Зладжанае дзеянне перапыняецца толькі на імгненне. Хтосьці задумваецца, выцірае пот з ілба ці прысаджваецца, каб перавесці дух. На гэтай фабрыцы ў пасёлку Смілавічы пад Мінскам робяць валёнкі, якія потым прадаюцца па ўсім свеце.

Лепшы дакументальны фільм (IFF «Black and white», Porto, Portugal 2013)

Best Short Doc (Faito doc Festival, Italy, 2013)

Лепшы кароткаметражны фільм (24th Open film festival of Documentary Cinema, Ekaterinburg, Russia 2013)

Прыз за рэжысуру (Нацыянальны кінафестываль беларускіх фільмаў, Брэст, Беларусь, 2012)

Прыз за лепшую выяву (CRONOGRAF IFF Moldova 2013)

Удзел у міжнародных фестывалях: Фаіта (Італія), «Пасланне да чалавека» (Санкт-Пецярбург) і інш.

1 снежня (чацвер) а 15-00 і 18-30

ШЧАСЛІВЫЯ ЛЮДЗІ. Беларусь, 2014, 30 хв.

Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

25 год назад Юра і Тамара Байковы прадалі сваю кватэру ў цэнтры Пецярбурга і пераехалі ў беларускі лес. Яны пабудавалі сабе часовую хатку-шалаш, у якой жывуць дасюль. У іх вялікі агарод, і круглы год яны працуюць ад ранку да станку. Ад паляны Юры і Тамары да бліжэйшай вёскі 15 кіламетраў лесам. У іх няма вадаправода (яны п’юць ваду з рэчкі), электрычнасці, сувязі і іншых атрыбутаў сучаснага жыцця. Але затое ў іх ёсць неверагодная колькасць свойскіх жывёлаў, і жывуць яны як у Ноевым каўчэзе, у бяспецы ад цывілізацыі.

Удзел у міжнародных кінафестывалях: Cinema du Reel (Парыж, Францыя) і інш.

ДРАЎЛЯНЫ НАРОД. «Беларусьфільм», 2011, 27 хв.

Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

Стары Мікалай Тарасюк — адзіны жыхар вёскі ў Белавежскай Пушчы. Калісьці ў гэтым месцы віравала жыццё, але тады сяляне выехалі ў горад ці памерлі. Мікалая прыгнятае не толькі адзінота. Яму невыносна цяжка прыняць суцэльную страту былога ладу. І таму ён уваскрасіў сваіх зніклых і памерлых суседзяў. Ён выразаў з дрэва сотні драўляных фігурак, які прадстаўляюць усе магчымыя віды сялянскай працы і ўсе этапы чалавечага жыцця. Ягоныя персанажы працуюць, кахаюць, жэняцца, нараджаюць, здраджваюць, разводзяцца, п’юць і паміраюць. Драўлянае грамадства нават мае атамную бомбу, якая пагражае мініяцюрнаму чалавецтву. Вось так Мікалай і жыве — працуе ў полі, як стагоддзямі рабілі ягоныя продкі, і размаўляе са сваімі маленькімі людзьмі.

Галоўная узнагарода (Ateliers d’Art de France International Film Festival on Crafts, Montpellier, France 2014)

Прыз за лепшы кароткаметражны фільм (23th Open film festival of Documentary Cinema, Ekaterinburg, Russia 2012)

Гран-пры (IFF ‘Magnificat’, Belarus,2012)

Лепшы фільм у катэгорыі «Архітэктура і ландшафт» (Asolo ARTfilmfestival, Italy, 2012)

Прыз глядацкіх сімпатый у катэгорыі «Кароткаметражны дакументальны фільм» (Filmfest Eberswalde, Germany, 2013)

Удзел у міжнародных кінафестывалях: Cinema du Reel (Парыж, Францыя), HotDocs (Таронта, Канада) і інш.

ЗЯМЛЯ. Беларусь, 2011, 30 хв.

Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

Ёсць месцы на зямлі, дзе Другая Сусветная вайна яшчэ не скончылася. На месцы былых палёў бітвы, якія зараз параслі лесам, ляжаць непахаванымі тысячы савецкіх салдат. Штогод сюды прыязджаюць валанцёры, каб адшукаць чалавечыя парэшткі і годна пахаваць іх. Яны выкопваюць косткі, каб пахаваць іх зноў — абсурдны цыкл. Сярод гразі і вады, зямля адкрывае мінулае, і забітыя салдаты паўстаюць у хранікальных вобразах, як духі гэтага леса. Гэта фільм-элегія, які яшчэ раз нагадвае пра крохкасць чалавечага існавання.

Prix International de la SCAM (Cinema du Reel, Paris, France, 2012)

Узнагарода студэнцкага журы (Doc en Courts, Lyon, France, 2012)

Удзел у міжнародных кінафестывалях: DokLeipzig (Германія), DocLisboa (Партугалія), «TrueFalse» (ЗША), Іглава (Чэхія), АРТДОКФЕСТ (Расія), Ісмаля (Егіпет), Mediawave (Венгрыя) і інш.

Фільмы дэманструюцца ў Музеі гісторыі беларускага кіно (Мінск, вул. Свярдлова, 4).

Цана квітка — 2 рублі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0