Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»
У Брэсце медработнік працаваў адразу ў сямі бюджэтных установах. Ён працаваў на ўмовах знешняга сумяшчальніцтва, заробак атрымліваў з дзяржбюджэту.
Працавітага медыка знайшла пракуратура ў рамках праверкі фактаў неэфектыўнага расходавання дзяржсродкаў. Медык працаваў у сямі ўстановах, прычым працоўны час звычайна супадаў часткова або цалкам. Пры гэтым праца па графіках не выконвалася, але зарплата выплачвалася спраўна кожным з наймальнікаў.
У некаторыя суткі медык напрацоўваў па 45 гадзін. Паводле падлікаў пракуратуры, за 2022—2023 гады медработнік атрымаў з бюджэту аплату за 589 гадзін, аднак фактычна працу не выканаў.
Шкоду пракуратура ацаніла ў 3530 рублёў, сродкі давялося кампенсаваць. Акрамя таго, пяць службовых асоб былі прыцягнутыя да адказнасці.