«Калі сказаць, кім працую, хвілін з 15 давядзецца адказваць на пытанні»

Да інтэрв'ю рыхтаваліся доўга. Першы раз з Наталляй журналістка павінна была сустрэцца яшчэ ў лістападзе, аднак жанчына папярэдзіла: цяпер несезон — помнікаў няма, таму і паказваць няма чаго. Вырашылі перанесці на вясну.

Праз некалькі месяцаў карэспандэнтка заходзіць у майстэрню і адчувае, як на яе глядзяць дзясяткі мёртвых вачэй… Аднак змрочную атмасферу хутка перапыняе ўсмешлівая беларуска.

«Вы прабачце, у нас тут крыху не прыбрана. Дзесьці пыл, дзесьці інструменты валяюцца… Увогуле, звычайны працоўны працэс. А вось гэты партрэт, дарэчы, яшчэ не дароблены, таму яго не фатаграфуйце».

У прафесію майстар прыйшла, калі ёй было 25. За плячыма пяць гадоў мастацкай школы, а ў дыпломе запіс: «тэхнік-тэхнолаг, дызайнер адзення». Па спецыяльнасці беларуска не працавала, а ў сферу бытавых паслуг трапіла выпадкова. Кажа, зацягнула так, што дагэтуль у працоўнай значацца толькі два запісы.

Свой першы партрэт на камені Наталля памятае добра. Рабіла яго доўга, карпатліва, пад наглядам. Усё ж такі граніт не папера: калі нешта не так, гумкай не сатрэш. «Дэбют» заняў каля тыдня, і ў выніку маці памерлага хлопца засталася задаволеная.

За 20 гадоў вопыту Наталля намалявала тысячы работ — і да кожнай з іх ставілася з трымценнем. Жанчына ўпэўненая: калі з дзесяці партрэтаў ад аднаго адмовяцца, значыць, прыйшоў час змяніць прафесію. А сваю працу яна любіць.

«Калі казаць пра гэта ў адкрытую, трэба быць гатовым да таго, што наступныя 15 хвілін цябе заваляць пытаннямі. Людзі дзівяцца: а што, а як? Таму спярша я расплывіста адказвала, што працую ў сферы помнікаў».

Часам на тое ж пытанне беларуска адказвае, што проста стварае партрэты. Пасля таго, як правіла, ідзе просьба «намаляваць мяне», на што майстрыха з усмешкай кажа: «Вам гэта не трэба».

«Калі ўсе гісторыі прапускаць праз сябе, звар'яцець можна»

Партрэты на помніках робяць двума спосабамі: на станках і ўручную. Праўда, мастакоў становіцца ўсё менш. Гэта і даўжэй, і эмацыйна складаней. Калі станок справіцца з заданнем за тры-чатыры гадзіны, то праца майстра можа расцягнуцца на тыдзень, а то і больш.

— А ў чым прынцыповае адрозненне ручнога партрэта ад механічнага?

— У дэталях. Тыя, хто хоча бачыць свайго блізкага больш «жывым» і сапраўдным, звяртаюцца да партрэтыстаў. Хоць і станкі цяпер выйшлі на новы ўзровень, робяць усё якасна.

Інструмент у мастака-гравёра нятанны. Наталля паказвае машынку за $120, спіцы, прысыпку для пераводу партрэта на камень, аловак, ручку і… пудру. Кажа, у звычайнай краме такое не купіш: працоўны інструмент прадаецца выключна на выставах.

Працэс стварэння партрэта пачынаецца з сустрэчы з заказчыкам. Як правіла, помнікі не ставяць адразу пасля смерці: гэта адбываецца праз год, два, тры. А таму з незагойнымі ранамі бацькоў ці сваякоў Наталля не сустракаецца: да гэтага часу эмоцыі крыху астываюць, і суцяшаць нікога не даводзіцца.

Распытваць пра прычыны смерці жанчына таксама не любіць. І не таму, што ёй гэта нецікава.

«Уявіце: вось прыходзіць чалавек і пачынае расказваць, ад чаго памёр сын ці дачка. Я пачынаю «грузіцца», перажываць, прымяраць гэтую гісторыю на сваю сям'ю… Яно мне трэба? Калі прапускаць усё праз сябе, так і звар'яцець можна. Праўда, папрасіць не расказваць я таксама не магу: часам бывае, што чалавеку проста трэба выгаварыцца…»

«Малюю памерлых, а ў навушніках грае плэйліст сына»

Другі этап — рэтуш. Разам з чалавекам майстрыха абмяркоўвае дэталі: што прыбраць і дзе падправіць. Звычайна блізкія просяць змяніць вопратку і «дамаляваць» прычоску. Таксама могуць папрасіць зрабіць чалавека трохі маладзейшым.

Пасля таго як фатаграфію адрэдагуюць і раздрукуюць, малюнак пераводзіцца на камень. Робіцца гэта з дапамогай спецыяльнай паперы — знаёмай нам з дзяцінства «капіркі». Затым пачынаецца доўгая і карпатлівая праца майстра.

«Часам бывае, што я магу прачнуцца без настрою, аднак прыходжу ў майстэрню, саджуся за партрэт і абстрагуюся. Магу ўключыць музыку ў слухаўках — гэта таксама адцягвае».

— Пад якіх выканаўцаў малюеце партрэты памерлых?

— У мяне грае плэйліст сына. Тут і класіка, і поп-хіты, і нешта бадзёрае — усё ўперамешку, агулам кажучы. А вось радыё ў майстэрні слухаць не люблю, мяне яно напружвае.

Беларуска прызнаецца: мёртвыя яе не палохаюць. Падчас працэсу яна імкнецца «адключацца» і проста робіць сваю працу. Праўда, часам усё ж бываюць сітуацыі, калі абстрагавацца не выходзіць.

«Складаней за ўсё для мяне — маляваць партрэты дзяцей. Я мама, а таму нават уявіць баюся, што ў такія моманты адчуваюць бацькі. Спярша аддавала падобныя заказы калегам-мужчынам. Зараз, вядома, раблю ўсё, але чыста псіхалагічна неверагодна цяжка…»

Па словах Наталлі, 90% тых, хто стварае партрэты ўручную, — мужчыны. Бо вытрымаць такое напружанне могуць не ўсе. Аднак і мужчынам праца даецца цяжка, таму часцяком яны спраўляюцца са стрэсам з дапамогай алкаголю.

«Раней малявала ў асноўным пажылых, а цяпер анкалогія зраўняла ўсіх»

Падчас гутаркі беларуска ўспамінае адну з самых складаных работ: гэта быў хлопчык, які памёр ад анкалогіі. Мастачка з цяжкасцю расказвае, як ствараўся партрэт малога. Але яшчэ складаней Наталлі было маляваць… уласнага бацьку. У гэты момант жанчына змаўкае і з сумам апускае вочы. Пра гэта, як кажуць, лепш не пісаць, — рана дагэтуль адкрытая.

«Паўгода я выношвала гэтую думку. Думала і разважала, як жа быць… спярша хацела аддаць тату іншаму, аднак у выніку ўзялася сама. Плакала, усміхалася, малявала… Не апісаць словамі. Вельмі балюча».

Мастачка-гравёрка лічыць, што ствараць такія партрэты можа не кожны: акрамя маральнага аспекту, ёсць яшчэ і фізічны. Напрыклад, ад занадта карпатлівай працы і пастаяннага напружання ў партрэтыстаў пагаршаецца зрок, баляць суставы.

«Усё гэта выдаткі прафесіі, якія, на жаль, мала хто разумее», — кажа майстрыха.

З самых незвычайных работ — помнік вышынёй паўтара метра. Майстрыха ўручную малявала святую, якая «трымае» два партрэты, апраўленыя рамкай з сэрцаў. Цяпер праца беларускі размешчаная проста на ўваходзе адных з гарадскіх могілак.

Акрамя памерлых, Наталля малюе анёлаў, свечкі і кветкі, грузавікі, матацыклы, танкі, цацкі і нават хаткі з курачкамі. Тут фантазія сваякоў бязмежная.

Раней, па словах жанчыны, у асноўным даводзілася рабіць партрэты пажылых людзей. Цяпер сітуацыя змянілася. Акрамя матацыклістаў, якія разбіваюцца кожны год, становіцца ўсё больш памерлых ад раку.

«Анкалогія зраўняла ўсіх», — мяркуе беларуска.

Пры гэтым «страшнай» сваю працу яна назваць не можа. Кажа, аднойчы да яе прыйшла жанчына, якая з дня ў дзень сутыкаецца са смерцю ў дзіцячым анкацэнтры.

«Вось гэта сапраўды страшна…» — кажа майстрыха.

Паводле яе слоў, «працаваць» з памерлымі не так адказна, як з жывымі: няўдалы партрэт можна перарабіць, а вось абарванае жыццё ўжо не вернеш.

«50% маёй працы — гэта жывыя людзі»

Гэта гучыць дзіўна, але мастачка-гравёрка даволі часта малюе партрэты жывых людзей. Як правіла, гэта пенсіянеры, у якіх памёр хтосьці з сужонцаў. Гэта значыць, чалавек заказвае двайны помнік, дзе побач з памерлым малююць і яго самога. Дату смерці «дабіваюць» ужо пазней.

«Я хоць і забабонная, але канкрэтна ў гэты збег абставінаў не веру. Па-першае, так танней. Па-другое, людзі замаўляюць «двайнікі» для таго, каб не адрозніваліся самі партрэты. У кожнага майстра свой почырк, таму важна, каб на адной пліце дзве асобы «належалі» адной руцэ».

Праўда, часам бываюць сітуацыі, калі помнік з адным з жывых сужэнцаў прастаяў на могілках гадоў з 20, а іншы чалавек усё яшчэ жывы… У такім выпадку заказчык можа прывезці пліту зноў, каб абнавіць партрэт або проста змяніць афармленне. Падобныя выпадкі здзіўлення ўжо не выклікаюць, расказвае Наталля.

Быў у жыцці беларускі і пераломны момант: раптам спынілася сэрца добрай знаёмай. Падзея настолькі яе ўзрушыла, што жанчына ўсвядоміла: выйсця няма толькі з труны — усё астатняе можна выправіць.

«Магчыма, гучыць банальна, але мая праца дапамагае як найлепей шанаваць жыццё. Калі ты часта сутыкаешся з горам, разумееш: самае галоўнае — здароўе. А ўсё астатняе — гэта так, дробязі, якія не павінны выбіваць з каляіны. Пакуль жывецца, трэба жыць. Хто ведае, можа, «там» сапраўды нічога няма? Хоць я ў гэта шчыра веру».

Чытайце таксама:

Насіць на Радаўніцу на могілкі пластыкавыя кветкі не варта. А чым іх можна замяніць?

Што за незвычайныя магілы рабілі на Палессі?

Ці растуць Тураўскія каменныя крыжы і ці плылі яны па вадзе?

Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
10
Абуральна
3