2 красавіка на новым месцы запрацаваў Чэрвенскі рынак.
Новыя шыльды на прыпынку каля Лошыцкага парку.
Патэнцыйных пакупнікоў вітаюць рэкламныя банеры на вуліцы Маякоўскага.
Векавыя гандлёвыя традыцыі.
У першы дзень працы на рынку было пуставата.
Некаторыя гандлары пачалі першы дзень з распрадажы.
Каб патрапіць у боксы, трэба адбіць тоўшчы лёду.
Дзе-нідзе трапляюцца сведчанні аўралу.
Адзін з самых папулярных тавараў.
У прадуктовым павільёне таксама пуставата.
На весцы старога рынку іранскі інвестар плануе збудаваць шматфункцыянальны комплекс.
Чэрвенскі рынак у Мінску запрацаваў на новым месцы 2 красавіка. Цяпер ён знаходзіцца на месцы былога разваротнага тралейбуснага кальца на скрыжаванні вуліцы Маякоўскага і завулка Маякоўскага, насупраць Лошыцкага парку. Урачыстае адкрыццё запланавана на 6 красавіка. Магчыма, да гэтай даты тэрыторыю рынка давядуць да ладу, бо пакуль тут хапае праблем: непрыбраны снег, тоўсты слой лёду пры самых уваходах у гандлёвыя боксы. Месцамі трапляе на вочы неахайна пакладзеная плітка.
А пакуль патэнцыйных пакупнікоў вітаюць рэкламныя банеры на вуліцы Маякоўскага, якія стрэлкамі паказваюць накірунак да рынка, і гіганцкія плакаты з выявамі Мінска і тэкстам пра векавыя гандлёвыя традыцыі горада.
На самым рынку ў першы дзень працы нешматлюдна. Большасць прыходзіць сюды нібы на экскурсію. Адчыненых гандлёвых кропак — адзінкі.
«Арэнду і падаткі мы плацім ужо з 1 красавіка. Але многія калегі сядзяць пакуль на Лябяжым. Можа ў суботу на адкрыццё будзе пабольш гандляроў?» — расказвае адна з гандлярак. Яна задаволеная пераездам на новае месца. «На старым Чэрвенскім у асноўным пенсіянеры хадзілі. А тут побач новыя дамы, шмат моладзі. А маладыя ахвотней купляюць, і больш». Жанчыну не палохае адлегласць да новага рынка — «транспарт ходзіць добра, ад старога месца — чатыры прыпынкі».
Самым папулярным таварам сёння, калі меркаваць па колькасці адчыненых боксаў, былі штучныя кветкі і ніжняя бялізна. У прадуктовым павільёне пакуль пуставата. Гандляры толькі выкладаюць паўфабрыкаты і свежае мяса ў лядоўні.
Маладая пара сыходзіць з рынка ў лёгкім расчараванні. Чакалі, што сёння тут будзе кіпець гандаль. Але перспектывамі задаволеныя — з суседняй Лошыцы ім ехаць сюды некалькі хвілін.
Даведка
Чэрвенскі рынак у Мінску зачыніўся 1 лютага 2013. На ягоным месцы іранская кампанія Didas плануе збудаваць шматфункцыянальны грамадска-дзелавы і гандлёва-забаўляльны комплекс.
На старым месцы рынак дзейнічаў ад пачатку ХХ ст. Назву атрымаў ад Ігуменскага тракту, які некалі праходзіў праз тэрыторыю сучаснай вуліцы Маякоўскага. Пры бальшавіках Ігумен перайменавалі ў Чэрвень.