6 красавіка спаўняецца 14 гадоў з дня раптоўнай смерці Генадзя Карпенкі.
Ён быў адным з найбольш выдатных, аўтарытэтных і паважаных беларускіх палітыкаў.
Генадзь Карпенка нарадзіўся 17 верасня 1949 года ў Менску. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў у Інстытуце ядзернай энэргетыкі Акадэміі навук Беларусі. З 1983 года працаваў у НВА парашковай металургіі.
У 1987–1990 гадах быў дырэктарам завода парашковай металургіі ў горадзе Маладзечне.
У 1990 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета
У 1996 годзе Генадзь Карпенка быў адным з ініцыятараў працэдуры імпічмэнту Лукашэнкі, якую пачалі дэпутаты Вярхоўнага Савета. Праз два гады ён узначаліў Нацыянальны выканаўчы камітэт, створаны беларускай апазіцыяй. Генадзь Карпенка мог скласці рэальную канкурэнцыю дзейнай уладзе і стаць прэзідэнтам Беларусі ў 2001 годзе.
Доктар тэхнічных навук,
Генадзь Карпенка памёр ад кровазліцця ў мозг раніцай 6 красавіка 1999 года ва ўзросце 49 гадоў. Гэта адбылося за месяц да альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў, прыхільнікі правядзення якіх адмовіліся прызнаць зроьленыя Лукашэнкам змены ў Канстытуцыі, якія азначалі працяг тэрміна ягоных паўнамоцтваў на прэзідэнцкай пасадзе.
Праз месяц пасля загадкавай смерці палітыка бясследна знік адзін з ягоных найбліжэйшых паплечнікаў — Юрый Захаранка, яшчэ праз паўгода другі — Віктар Ганчар, які разам з бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім быў выкрадзены ў цэнтры Менска.
Сапраўдныя прычыны смерці Генадзя Карпенкі дагэтуль невядомыя. Ён ніколі не жаліўся на сваё здароўе. Сваякі і прадстаўнікі апазіцыі сумняюцца ў натуральных прычынах смерці і мяркуюць, што да яе маюць дачыненне беларускія ўлады.
Жонка і дзеці апазіцыйнага палітыка праз сталы пераслед і ціск з боку рэжыму вымушаныя былі з’ехаць у Нямеччыну, дзе атрымалі статус палітычных уцекачоў.
У 2009 годзе вядомыя палітыкі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і грамадскія дзеячы звярнуліся ў сталічны гарвыканкам з заклікам назваць імем Генадзя Карпенкі адну з менскіх вуліц, аднак улады адмовіліся зрабіць гэта.