У трэцяга падазраванага ў разбойным нападзе на аддзяленне ААТ «Белаграпрамбанк» у Любані, якога затрымалі ноччу 30 красавіка, знойдзена і канфіскавана больш за 15 тысяч даляраў і прыкладна 4 мільёны рублёў, паведамляецца на сайце МУС.

Раней судзімы жыхар Любані 1983 года нараджэння быў затрыманы на аўтадарозе Арлева — Сарочы блізу вёскі Сарочы Любанскага раёна. Аперацыю па затрыманні падазронага праводзілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку і АМАП УУС Мінаблвыканкама, крымінальнага вышуку Любанскага РАУС.

«Паспяховае ўстанаўленне асоб, што маюць дачыненне да разбойнага нападу, стала магчымым дзякуючы дакладнай каардынацыі дзеянняў і цеснаму супрацоўніцтву паміж Міністэрствам унутраных спраў і Следчым камітэтам, а таксама высокаму прафесіяналізму аператыўных супрацоўнікаў», — паведамляе МУС.

***

Нагадаем, 21 красавіка два невядомыя ў масках праніклі ў памяшканне аддзялення «Белагрампрамбанка» ў Любані, збілі супрацоўніка міліцыі, завалодалі яго табельнай зброяй, звязалі касіра, які знаходзіўся на працоўным месцы.
Злачынцы выкралі грашовыя сродкі банка, пасля чаго ўцяклі на інкасатарскім аўтамабілі. Галоўным следчым упраўленнем СК была распачата справа на падставе ч. 3 арт. 207 (разбой) і ч. 4 арт. 294 (крадзеж агнястрэльнай зброі) Крымінальнага кодэкса.
Было ўкрадзена больш як 1 млрд. рублёў, прыкладна 40 тыс. долараў і 20 тыс. еўра.
Дакладная сума, якой завалодалі падазроныя, будзе ўстаноўлена пасля заканчэння дакументальнай рэвізіі аддзялення банка, прызначанай следствам.

Падчас следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў падазроныя былі ўстаноўлены, і праз некалькі дзён пасля злачынства двух з іх затрымалі. Украдзеныя грошы і табельная зброя супрацоўніка міліцыі канфіскаваны.

Арганізатар злачынства — супрацоўнік Любанскага аддзялення дэпартамента аховы МУС сяржант міліцыі 1990 года нараджэння. Разам з ім быў затрыманы саўдзельнік злачынства 1991 года нараджэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?