У Беларусі будуць павялічаны цэны на алкаголь, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік у гутарцы з журналістамі на канферэнцыі «Абследаванне хатніх гаспадарак па ацэнцы становішча дзяцей і жанчын у Рэспубліцы Беларусь (МІКС 4)» 20 чэрвеня ў Мінску.

Паводле яго слоў, гэта не адбудзецца найбліжэйшым часам, але «прынцыповая пазіцыя ўрада заключаецца ў тым, што цана на алкаголь павінна быць дастаткова высокай». Разам з тым рашэнне неабходна прымаць з улікам многіх акалічнасцяў, бо «можна атрымаць і зваротны вынік», гэта значыць справакаваць павелічэнне ўжывання сурагатнага алкаголю.

Тозік адзначыў, што з’яўляецца «лютым праціўнікам» вытворчасці мацаваных пладова-ягадных він. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі зараз вырабляюць толькі пладова-ягадныя віна палепшанай якасці.

Павелічэнне цэн на алкаголь стане часткай дзяржаўных мер па пераадоленні алкагалізацыі беларускага грамадства. Сярод іх Тозік назваў узмацненне кантролю за самагонаварэннем, прымяненне адміністрацыйных мер у дачыненні да п’яніц і выхаваўчую працу. Ён таксама адзначыў важнасць працы СМІ ў фарміраванні прыхільнасці да здаровага спосабу жыцця сярод насельніцтва.

Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што Беларусь «перайшла мяжу бяспекі па ўжыванні алкаголю», вызначаную Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя як 8 літраў у пераліку на абсалютны алкаголь на кожнага жыхара краіны ва ўзросце 15 гадоў і старэйшых.
У Беларусі спажыванне чыстага алкаголю набліжаецца да 14 літраў. «П’янства — гэта дэградацыя асобы, разбурэнне сем’яў, нараджэнне хворых дзяцей, гэта сур’ёзная пагроза нашай нацыі», — сказаў Тозік.
Згодна са звесткамі абследавання дамашніх гаспадарак па ацэнцы становішча дзяцей і жанчын ў Беларусі, на працягу аднаго або некалькіх дзён за месяц, які папярэднічаў правядзенню даследавання, апытаныя выпілі хаця б адну порцыю алкаголю.
Сярод маладых людзей за гэты перыяд як мінімум адну порцыю алкаголю выпілі 43% жанчын і 55% мужчын. Пры гэтым порцыяй алкаголю лічыцца бляшанка або бутэлька піва, адзін бакал віна або адна чарка каньяку, гарэлкі і г.д. Толькі 16 жанчын са 100 і 17 мужчын са 100 ва ўзросце 15–24 гадоў ніколі не ўжывалі алкаголь.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?