Другі дзень смяюся. Адкрыю сайт, пагляджу на матэрыял «Дом прэміум-класа для мільярдэра Пефціева» і смяюся. Не з матэрыялу. З дома. І нават не з дома, а з архітэктара, які яго спраектаваў.

Калі б такая будыніна з’явілася ў Мінску на мяжы 60-70-х гадоў, была б іншая справа. Успомнім будынкі таго часу: Палац спорту, кінатэатры «Піянер», «Кіеў» і «Современник», Дом мод на Нямізе, басейн «Янтарь» на Аўтазаводзе, урэшце забягалаўка пры 9-павярховіку на вуліцы Харкаўскай, якую мясцовыя жыхары ў 70-я гады называлі «Мутный глаз»… Тыя самыя адносна невысокія аб’ёмы, адхіленыя ад вертыкалі лініі і шмат шкла.

Але ў 2013 годзе для мяне гэта прыкмета дрэннага густу і заказчыка, і архітэктара-выканаўцы.

Ва ўсім свеце людзі з грашыма будуюць сабе дамы зусім у іншым стылі, і там шмат шкла і бетону, шмат геаметрыі і функцыянальнасці, але… Але штосьці няўлоўна адрознівае сучасныя багатыя дамы за мяжой і ў нас. Гэтае няўлоўнае — добры густ і стыль. Гэтыя дзве якасці ўзнікаюць толькі на глебе культуры і традыцыі, толькі тады, калі архітэктура ўспрымаецца як мастацтва і ёсць ім. Гэтага, на жаль, не назіраецца ў нас.

Заказчыка-ўладальніка гэтага дома зразумець можна — мае права рабіць што хоча. І архітэктар таксама мае права адказваць на запатрабаванні заказчыка і зарабляць грошы.

Але вось калі ён сам прапанаваў заказчыку такі праект — гэта ўжо іншая справа.

Гэта ўжо праблема грамадская: якасць і стыль мінскіх (і не толькі) навабудаў. Тут, як вядома, паноўны стыль — безгустоўнасць і бясконцыя алюзіі на свет рускіх казак (з церамкамі і вежачкамі), мангольскіх стэпаў і шумерскіх храмаў.
Толькі паглядзець і заплакаць.

Цікава даведацца, ці абставіць уладальнік новага мінскага дома яго такой самай куртатай мэбляй у стылі 60-70-х гадоў — на доўгіх вострых ножках? Напрыклад такой:

Зрэшты, тут магчымы і іншы варыянт. Магчыма, мы чагосьці не ведаем, і гэта найноўшы трэнд у архітэктуры. Магчыма, гэта архітэктурнае адкрыццё мінскага архітэктара. Сапраўды, цяпер носяць вузкія штаны і кароткія пінжакі ў стылі 60-х гадоў, рагавыя аправы акуляраў у стылі тых жа 60-х… Можа, архітэктар і яго заказчык такім свой твор і задумалі? І там сапраўды будзе ўнутры куртатая мадэрная мэбля на доўгіх ножках?

Калі гэта працяг сучаснага моднага трэнду вяртання ў 60-я гады, то я бяру сваю іронію назад і віншую Уладзіміра Пефціева і яго архітэктара з мастацкім дасягненнем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?