Першая лэдзі ЗША Мішэль Абама прапанавала грамадзянам краіны штодзень выпіваць дадаткова шклянку вады, каб змагацца з атлусценнем, перадаюць замежныя інфармагенцтвы.

«Гэта вельмі лёгка. Піце на адну шклянку вады больш, чым выпіваеце звычайна. Розніца адразу адаб’ецца на здароўі і агульным самаадчуванні, на энергіі. Выпіце і пераканайцеся самі», — гаворыцца ў яе заяве 12 верасня.

«Я зразумела, што калі мы хочам зрабіць усяго адзін крок на шляху да таго, каб стаць здаравейшымі і дапамагчы ў гэтым сваім сем’ям, то прасцей за ўсё — піць больш вады», — паведаміла першая лэдзі ЗША.

Паводле яе слоў, хутка яна плануе даць старт сваёй новай кампаніі Drink Up.

Гэта павінна адбыцца ў горадзе Уотэртаўн у штаце Вісконсін, а падтрымае ў гэтым Мішэль Абаму актрыса Ева Лангорыя. У рамках ініцыятывы плануецца, у прыватнасці, надрукаваць заклік Мішэль Абамы на этыкетках бутэлек вады, а таксама на 10 тысячах грамадскіх пітных фантанчыках па ўсёй краіне.

Раней Мішэль Абама ў рамках кампаніі пад назвай Let’s Move заклікала амерыканцаў больш рухацца.

Кампанія была накіравана на аздараўленне школьнікаў ЗША і прапагандавала фізічныя нагрузкі, правільнае харчаванне і здаровы лад жыцця.

Атлусценнем ў ЗША пакутуе кожны трэці дарослы чалавек і кожнае пятае дзіця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0