Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін», які прадугледжвае фарміраванне фонду жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання (арэнднае жыллё) шляхам пераводу дзяржаўнага жылля ў арэнднае.

Як паведамляе прэс-служба, указам прадугледжваецца змена складу дзяржаўнага жыллёвага фонду за кошт пераводу службовых, спецыяльных службовых, асобных відаў сацыяльных кватэр і асобных відаў спецыяльных жылых памяшканняў у арэнднае жыллё. У дзяржаўным жыллёвым фондзе застаюцца жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання, спецыяльныя жылыя памяшканні, жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання і жылыя памяшканні ў інтэрнатах.

У частцы фарміравання фонду памяшканняў камерцыйнага выкарыстання і выдзялення такіх памяшканняў прадугледжваецца перавод да 1 красавіка 2014 года ў фонд памяшканняў камерцыйнага выкарыстання заселеных службовых, спецыяльных службовых жылых памяшканняў, некаторых відаў спецыяльных жылых памяшканняў.

Жылыя памяшканні дзяржаўнага жыллёвага фонду, не прыватызаваныя грамадзянамі, будуць пераведзены ў камерцыйнае жыллё пасля 1 ліпеня 2016 года. Да гэтай даты грамадзяне змогуць скарыстацца правам на прыватызацыю. Пасля названай даты прыватызацыя спыняецца.

Устанаўліваецца пералік катэгорый грамадзян, якія маюць першачарговае права на атрыманне камерцыйнага жылля камунальнага жыллёвага фонду на перыяд працоўных (службовых) адносін.

Да іх адносяцца дзяржаўныя служачыя, якія займаюць пасады, што даюць права на атрыманне жылых памяшканняў, паводле пераліку, вызначанаму прэзідэнтам Беларусі (указ № 286 ад 19 мая 1999 года ), а таксама суддзі і пракурорскія работнікі; маладыя спецыялісты; работнікі арганізацый, размешчаных на тэрыторыях з узроўнем радыеактыўнага забруджвання больш як 5 Кі/кв. км і прыраўнаваных да іх тэрыторый; ваеннаслужачыя; работнікі ў выпадку іх пераезду ў іншы населены пункт пры прызначэнні на пасаду, пераводзе ад аднаго наймальніка да другога; вучоныя, прафесарска-выкладчыцкі склад вышэйшых навучальных устаноў, работнікі арганізацый культуры; катэгорыі асоб, вызначаныя Саветам міністраў паводле ўзгаднення з прэзідэнтам.

Колькасць кватэр, што выдзяляюцца ўказаным асобам, не павінна перавышаць 40% ад усёй колькасці фонду камерцыйнага жылля камунальнага жыллёвага фонду.

Астатнія 60% кватэр будуць выдзяляцца грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а пры іх адсутнасці — грамадзянам, якія не знаходзяцца на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў.

Рашэнні па ўказаных жылых памяшканнях камунальнага жыллёвага фонду прымаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

Камерцыйнае жыллё рэспубліканскага жыллёвага фонду будзе выдзяляцца работнікам, што стаяць на ўліку ў арганізацыі, у падпарадкаванні якой знаходзіцца такі фонд, з магчымасцю самастойнага вызначэння гэтымі арганізацыямі катэгорый, што маюць першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля.

На агульных падставах плата за карыстанне камерцыйным жыллём будзе вызначацца зыходзячы з памеру базавай стаўкі платы за карыстанне такім жыллём, якая ўстанаўліваецца Саветам міністраў, з прымяненнем каэфіцыентаў, вызначаных аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам у залежнасці ад ступені добраўпарадкавання і месца знаходжання жылых памяшканняў.

Памер платы за карыстанне камерцыйным жыллём, што ўключана ў фонд такога жылля з ліку заселеных службовых, спецыяльных службовых жылых памяшканняў, некаторых відаў спецыяльных жылых памяшканняў, а таксама для грамадзян, якія маюць першачарговае права на атрыманне камерцыйнага жылля, будзе вызначацца шляхам прымянення ўстаноўленых аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам (паводле ўзгаднення з Мінжылкамгасам) паніжальных каэфіцыентаў.

Устанаўліваецца магчымасць пасля завяршэння прыватызацыі (1 ліпеня 2016 года) на падставе заявы наймальніка камерцыйнага жылля, які адносіцца да асоб, што маюць права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання, перавесці занятае ім арэнднае жыллё ў склад жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання. У выпадку такога пераводу наймальнік не будзе ўносіць плату за карыстанне жылым памяшканнем.

Упарадкоўваюцца падставы і ўмовы пастаноўкі на ўлік грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Так, пастаноўка маладых сем'яў на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў будзе ажыццяўляцца незалежна ад забяспечанасці плошчай жылога памяшкання пры ўмове адсутнасці ў іх уласнага жылля ці жылля, выдзеленага на падставе дагавора найму жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду. Але права на атрыманне льготнага крэдыту ці субсідыі на будаўніцтва і набыццё жылля яны не маюць, аднак могуць прэтэндаваць на ўдзел у будаўніцтве камерцыйнага жылля, якое ўзводзіцца камунальнымі будаўнічымі арганізацыямі з абмежаванай рэнтабельнасцю (5%).

Прадугледжваюцца абмежаванні ў пастаноўцы на ўлік грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і падставы для зняцця з такога ўліку ў дачыненні да грамадзян, зарэгістраваных па месцы жыхарства ў інтэрнатах, жылых памяшканнях прыватнага жыллёвага фонду на падставе дагавора найму жылога памяшкання, у якіх яны фактычна не пражываюць.

Гэта таксама тычыцца тых, хто скарыстаўся дзяржпадтрымкай пры будаўніцтве (рэканструкцыі) ці набыцці жылых памяшканняў на працягу пяці гадоў (за выключэннем павелічэння складу сям'і ў сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) дзяцей, а таксама ваеннаслужачых у выпадку пераезду з іншага населенага пункта пры прызначэнні на пасаду).

Атрыманне камерцыйнага жылля будзе з'яўляцца формай паляпшэння жыллёвых умоў, за выключэннем выдзялення такога жылля на перыяд працоўных (службовых) адносін. Грамадзяне, якім выдзяляецца камерцыйнае жыллё, здымаюцца з чаргі для паляпшэння жыллёвых умоў.

Грамадзяне, якія прыбылі ў Мінск ці населеныя пункты Мінскага раёна з іншых населеных пунктаў і прызначаныя (абраныя) на пасады, уключаныя ў пералік, вызначаны Саўмінам паводле ўзгаднення з прэзідэнтам, становяцца на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў па месцы працы (службы) без уліку часавых абмежаванняў, прадугледжаных для пастаноўкі на такі ўлік у Мінску (10 гадоў) і населеных пунктах Мінскага раёна (пяць гадоў).

Дакументам замацоўваюцца базавыя прынцыпы пастаноўкі грамадзян на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў і выдзялення жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду. «Улічваючы спецыфіку і асаблівасці сацыяльна-прававых гарантый для асобных катэгорый асоб (ваеннаслужачых, суддзяў, пракурорскіх работнікаў і іншых), акты, якія прадугледжваюць асаблівасці для такіх катэгорый грамадзян, будуць скарэктаваныя ў адпаведнасці з палажэннямі названага ўказа», — паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?