Баранавічы, станцыя тэхнічнага абслугоўвання па Тэльмана. 17 гадзін. Хвост калоны жадаючых прайсці тэхагляд бачны ўжо здалёк. Частка машын стаіць на вуліцы – астатнія ўжо мінулі шлагбаўм і чакаюць за плотам.

Шмат вадзіцеляў адказваюць, што да планавага агляду ім яшчэ шмат часу і яны тут з іншай нагоды. Скідваючы на зямлю попел ад цыгарэты, Дзяніс распавядае аб сваіх мэтах:

Я стаю, каб потым не плаціць, вось і ўсё. А за што плаціць – за гэты развод на дарогі?! Растлумач мне. Грошы ў нікуды – за столькі год першы раз нешта зрабілі з нашымі дарогамі. Я ўпэўнены, што ўвесну ім хана. І не факт, што зробяць яшчэ раз… Спытай усіх маіх знаёмых – яны табе тое ж самае адкажуць.

Чарга на баранавіцкіх СТА выклікана прыняццем рэзананснага закону. Вадзіцелі спадзяюцца, што калі яны пройдуць тэхагляд да пачатку студзеня – пакуль закон яшчэ не ўступіў у моц, не трэба будзе плаціць падатак у 2014 годзе. І нават у 2015 – для тых аўтамабіляў, чый узрост не болей за 10 год.

Але на самой станцыі яшчэ не вельмі добра разумеюць прынцып новаўвядзення: 

Ніякіх тлумачэнняў у нас няма. Нават не ведаем, куды плаціць, за што плаціць. Напісана, што трэба пры праходзе тэхагляду, а хто будзе гэта правяраць – я не ведаю. Вось недзе палова ўсіх, хто стаіць, менавіта з гэтай нагоды – каб захаваць свае грошы, – кажа кіраўнік станцыі тэхабслугоўвання ГАП №4, Анатоль Гладкі.

На вуліцы ўжо цёмна, але чарга захоўваецца. Супрацоўнікі мяркуюць, што шмат людзей не паспеюць прайсці да канца дня.

Прэс-сакратар Міністэрства фінансаў у тэлефоннай размове абнадзейвае аўтаўладальнікаў:

– Сапраўды, папраўка да закону ўступае ў моц у новым фінансавым годзе – гэта 1 студзеня 2014 году. Спаганяць падатак будуць пры праходзе тэхагляду. А калі яго праходзіць – асабістая справа кожнага вадзіцеля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?