Судовая калегія па крымінальных справаў Вярхоўнага суда разгледзела ў касацыйным парадку крымінальную справу, па якой да адказнасці былі прыцягнутыя ўдзельнікі так званай пастаўскай злачыннай групоўкі Міхаіл Януковіч, Андрэй Лук'янаў і Алег Зубкевіч.

Злачынствы, учыненыя пастаўскай групоўкай, узрушылі Беларусь яшчэ ў 2007 годзе. Тады, як было даказана, члены групоўкі ў крымінальных разборках забілі іншых судзімых жыхароў Пастаў. Як высветлілі праваахоўнікі, адзін са зламыснікаў пад выглядам перапродажу зямельнага ўчастка завабіў двух ахвяр на закінуты хутар непадалёк ад літоўскай мяжы, дзе яго змоўшчыкі з засады адкрылі агонь з абрэза паляўнічай стрэльбы і малакалібернага пісталета. Целы злачынцы закапалі ў лясным масіве каля вёскі Навасёлкі -2 Пастаўскага раёна. Таксама злачынная група Януковіча рэгулярна займалася вымагальніцтвам, махлярствам, рабаваннямі, «дахаваннем» камерцыйных структур.

Крымінальны аўтарытэт з Паставаў Міхаіл Януковіч па сукупнасці злачынстваў быў асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суд прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні шматлікіх злачынстваў, сярод якіх вымагальніцтва, незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі, забойства і інш

Андрэй Лук'янаў быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні цэлага шэрагу злачынстваў, у тым ліку ў разбоі, вымагальніцтве, падбухторванні і дапамозе ў наўмысным пашкоджанні маёмасці, у падрыхтоўцы да наўмыснага знішчэння маёмасці агульнанебяспечным спосабам, незаконным захоўванні агнястрэльнай зброі, махлярстве. У сукупнасці ён атрымаў пакаранне ў выглядзе 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Алега Зубкевіча суд прыгаварыў да 23 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у вымагальніцтве, забойствах, захоўванні агнястрэльнай зброі і іншых злачынствах.

Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда пакінула без змены прысуды фігурантам гэтай крымінальнай справы. Кожны прысуд уступіў у законную сілу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?