Аляксандр Лукашэнка стварыў рабочыя групы для вырашэння праблемных пытанняў у ЖКГ і АПК. Адпаведныя распараджэнні Аляксандр Лукашэнка падпісаў 4 лютага.

Вывучэннем праблемных пытанняў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы зоймецца рабочая група пад кіраўніцтвам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона.

У склад рабочай групы ўключаны кіраўнікі шэрага рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама кіраўнікі асобных навуковых і праектных арганізацый, якія ведаюць праблемы галіны.

Рабочая група павінна выпрацаваць і рэалізаваць канкрэтныя прапановы па вырашэнні праблемных пытанняў і далейшым развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у тым ліку праз падрыхтоўку неабходных праектаў нарматыўных прававых актаў, накіраваных на ўдасканаленне структуры кіравання, сістэмы цэнаўтварэння ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, упарадкаванне фарміравання сабекошту жыллёва-камунальных паслуг, павышэнне якасці прадастаўляемых паслуг, работы з насельніцтвам па месцы жыхарства, эфектыўнасці дзейнасці ЖКГ.

Рабочая група мае права прыцягваць да работы кіраўнікоў і спецыялістаў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама і іншых арганізацый, а таксама іншых асоб, якія маюць адпаведную кваліфікацыю і практычны вопыт.

Вынікі дзейнасці рабочай групы будуць даложаны Лукашэнку да 31 мая.

Для вырашэння праблемных пытанняў у аграпрамысловым комплексе сфарміравана міжведамасная рабочая група пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча.

У складзе рабочай групы - 26 чалавек, у тым ліку старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, намеснік кіраўніка спраў Прэзідэнта, старшыні Белстата, Дзяржкаммаёмасці, канцэрна «Белдзяржхарчпрам», мінскіх абласнога і райвыканкама, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання і яго намеснік, намеснікі міністра эканомікі, фінансаў, МУС, па падатках і зборах, генеральныя дырэктары аграрных навукова-практычных цэнтраў НАН Беларусі, прадстаўнікі банкаў, вядомыя кіраўнікі перадавых сельскагаспадарчых арганізацый і іншыя спецыялісты.

Рабочай групе даручаецца выпрацаваць канкрэтныя прапановы па вырашэнні праблемных пытанняў у АПК, перш за ўсё па павышэнні прыбытку і рэнтабельнасці арганізацый сельскай гаспадаркі, зніжэнні запазычанасці і неплацежаздольнасці гаспадарак, сабекошту вытворчасці прадукцыі, у прыватнасці малака і мяса, травяных кармоў, павышэнні эфектыўнасці выкарыстання асноўных сродкаў і іх мадэрнізацыі, развіцці племянной справы і насенняводства, структуры пасеваў з улікам спецыялізацыі і яе абгрунтаванасці, прадукцыйнасці жывёлы, скарачэння расходу кармоў на адзінку вырабленай прадукцыі, па паляпшэнні кадравага забеспячэння сельскагаспадарчых арганізацый.

Да 10 сакавіка Лукашэнку павінны быць прадстаўлены комплексны даклад аб развіцці аграпрамысловага комплексу і праекты адпаведных нарматыўных прававых актаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?