11 лютага ў судзе Ашмянскага раёна суддзя Таццяна Емельяновіч агучыла рашэнне па выніках грамадзянскай справе праваабаронцы Таццяны Равякі супраць Ашмянскай мытні.

Нагадаем, што мытнікі забаранілі ўвозіць у Беларусь кнігу літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ «Асвечаныя Беларушчынай» Алеся Бяляцкага. У зборніку знайшлі шкоду дзяржаўным інтарэсам Беларусі — такую выснову зрабілі эксперты мытні, які вывучалі кнігу.

Пры гэтым абедзве экспертызы прызнаныя непрымальнымі. Суд знайшоў у іх фармальныя парушэнні працэдуры.

Суддзя пастанавіла, што кніга падлягае забароне і вывазу з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, паведамляе сайт праваабаронцаў-вясноўцаў Spring96.org.

Пакуль што некалькі дзясяткаў кніг застаюцца на Ашмянскай мытні. Таццяна Равяка збіраецца падаваць касацыйную скаргу ў Гродзенскі абласны суд.

Тым не менш, рашэннем Ашмянскага суда яна часткова задаволеная. Праваабаронца спадзяецца, што цяпер Ашмянская мытня спыніць незаконныя экспертызы, якія прызначаліся на выданне «Беларусь Прэс Фота» і кнігу Валерыя Карбалевіча «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт».

Кніга «Асвечаныя Беларушчынай» складаецца з артыкулаў і эсэ Бяляцкага пра творы беларускай культуры і творцаў, якія публікаваліся ў апошнія 20 гадоў у розных газетах і часопісах. Творы напісаныя з незалежніцкіх пазіцый. У кнізе няма нічога вострапалітычнага. Забарона грунтуецца, відаць, проста на імені аўтара, які знаходзіцца ў чорных спісах спецслужбаў.

Алесь Бяляцкі — палітвязень, які быў кіраўніком праваабарончага цэнтра «Вясна».

«Экспертыза праведзена экспертнай камісіяй у складзе супрацоўнікаў Гродзенскага ўніверсітета — Ягорычава Уладзіміра і Хілюты Вадзіма. Хацела б задаць пытанне прадстаўнікам Ашмянскай мытні: «Хто гэтыя людзі ў дадзенай справе? Якім чынам яны тут з’явіліся? Хто ім даручаў правядзенне мытнай экспертызы, калі такім правам надзелены толькі мытныя органы? Хто іх папярэджваў і ці папярэджваў увогуле пра адказнасць за дачу ілжывага заключэння?» — пыталася Таццяна Равяка ў судзе. — Адказу на гэтыя пытанні я не атрымала да гэтага часу. На якой падставе выносіцца Ашмянскай мытняй рашэнне аб унясенні кнігі «Асьвечаныя Беларушчынай» у пералік тавараў, да якіх ужываецца забарона ці абмежаванне на ўвоз? Да якой катэгорыі з пералічаных у дадзеным пераліку (парнаграфічных, экстрэмісцкіх, тэрарыстычных, нацысцкіх ці нейкіх іншых) адносіцца інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў выданні? Я з усёй адказнасцю магу заявіць, што да ніводнай з пералічаных катэгорый кніга Алеся Бяляцкага не адносіцца», — сказала Равяка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?