Дзяржава выцягвае з «Марка» прыбытак і навязвае стратныя прадпрыемствы.

 Два апошнія гады дзяржава актыўна стварала ў беларускай прамысловасці холдынгі. Гэты працэс ішоў па схеме: да паспяховага прадпрыемства прывязваліся стратныя, каб яны разам маглі ўтрымацца на плаву.

Вялікія планы ў дзяржавы былі і па стварэнні абутковага холдынгу. Кампаніі «Белвест » і «Луч» упарта адбіваліся ад падобнай ініцыятывы дзяржавы, і адбіліся-такі (праўда, «Луч» за гэта паплаціўся). А вось «Марка» прыйшлося падпарадкавацца.

У кастрычніку мінулага года прэзідэнт падпісаў указ па стварэнні холдынгу «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія» Марка». У склад холдынгу ўвайшлі даччыная кампанія «Сан Марка» і ААТ «Чырвоны Кастрычнік». У прыдачу да іх дзяржава накінула і Віцебскі футравы камбінат.

«Чырвоны Кастрычнік» перайшоў у валоданне Мікалая Мартынава, гендырэктара «Марка» і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацсходу, яшчэ раней — у 2008 годзе. На Асамблеі дзелавых колаў, якая прайшла ў сераду, бізнэсмен распавёў, што стратнае прадпрыемства за 4 гады ўдалося выцягнуць: яно стала працаваць рэнтабельна, вытворчасць вырасла з 16 тысяч пар за год да 1,3 мільёна.

Аднак з футравым камбінатам паўтарыць фокус не атрымліваецца. Пра жаданне набыць прадпрыемства дзяржава, мабыць, нікога асабліва не пытала. Па словах Мартынава, яго продаж і далучэнне да холдынгу былі прапісаны ва ўказе прэзідэнта, які быў прыняты «за два дні».

Адначасова з купляй стратных дзяржпрадпрыемстваў на «Марка» леглі маштабныя абавязацельствы па інвестпраекту. Па-першае, кампанія абавязаная за тры гады завяршыць рэканструкцыю і мадэрнізацыю футравай вытворчасці і выйсці на зададзеныя магутнасці. На прадпрыемствах холдынгу да 2019 года павінна вырабляцца абутку не менш за 5 млн пар у год.

Рэнтабельнасць продажаў пры гэтым павінна атрымацца не менш за 12 %, выручка ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго работніка — 40 тысяч даляраў. Запланавана стварыць 926 новых працоўных месцаў, напалову знізіць імпартны складнік пры вытворчасці абутку і павялічыць аб'ём экспарту.

Для ажыццяўлення гэтых планаў ва ўказе прапісваліся некаторыя меры дзяржпадтрымкі.

Аднак пасля першага аналізу стану далучанага прадпрыемства экспертам кампаніі стала ясна, што за тры гады яго праблемы не вырашыць. «Мы закупілі для прадпрыемства сыравіну і згубілі 9 мільярдаў рублёў», — сказаў Мікалай Мартынаў. З атрыманнем дзяржпадтрымкі таксама з'явіліся праблемы.

«Здавалася б, у заканадаўстве ўсё прадугледжана для дзяржаўна-прыватнага партнёрства, а на справе нічога не выконваецца», — паскардзіўся бізнэсмен.

Ён звярнуў увагу на яшчэ адну праблему супрацоўніцтва з дзяржавай: яна забірае вялікую частку прыбытку ў выглядзе спонсарскай дапамогі.

«Сёння дзікае жаданне атрымання спонсарскай дапамогі — гэта мяжа ўсім, — панаракаў уладальнік «Марка». — У нас за 13-ы год папрасілі перавесці ў фонд спонсарскай дапамогі больш, чым мы зарабілі прыбытку. Я тлумачу — гэта немагчыма. Але хочуць менавіта так».

«Ты, здавалася б, падаткі плаціш, розныя абавязацельствы выконваеш, але спонсарскую дапамогу не даў — і становішся дрэнным, а адсюль розныя наступствы … », — падзяліўся сваімі бедамі адзін з самых паспяховых беларускіх бізнэсменаў.

Паводле яго слоў, у свой час указ пра спонсарскую дапамогу «у нейкай ступені астудзіў запал чыноўнікаў». Але цяпер яго трэба абнавіць, перакананы Мікалай Мартынаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?