Як паведамілі ў Следчым камітэце, сярод рыэлтараў галоўным фігурантам справы стала найбуйнейшае і найстарэйшае агенцтва нерухомасці сталіцы «Дзінас». Падазраванай па справе праходзіць намеснік дырэктара ТАА «ДзінасІнвест» Алена Тумайкіна. Ёй інкрымінуецца здзяйсненне злачынства па ч.5 арт.16 і ч.2 арт.431 (падбухторванне да давання хабару).

Паводле дадзеных Следчага камітэта, падазраваная была часткай маштабнай карупцыйнай сеткі ў жыллёвым будаўніцтве, падобнай да якой у яшчэ не было ў краіне. У гэтую сетку ўваходзілі службовыя асобы шэрагу буйных кампаній-забудоўшчыкаў, службовыя асобы рыэлтарскіх агенцтваў і інш.

Сетка была створаная з мэтай незаконнай рэалізацыі кватэр у новых забудовах праз долевае будаўніцтва.

У дэталях дзейнасці яшчэ разбіраюцца праваахоўныя органы, адпаведна, падрабязная інфармацыя не выдаецца. У агульных жа рысах схема дзейнічала наступным чынам. Напрыклад, кампанія-забудоўшчык узводзіць жылы шматкватэрны дом у Мінску, дзе прапануе жыхарам сталіцы, якія стаяць на чарзе, стаць дольшчыкамі. Пры гэтым з вольнага абароту адразу выводзіцца некалькі кватэр, якія праз рыэлтарскія агенцтвы прапануюцца налева за хабар. Каб стаць дольшчыкам, ахвочым даводзілася плаціць ад 4,5 да 8 тысяч даляраў у залежнасці ад таго, на якую кватэру прэтэндаваў кліент. Ад гэтай сумы свой працэнт атрымлівалі ўсе ўдзельнікі карупцыйнай схемы, але асноўныя вяршкі здымалі арганізатары. Ёсць дадзеныя, што карупцыйныя ніткі гэтай сеткі цягнуліся ў Мінгарвыканкам, але пакуль там нікому абвінавачанне не выстаўленае, чаго нельга сказаць пра службовых асоб забудоўшчыкаў і рыэлтарскіх агенцтваў.

Ужо вядома, што ў злачынную дзейнасць былі ўцягнутыя службовыя асобы як мінімум трох буйных кампаній-забудоўшчыкаў, а таксама рыэлтары не толькі «Дзінаса», але і іншых агенцтваў. Аднак інфармацыя пра іншыя агенцтвы, як і пра кампаніі-забудоўшчыкі ў інтарэсах расследавання пакуль не выдаецца.

У цяперашні час вядома, што карупцыйная сетка дзейнічала ў Мінску як мінімум з 2009 года.

Колькі кватэр за гэты час сышло налева, сказаць пакуль складана, бо следчыя пакуль яшчэ правяраюць усе дамы, якія пабудавалі за гэты час уцягнутыя ў незаконную дзейнасць забудоўшчыкі.

Аднак, як кажуць у Следчым камітэце, па маштабнасці дадзеная карупцыйная сетка ў жыллёвым будаўніцтве не ведае сабе роўных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?