Публіцыст і гісторык Уладзімір Кара-Мурза мл. распавёў у сваім блогу, хто ж на самай справе выступіў назіральнікам на незаконным рэферэндуме ў Крыме.

«Рэферэндум у Крыме адпавядаў міжнародным нормам, дэмакратычным працэдурам. Пра гэта заявіў ІТАР-ТАСС кіраўнік місіі міжнародных назіральнікаў Матэвуш Пыскорскі (Польшча)», - паведаміла ўчора сваім чытачам галоўнае расійскае дзяржаўнае інфармагенцтва. - «Рэферэндум адпавядаў мясцоваму заканадаўству і прайшоў у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права. Тое, што мы бачылі сёння ў Крыме, нічым не адрозніваецца ад плебісцыту ў любой дэмакратычнай еўрапейскай краіне», - сказаў ён», піша Кара-Мурза ў блогу на «Эхо Москвы».

На жаль, ні паважанае агенцтва, ні іншыя СМІ, што цытавалі гэтую навіну, не палічылі патрэбным паведаміць пра тое, што «кіраўнік місіі міжнародных назіральнікаў Матэвуш Пыскорскі» - вядомы польскі фашыст і антысеміт, адкрыты прыхільнік нацыянал-сацыялізму, адмаўляе Халакост, аўтар артыкулаў на партале «Белы свет» і ў газеце «Я - рускі», былы галоўны рэдактар часопіса польскіх скінхэдаў Odala, у якім узносіліся «арыйская раса» і Адольф Гітлер, паплечнік «еўразійцаў» Аляксандра Дугіна, выкрывальнік «жыдоўскага спосабу» эканамічнага ўплыву.

Такая вось «барацьба з фашыстамі на Украіне».

Зрэшты, нічога новага тут няма: у нядаўнім артыкуле «Еўрапейскія сябры Пуціна: Крэмль ставіць на ўльтраправых» журналіст Алена Серветаз падрабязна прааналізавала сувязі цяперашняй расейскай улады з радыкальнымі правымі ў Еўрасаюзе, у тым ліку з лідарам французскага «Нацфронта» Марын Ле Пен і кіраўніком брытанскай нацыянальнай партыі Нікам Грыфінам. Апошні, дарэчы, таксама (як і Пыскорскі) выступаў у ролі «еўрапейскага назіральніка» на чураўскіх «выбарах» і, зразумела, не выявіў ніякіх парушэнняў.

Нешта ёсць у гэтым фрэйдысцкае - кляйміць «варожы» Захад з прапагандысцкіх экранаў, але пры гэтым так жадаць яго адабрэння, імітуючы прысутнасць «еўрапейскіх назіральнікаў».

А з вынікам крымскага «рэфэрэндуму» - 95,7 %, - вядома, перабралі. Нават Лукашэнка на апошніх «выбарах» намаляваў сябе 79,7 %. Зрэшты, гэта ўсё ж менш, чым 99,8 % за Уладзіміра Пуціна на «выбарах» у 2012-м у Чачні ці 99,7 % у аўстрыйскім «рэферэндуме» 1938 у далучэнні да гітлераўскага рэйха.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?