МУС Беларусі аператыўна рэагуе на з`яўленне ў краіне новых наркотыкаў, заявіў журналістам 2 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
«На постсавецкай прасторы толькі мы так аператыўна рэагуем на абнаўленне наркотыкаў і ўнясенне ў спіс новых формул іх вытворчасці, — сказаў ён. — Наконт спайсаў, магчыма, мы не так аператыўна адрэагавалі з пункта гледжання абывацеля — людзі загінулі, ёсць у гэтым і наша віна. Але канал паставак спынены».
Паводле слоў Шуневіча, канфіскавана некалькі дзясяткаў кілаграмаў інгрэдыентаў, неабходных для вырабу марак і спайсаў. Затрыманыя два чалавекі.
Пры гэтым на пытанне аб краіне ўвозу псіхатропных рэчываў Шуневіч не стаў адказваць. «Я не хацеў бы называць краіну, каб не падстаўляць нашых дыпламатаў, таму што з гэтай краінай мы супрацоўнічаем. Але важна, што гэты дурман канфіскаваны», — сказаў ён.