Згодна са звесткамі Белстата, здабыча паліўна-энергетычных карысных выкапняў у краіне за два першыя месяцы года вырасла адразу на 27,8%. Гэта дзіўна. Радовішчы беларускай нафты вычэрпваюцца. А здабыча торфу ў краіне ўжо доўгі час заставалася на нязменным узроўні, дый яна малазначная.

Што ж новага «выкапалі ў Беларусі»? Пасля гісторыі з рээкспартам нафты пад выглядам растваральнікаў аналітыкі старанна прыглядаюцца да афіцыйных статзвестак.

У цэлым жа за першы квартал 2014 года прамысловая вытворчасць знізілася на 3,4% да аналагічнага перыяду 2013 года і склала 162 трлн беларускіх рублёў. Але гэта вынік рэзкага спаду ў студзені-лютым. У сакавіку зафіксаваны рост прамысловай вытворчасці на 0,7% у гадавым вылічэнні і на 11,4% — у месячным.

Але калі адняць рост здабычы карысных выкапняў — росту не будзе.

Ва ўсіх галоўных сектарах беларускай прамысловасці падзенне працягвалася.

Найбольшы спад за першыя тры месяцы адбыўся ў вытворчасці транспартных сродкаў — на 25%, машын і абсталявання — на 17%, вытворчасці гумовых і пластмасавых вырабаў — на 14%.

Здабыча карысных выкапняў, акрамя паліўна-энергетычных, знізілася на 9%, вытворчасць скуры і абутку — на 6%, вытворчасць прадуктаў — на 5%, вытворчасць электраабсталявання, электроннага і аптычнага абсталявання — амаль на 5%, тэкстыльная і швейная вытворчасць — на 4%, вытворчасць і размеркаванне электраэнергіі, газу і вады — на 3% (апошняя звязана з цёплай зімой), металургія ўпала на 2%, цэлюлозна-папяровая вытворчасць — на 1%.

Рост зафіксаваны ў вытворчасці нафтапрадуктаў — на 4%, дзякуючы росту паставак расійскай нафты. Вырасла і хімічная вытворчасць і дрэваапрацоўка — на 5%, вынік мадэрнізацыі раней адсталай галіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?