Дзяржсакратар ЗША Керы і кіраўніца еўрасаюзаўскай дыпламатыі Эштан пасля перамоваў. Фота Ройтэрз.

Дзяржсакратар ЗША Керы і кіраўніца еўрасаюзаўскай дыпламатыі Эштан пасля перамоваў. Фота Ройтэрз.

Сустрэча Украіна — ЕС — ЗША — Расія дала больш, чым чакалася.

Дасягнуты шэраг дамоўленасцяў, у прыватнасці, аб вызваленні захопленых будынкаў ва Украіне і амністыі пратэстуючых. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Расіі на прэс-канферэнцыі.

«Мы прынялі дакумент, Жэнеўскую заяву ад 17 красавіка. Ці пагадзіліся з неабходнасцю прыняць першапачатковыя крокі па дээскалацыі напружанасці, аднаўленні бяспекі для ўсіх грамадзян Украіны», — паведаміў ён.

«Дамовіліся, што ўсе бакі павінны ўстрымлівацца ад гвалту, ад любога запалохвання, ад правакацыйных дзеянняў. І мы рашуча асудзілі і адкінулі любыя праявы экстрэмізму, расізму, рэлігійнай нецярпімасці, уключаючы антысемітызм», — дадаў міністр.

«Сярод крокаў, якія мы заклікаем ажыццявіць, наступныя: усе незаконныя ўзброеныя фармаванні павінны быць раззброеныя, усе незаконна занятыя будынкі павінны быць вернутыя легітымным уладальнікам. Усе акупаваныя вуліцы, плошчы і іншыя публічныя месцы ва ўсіх гарадах Украіны павінны быць вызваленыя», — распавёў Лаўроў.

Гэта ўсё азначала б перамогу цэнтральнага ўрада ва Украіне, калі было б выканана. Але ці будзе выканана і хто пракантралюе?

«Павінна быць ажыццёўлена амністыя ўсіх пратэстоўцаў. За выключэннем тых, хто здзейсніў цяжкія злачынствы», — адзначыў ён.

Пад цяжкія злачынствы падпадае і здрада радзіме, аднак.

«Мы асабліва выдзелілі лёс «народнага губернатара Данецка» Паўла Губарава», — падкрэсліў кіраўнік МЗС РФ асобу віднага прадстаўніка расійскай пятай калоны ва Украіне.

«Для рэалізацыі ўсіх захадаў у комплексе мы заклікаем спецыяльную маніторынгавую місію АБСЕ, якая працуе ва Украіне ўжо, у адпаведнасці з яе мандатам, які даручае ёй разрульваць розныя сітуацыі, здымаць напружанасць паміж канфліктуючымі бакамі ва Украіне», — дадаў дыпламат.

«Мы заклікаем гэтую місію іграць першую ролю ў тым, каб аказваць спрыянне самім ўкраінцам — і ўладам ў Кіеве, і мясцовым грамадам рэгіёнаў — рэалізоўваць згаданыя вышэй меры па дээскалацыі сітуацыі. Мы будзем падтрымліваць працу гэтай місіі па наладжванні дыялогу паміж бакамі», — паведаміў Лаўроў.

Акрамя таго, паводле яго слоў, удзельнікі сустрэчы прынялі заклік аб неадкладным пачатку шырокага нацыянальнага дыялогу ў рамках канстытуцыйнага працэсу, які павінен ахапіць усе рэгіёны і палітычныя групы.

Лаўроў адзначыў, што па меры рэалізацыі крокаў Расія будзе абмяркоўваць пытанне аб дапамозе ў стабілізацыі эканомікі Украіны.

«Але самае галоўнае для нас — гэта прызнанне ўдзельнікамі (сустрэчы) таго няўхільнага факта, што гэты крызіс павінны ўрэгуляваць самі ўкраінцы, у тым, што тычыцца неадкладнага спынення канфліктаў, звязаных з затрыманнем пратэстоўцаў, займаннем розных будынкаў і плошчаў», — дадаў дыпламат.

Перад сустрэчай Масква атрымала ясныя сігналы ад ЗША і Еўрасаюза, што Захад гатовы нават на балючыя санкцыі ў адказ на агрэсію ва Украіне. Акрамя таго, НАТА заявіла пра перабазаванне ваенных караблёў у Балтыйскае мора і ўсходняе Міжземнамор'е. А сёння ўначы ўкраінская армія ўпершыню ўжыла зброю і разагнала штурмавікоў, якія спрабавалі заняць часць Унутраных войскаў у Марыупалі. Пры гэтым тры штурмавікі былі забіты, яшчэ 63 затрыманы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?