Маладыя хрысціянскія дэмакраты правялі 17 красавіка акцыю ў мінскім метро, яшчэ раз нагадаўшы з дапамогай улётак менчукам і уладам пра сітуацыю з беларускімі палітвязнямі, і перадусім з сябрам БХД Яўгенам Васьковічам, паведамляе bchd.info

За спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 года будынка КДБ у Бабруйску, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю, Яўген Васьковіч разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым 18 мая 2011 года быў асуджаны на падставе ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч. 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйных памерах) Крымінальнага кодэкса на сем гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Васьковіч — адзін з наймалодшых беларускіх палітвязняў. Яго асудзілі за напад на будынак КДБ у Бабруйску, які адбыўся ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года.

У нападзе ніхто не пацярпеў, а рэальныя страты склалі 253 тысячы рублёў, якія былі кампенсаваныя. Нягледзячы на гэта, Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яўген некалькі разоў адмаўляўся пісаць прашэнне аб памілаванні, а з кастрычніка 2011 г. па студзень 2014 г. 247 сутак правёў у штрафным ізалятары.

Васьковіч Яўген Сяргеевіч сядзіць у турме №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0