Супраць прымусу

Юрысты зь Беларускага Хэльсынскага камітэту зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд, каб высьветліць, наколькі норма пра абавязковае разьмеркаваньне адпавядае Канстытуцыі. У БХК упэўненыя, што сёньняшняя форма разьмеркаваньня ў Беларусі мае выразны прымусовы характар. Між іншага, наша краіна падпісала Канвэнцыю міжнароднай арганізацыі працы «Пра скасаваньне прымусовай працы». Сёлета супраць студэнтаў, якія не зьявіліся па разьмеркаваньні, завялі 65 крымінальных справаў. Сумы кампэнсацый не малыя — $3—5 тысячаў.

13 лістапада

Клімаву вярнулі ежу

Палітвязьню Андрэю Клімаву вярнулі харчы, якія ў яго адабралі яшчэ на пачатку кастрычніка, як толькі прывезьлі ў Мазырскую калёнію. Пра гэта паведаміў выконваючы абавязкі начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Юры Баранкоў: «Харчы бралі для праверкі, цяпер усё вярнулі».

Між тым сваякі палітвязьня сьцьвярджаюць, што ўжо болей за тры тыдні ад Клімава няма адказаў ні на лісты, ні на тэлеграмы, таму яны непакояцца.

«Товарищ» вярнулі праз паўтара месяца

Начальнік гарадзкога аддзелу міліцыі №1 Ленінскага РУУС Менску Ўладзіслаў Счасновіч і ягоныя падначаленыя вярнулі рэдактару недзяржаўнай грамадзка‑палітычнай газэты «Товарищ» Сяргею Вазьняку наклад нумару выданьня, які быў сканфіскаваны з офісу рэдакцыі 27 верасьня нібыта для праверкі на адпаведнасьць заканадаўству. У заключэньні паводле вынікаў праверкі, падпісаным 27 кастрычніка, паведамляецца, што парушэньняў закону ня выяўлена.

БТ здымае каліноўцаў

Здымачная група ў складзе апэратара Васіля Ласянкова і журналісткі Алены Бардзікоўскай наведалася ў Магілёўскі дзяржунівэрсытэт. У кабінэце дэкана яны ўзялі кароткае інтэрвію ў студэнта І курсу гістфаку Івана Сьпірына. Апошняму настойліва параілі адказаць на пытаньні журналістаў прысутныя ў пакоі прадстаўнікі спэцслужбаў. Усе пытаньні тычыліся навучаньня І. Сьпірына ў Польшчы па праграме Каліноўскага. Хлопец адвучыўся ў Торуньскім унівэрсытэце 2 сэмэстры і мусіў вярнуцца ў Беларусь па сямейных абставінах.

14 лістапада

Левым ня даюць аб’яднацца

Калегія Вярхоўнага суду (судзьдзя — Бабкоў) адмовіла ў скарзе на рашэньне Мінюсту ад 9 жніўня пра адмову ў рэгістрацыі Саюзу левых партыяў. Судзьдзя прыняў бок Мін’юсту, паколькі адзін з заснавальнікаў СЛП, жаночая партыя «Надзея», была ліквідаваная рашэньнем Вярхоўнага суду 11 кастрычніка.

Рашэньне Вярхоўнага суду абскарджаньню не падлягае.

КДБ супраць «Штазі»

У менскім клюбе «Фартуна» мусіла адбыцца прэзэнтацыя новага альбому гурта «Нэйра Дзюбель» «Штазі». Паводле словаў лідэра «НД» Аляксандра Кулінковіча, канцэрт забараніў аддзел ідэалёгіі Партызанскага раёну. Прычынаў адмены канцэрту не патлумачылі, проста загадалі зьбіраць рэчы. Нядаўна ў «Фартуне» прэзэнтавалі свае новыя альбомы гурты «Крама» і «N.R.M.», чые жывыя выступы ў Беларусі сталі рэдкай зьявай пасьля канцэрту ў парку Дружбы народаў ў 2004 г. на дазволенай уладамі акцыі апазыцыі.

16 лістапада

Школьнікі ў пастарунку

У Мазыры на мітынгу супраць адмены льготаў затрымалі 25 чалавек, большасьць зь якіх навучэнцы гарадзкіх школаў. У пастарунку школьнікаў сфатаграфалі і ўзялі ў іх адбіткі пальцаў. Былі складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. У парушэньне дзейнага заканадаўства, да непаўналетніх ня выклікалі бацькоў. Праваабаронцу Сяргея Лапушку не пусьцілі да затрыманых. Міліцэйскае кіраўніцтва патрабавала ад падлеткаў назваць арганізатараў акцыі. Пры гэтым, паводле сьведкаў, у выпадку адмовы падпалкоўнік міліцыі Гвозьдзь пагражаў школьнікам вялізнымі штрафамі.

16

У Менску прайшлі акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі. Некалькі дзясяткаў сябраў грамадзянскай кампаніі «За свабоду» сабраліся каля ўнівэрсаму «Першамайскі» ў менскім мікрараёне «Ўручча». Хлопцы і дзяўчаты трымалі партрэты зьніклых палітыкаў і палітзьняволеных. Сьвечкі салідарнасьці запалілі таксама на Камароўцы, побач з Галоўпаштамтам ды царквой Сьвятога Язэпа. Каля чыгуначнага вакзалу, Чэрвеньскага рынку ды на вуліцы Маскоўскай зьявіліся расьцяжкі. У Варшаве пасьля заканчэньня акцыі салідарнасьці прадстаўнік пасольства Беларусі ў Польшчы паразьбіваў запаленыя побач з пасольствам зьнічкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?