Калі 1 верасня 1983 году ў небе над Сахалінам савецкі знішчальнік «Су-15» збіў пасажырскі «Боінг 747» паўднёвакарэйскай авіякампаніі, які выконваў рэйс па маршруце Нью-Ёрк—Сеул, то першае паведамленне ТАСС пра гэтую падзею выглядала прыкладна так: у паветраную прастору СССР заглыбіўся невядомы самалёт, савецкія ваенныя самалёты яго пераследавалі, пакуль тое невядомае судна ня выйшла за нашы межы. Потым, пад ціскам фактаў, абурэння ўсясветнай супольнасці Масква мусіла прызнаць, што паўднёвакарэйскі «Боінг» быў усё ж збіты савецкімі вайскоўцамі. І калі на прэс-канферэнцыі замежныя журналісты спыталіся ў загадчыка аддзела міжнароднай інфармацыі ЦК КПСС Леаніда Замяціна: «навошта вы казалі няпраўду ў першым паведамленні ТАСС?», ягоны адказ можна лічыць узорам віртуознай дэмагогіі савецкай прапаганды: «вы зрабілі няправільны пераклад з рускай дыпламатычнай мовы.

Гэтая фраза ўзгадваецца, калі слухаю заявы расійскіх афіцыйных асобаў, дзяржаўных мэдыяў з нагоды збіцця малайзійскага «Боінга». Звяртае на сябе ўвагу незвычайная рэакцыя на гэтую трагедыю Уладзіміра Пуціна. Ён, быццам чагосьці моцна спалохаўшыся, неяк дзіўна замітусіўся. Здавалася б, катастрофа здарылася на тэрыторыі суседняй дзяржавы, самалёт не расійскі, грамадзян РФ на борце не было, а паводле афіцыйнай версіі Крамля, ніякай падтрымкі сепаратыстам на ўсходзе Украіны Масква не аказвае. То бок Расія быццам бы тут зусім ні пры чым. Але Уладзімір Пуцін нібы за нешта апраўдваецца. Адразу ж пасля падзення «Боінга» ён робіць бясконцыя тэлефанаванні заходнім лідэрам, дэманстратыўна праводзіць у тэлеэфіры хвіліну маўчання ў памяць загінулых у катастрофе, выступае з нейкім дзіўным пустым начным тэлезваротам, ліхаманкава праводзіць паседжанне Рады бясьпекі РФ.

Непакой Пуціна зразумелы. Знішчэнне пасажырскага авіялайнера прынцыпова мяняе ўвесь кантэкст расійска-ўкраінскага канфлікту. Да гэтага часу вайна на ўсходзе Украіны для ўсяго свету, у тым ліку для ЗША і Еўропы, была ў пэўным сэнсе геапалітычнай абстракцыяй. Так, Расія парушае міжнародныя правілы, ёй трэба на гэта мякка паказаць, але псаваць адносіны з Масквой не хочацца, бо на яе завязана шмат розных інтарэсаў.

Цяпер становіцца відавочным, што ваенны ачаг на ўсходзе Украіны — гэта пагроза міжнароднай бяспецы. Гэтая вайна пачала забіваць грамадзян Нідэрландаў, Малайзіі, Аўстраліі ды іншых краін, далёкіх ад месца баявых дзеянняў. Бо ў эпоху глабалізацыі бяспека можа быць толькі ўсеагульнай.

У мяне ёсць сумневы, што міжнародная камісія, якая расследуе прычыны катастрофы, прыйдзе да нейкіх пэўных высноваў адносна таго, хто збіў самалёт. Як, напрыклад, міжнародная камісія так і не прыйшла да высновы, хто прымяняў хімічную зброю ў Сірыі. Гэта цяжка зрабіць, асабліва ва ўмовах, калі супрацоўнічаць з міжнароднымі экспертамі вінаватыя ня хочуць, а прымусіць іх немагчыма.

Але нават калі такія высновы будуць зробленыя, то бакі ўкраінскай вайны іх не прызнаюць. Калі камісія абвесціць, што самалёт збілі сепаратысты, то лідэры ДНР, а за імі і Расія скажуць, што эксперты ангажаваныя, купленыя Захадам. Як не прызнаў СССР вынікаў міжнароднага расследавання трагедыі з паўднёвакарэйскім «Боінгам» у 1983 годзе. Падчас жорсткай інфармацыйнай вайны па-іншаму не бывае. Збіты лайнер стане толькі новай порцыяй бензіну ў агонь гэтай вайны.

Аднак нават у сітуацыі нявызначанасці што да канкрэтных віноўнікаў знішчэння малайзійскага авіялайнера заходнія дзяржавы абвінавацілі сёння Маскву. Пуцін не памыліўся ў сваіх прадчуваннях. І логіка Захаду зразумелая. Калі, як выказаўся расійскі журналіст Уладзімір Салаўёў, «самалёт збіла вайна», то хто арганізаваў гэтую вайну? Без падтрымкі Расіі ваенны канфлікт на ўсходзе Украіны быў бы немагчымы. У такім выпадку Масква павінна несці палітычную адказнасць за збіты авіялайнер.

Адным з важных наступстваў авіякатастрофы над Данбасам стала больш рашучая пазіцыя Еўропы адносна неабходнасці спынення ваеннага канфлікту і ацэнак пазіцыі Расіі. Цяпер у грамадскай думцы Захаду Расія выглядае спонсарам міжнароднага тэрарызму. І ад гэтага вобразу Маскве цяжка адмыцца. Як сказаў прэм’ер Аўстраліі Тоні Эбат, «Расія ня выйдзе сухой з вады».

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?