Персанальна мне падабаецца, што Лукашэнка зараз выступае пасрэднікам у мірных перамовах па Украіне. Гэта ўсяляе некаторы аптымізм. Канечне, як сказаў у свой час Карбалевіч, калі АГЛ кажа, што нечага не хоча ці нечага не робіць — значыць дакладна і робіць? і хоча. Так што калі ён пераконвае, што роля пасрэдніка па Украіне яму зусім не падабаецца — значыць, што быць такім пасрэднікам ён заўжды хацеў болей за ўсё ў свеце.

Проста, на маю сціплую думку,

Лукашэнка адчуў, што трэба зноў станавіцца «небезнадзейным» у вачах Захада. Асабліва, калі статус «абсалютна безнадзейнага» набывае Пуцін.

Зразумела, што гэтыя перамовы паміж тэрарыстамі, Расіяй і Украінай ні да чаго не прывядуць, але менавіта гэта і падабаецца Лукашэнку. Ён ведае, што Захад страшна любіць весці бясконцыя перамовы і той факт, што яны не маюць шанца на поспех абазначае адсутнасць усялякай адказнасці за вынік, пры гэтым ты як мадэратар перамоваў выглядаеш самым зацікаўленым і самым важным іх суб’ектам.

Беларусь — апошняя краіна, якую пакуль спансіруе Расія.

Фінансаў не хапае ўжо нават на Абхазію. Што трывожна. Яшчэ адным трывожным званком стала тое, што расійскі ўрад толькі што запусціў руку ў накапіцельную частку пенсій сваіх грамадзянаў. Інакш кажучы «пазычыў» грошы. Але як тут аддасі?

Ну, дапусцім, сектаральныя санкцыі Расія перажыве, хаця лепей ёй, натуральна, не стане. Ну, дапусцім, 50 млрд па справе ЮКАСу можна аспрэчваць яшчэ год-два. Але вось з Ірана здымаюць санкцыі, а гэта найбуйнейшы ўласнік газу ў свеце (Расія на другім месцы) і трэці ў спісе краін, якія здабываюць нафту. Што гэта значыць для Расіі? Гэта значыць што

калі нафта апусціцца ніжэй за 90$, яны не звярстаюць бюджэт і сцэнар Савецкага Саюза падасца не такім ужо і неверагодным.

Плюс ім трэба выконваць свае абавязкі перад Кітаем, бо кантракт падпісаны і цяпер трэба авансам разведаць радовішчы і пабудаваць газаправод, кошт будаўніцтва якога яны ацанілі у 70 млрд даляраў. Не забываем і пра тое, што калі Польшча і Украіна нарэшце пачнуць здабычу сланцавага газу з сабекоштам здабычы ў раёне 120$ за 1000 кубоў — яны такім чынам зафіксуюць нейкую раўнаважную цану, па якой свой газ (з нізкім сабекоштам здабычы) зможа прадаваць Расія. І гэта будзе, канечне, не 380-415$, якія яны зараз па-братэрску прапануюць Украіне – буйнаму кліенту «Газпрома», які штогод купляе каля 20 млрд кубаметраў. А той факт, што аб’ём паставак туды ужо скараціўся на 23% — адзін з чыннікаў, якія вельмі нервуюць Расію.

Карацей, калі скласці усе гэтыя чыннікі, можна зразумець, што Расію — не выключана — чакае некаторы піндык у гэтай сувязі. І Лукашэнка не апошні, каго гэта непакоіць.

Ён разумее, што калі Расія грошай не дасць, дык адзінае месца, дзе іх дадуць і шмат не папросяць — гэта Еўропа. Так, патрэбныя будуць рэформы, так, скарачэнні сацпраграм, так, прыватызацыя, так — выбары. Але гэта не галодныя бунты. І гэта — паслязаўтра.

Таму сёння ён страхуецца і пачанае будаваць сабе імідж новага, небезнадзейнага дзядзькі, які вось ужо і па-беларуску размаўляе, вось ужо і за цэласнасць і стабільнасць у «нашай Украіне», вось ужо свеціцца профілем на гуманітарных пратакольных мерапрыемствах.

З іншага боку, калі Расію накрые фекальнай хваляй вынікаў яе ж дзейнасці — тут, унутры нашай суседкі, можа з’явіцца не пазбаўленая прагматызму думка, што «вайна народная, свяшчэнная вайна», асабліва калі «Крым наш» і народ ужо канчаткова «ўстаў з кален» — справа не безнадзейная і не бескарысная.

І ў гэты момант Аляксандру Рыгоравічу можа быць прапанавана нарэшце спраўдзіць сваю даўнюю мару-абяцанне стаць грудзьмі на шляху натаўскай танкавай калоны. Але ж гэта значна прыемней рабіць у тэорыі, перад камерамі, чым у рэале, на свежаадрамантаванай за еўрасаюзаўскія грошы трасе Мінск-Брэст.

Асабліва ўсведамляючы розніцу вайсковых бюджэтаў НАТА і АДКБ. Таму ў развагах да каго прыткнуцца наш кіраўнік у сваім чоўне грабе пакуль толькі адной даланёй і апісвае невялікія кругі вакол кропкі ў раёне Драздоў. Грабе і думае. А мне хочацца перадаць яму прывітанне і папрасіць не думаць, а адграбаць ад Расіі як след. Дзвюма рукамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0