Сярод адметных нацыянальных рысаў беларусаў ёсьць адна, якую пільныя дасьледчыкі цьмянае народнае душы дагэтуль чамусьці не ўнесьлі ў рэестар і не апісалі як сьлед — у працоўным варыянце назавем яе «гонарам за хібы». Зьдзіўленыя? А дарэмна.

Гэта тое, што вы назіраеце паўсядзённа, але проста ня ведалі, як абагульнена найменаваць. Пабытова — гэта калі цэнтнэровая цётка напінае на свае цыклапічныя складкі S-кавы топік; калі гора-дызайнер робіць на сваім лецішчы лебядзёў з парэзаных гумовых колаў і божых каровак з будаўнічых касак; калі местачковы стрытрэйсер бязлітасна цюнінгуе кутасамі салон BMW, па якой плача «ўторчэрмет»; калі картавы пнецца ў дыктары, а коснаязыкі ў лектары.

Зразумела, што ў глыбіні гэтых зьяваў дасьведчаны псыхоляг-культуроляг-філёзаф знойдзе і недахоп адукацы, і брак мастацкага густу — усё гэта так, але нас, у аспэкце рысаў менталітэту, цікаваіць іншае. Усе гэтыя моманты аб’ядноўвае абсалютна нелягічная выніковая рэакцыя носьбітаў — Гонар! Не жаданьне выправіць, удасканаліць, падвучыць і падлячыць, а менавіта асалода і задавальненьне. Як сярэднявечныя калекі ля брамы бажніцы тыцкалі ў твар свае кульці і язвы, гэтак і ў нас – носьбіты ўсялякіх хібаў проста кайфуюць ад дэманстрацыі іх беламу сьвету!

Зь дзяцінства бацькі-няздары пестуюць гэткіх жа дзетак: «Вучысься на траякі? Два на два ня множыш, чытаеш па складах? — І я такая была — але во, шчасьліва жыву!»

З пабытовага гэты «гонар» выходзіць на шырокі прастор грамадскага жыцьця, палітыкі, культуры. Адным з класічных прыкладаў ёсьць фэномен з трасянкаю. Усім вядомы яго лінгвістычны бок, але мала хто задумваўся над тым, чаму такі «язык» гэткі трывалы і жывучы? Адказ тут жа. Менавіта «гонар за хібы» жывіць трасянку і дадае новых і новых адэптаў. Ня ведаеш рускай, забыўся на беларускую? Нічога! Не рабі нічога! Не вучы ні адну, ні другую мову дасканала — лупі як можаш! «Няхай ведаюць нашых! Мы вашых універсіцетаў ні канчалі! Гаварым, как умеім!»

Менавіта на прыкладзе гэтага «цуду» можна добра пабачыць, што многія з нашых суайчыньнікаў замест таго каб саромецца і выпраўляць, ганарацца і мацуюць свае хібы. І ня трэба сьпісваць гэта на «цемнату» масаў народных, маўляў тубыльцы — «дзеці гор». Усё ў іх з гэтым у парадку — 100-баксавую купюру адрозьняць ад шкляных пацеркаў і выгоды сваёй не ўпусьцяць. Проста пазыцыя такая, рыса нацыянальная — цьвёрда стаяць на пазіцыі «А мне — і так добра!»

Пералік прыкладаў «ітакдабразму» зможа працягнуць кожны. Мала якая сфэра нашага жыцьця пазбаўленая праяваў вычварэнскага гонару за тое, чаго, у прынцыпе, саромецца трэба. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?