Беларуская апазіцыя плануе правесці кангрэс дэмакратычных сіл, на якім вызначыцца са сваім кандыдатам у прэзідэнты, да канца 2014 года, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч. 

«Калі перамовы ў верасні завершацца паспяхова, кангрэс магчыма правесці да канца гэтага года ці, у крайнім выпадку, у пачатку 2015 года», — сказаў ён. 

Губарэвіч паведаміў, што сёння прайшлі кансультацыі прадстаўнікоў апазіцыйных арганізацый. «Вырашылі ў наступны раз сабрацца 19 верасня. Верагодна, пасля гэтай сустрэчы будуць нейкія зрухі, бо больш-менш відаць, што дасягаецца згода адносна працэдуры вылучэння кандыдата», — адзначыў ён. 

У перамовах адносна вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі бяруць удзел сем структур: Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За Свабоду», кампанія «Гавары праўду», Аб'яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Партыя БНФ. У сённяшніх кансультацыях не змаглі ўзяць удзел прадстаўнікі сацыял-дэмакратаў і «Справядлівага свету».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?