У Мінску плануецца пабудаваць завод па спальванні глеістых каналізацыйных ападкаў. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 29 кастрычніка ў Мінску паведаміў начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Дзмітрый Янчык.
Паводле яго слоў, штодзённа ў Мінску ўтвараецца 700 тон такіх ападкаў. Цяпер пад Мінскам існуюць так званыя глеістыя сажалкі на плошчы 85 га. «Туды яны возяцца і ўтылізуюцца. У свеце такое прымяняецца вельмі рэдка. Таму і будзе будавацца завод. На ім будуць спальвацца глеістыя ападкі, магчыма, у плазме. Пасля гэтага застаецца 10% ад ападкаў і гэтыя рэшткі можна выкарыстоўваць у будаўнічых матэрыялах або дарожным будаўніцтве», — адзначыў спецыяліст.
Таксама, паводле яго слоў, плануецца рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў і стварэнне біягазавых установак на глеістых ападках з атрыманнем электраэнергіі.