У якасці аднаго з фактараў, які стрымлівае развіццё прамысловага комплексу, з'яўляецца завышаны курс беларускага рубля да кошыка валют, заявіў 31 кастрычніка падчас сумеснага пасяджэння палат Нацыянальнага сходу першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка. 

Ён зазначыў, што ў 2013—2014 гадах склаўся шэраг знешніх і ўнутраных фактараў, якія стрымліваюць развіццё прамысловай вытворчасці. «Да ліку знешніх можна аднесці рэцэсію на знешніх рынках, уступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, што прывяло да ўзмацнення канкурэнцыі і адмоўна паўплывала на экспартныя пастаўкі беларускай прадукцыі на расійскі рынак. Не мог не адбіцца на нас палітычны, а затым і эканамічны крызіс ва Украіне», — сказаў Уладзімір Сямашка. 

Разам са знешнімі, дадаў ён, існуюць і ўнутраныя фактары, якія стрымліваюць развіццё прамысловых прадпрыемстваў. «Істотным негатыўным фактарам з'яўляецца завышаны курс беларускага рубля да валютнага кошыка. Для экспарцёра пажаданай з'яўляецца плаўная, умераная і апераджальная дэвальвацыя беларускага рубля да асноўных сусветных валют», — заявіў першы віцэ-прэм'ер. 

Ён удакладніў, што дэвальвацыя беларускага рубля павінна «крышку апярэджваць тэмпы дэвальвацыі асноўных сусветных валют». 

Па стане на 31 кастрычніка курс долара склаў 10.710 рублёў і вырас з пачатку года на 12,6%, курс еўра — 13.480 рублёў і павялічыўся з пачатку года на 3,1%. Разам з тым у дачыненні да расійскай валюты беларускі рубель з пачатку года ўмацаваўся на 15%. Па стане на 31 кастрычніка расійскі рубель каштаваў 247 беларускіх. З пачатку года курс беларускага рубля да кошыка валют умацаваўся на 0,44%. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?