Горад пасля трагічных падзей у краіне змяніўся: на вуліцах безліч жоўта-блакітных сцягоў.

Горад пасля трагічных падзей у краіне змяніўся: на вуліцах безліч жоўта-блакітных сцягоў.

Каларытная чабурэчная «Джэнтльмены ўдачы», аформленая як турма.

Каларытная чабурэчная «Джэнтльмены ўдачы», аформленая як турма.

Пастамент, на якім быў Ленін, упрыгожаны патрыятычнымі надпісамі і вершамі.

Пастамент, на якім быў Ленін, упрыгожаны патрыятычнымі надпісамі і вершамі.

На цэнтральнай плошчы — стэнды са здымкамі ўкраінцаў, якія загінулі ў зоне АТА.

На цэнтральнай плошчы — стэнды са здымкамі ўкраінцаў, якія загінулі ў зоне АТА.

Раней, падчас падзей на Майдане, акупацыі Крыма, АТА, беларусы баяліся ездзіць у Чарнігаў, напалоханыя «жахамі» пра «зверствы бандэраўцаў». З вуснаў у вусны па Гомелі хадзілі байкі, як на тым баку мяжы гвалцяць, забіраюць аўтамабілі «на патрэбы Майдану», прымушаюць стаяць на каленях і спяваць «Шчэ не вмерла Украіна!». Ніводны такі выпадак не быў пацверджаны дакументальна. Тым не менш распаўсюджваюцца спецслужбамі байкі множыліся, абрасталі новымі падрабязнасцямі, кшталту: «Ведаеш, там ужо рукі адсякаюць! А ў маладых мужчын забіраюць беларускія пашпарты, рвуць іх і вязуць ваяваць!». Беларуская чыгунка мусіла нават цягнікі «Гомель—Чарнігаў» адмяніць па буднях — не было пасажыраў. Пакінулі толькі рэйс на выхадныя.

Але час ішоў. Байкі аджылі сваё. І беларусы з пустымі торбамі зноў паехалі на базы на вуліцы Шчорса, рынак «Ніва», крамы «Эпіцэнтр» і «Факстрот» у Чарнігаве.

Большасць едзе на аўтамабілях. Гэта тыя, каму шмат чаго трэба набыць. Меншасць — на цягніку. Квіток з Гомеля да Чарнігава каштуе 78 тысяч у адзін бок.

У суботу больш за палову месцаў у цягніку было занята пасажырамі без багажу. На зваротным шляху праходы ў вагонах былі застаўлены торбамі і скрынкамі.

Карыстаецца сталым попытам у беларусаў будаўнічая крама «Эпіцэнтр». Адтуль вязуць, напрыклад, шпалеры, якія можна набыць удвая танней, чым у Гомелі. У «Факстроце» можна атаварыцца бытавой тэхнікай, трапіўшы на акцыі і распродажы. Па рынках шукаюць танную вопратку і абутак, а таксама прадукты: каву, гарбату, цукеркі, грэчку, алкаголь і так далей.

Правозіць праз мяжу можна без сплаты мыта 50 кг на чалавека і 35 кг — непадзельнага тавару, напрыклад, швейную машыну ці невялікую пральную.

* Цэны пералічаны па курсе 800 беларускіх рублёў за грыўню — за столькі грыўні можна было набыць у гомельскім абменніку 22 лістапада. Прымалі грыўні па 700 рублёў.

* Цэны пералічаны па курсе 800 беларускіх рублёў за грыўню — за столькі грыўні можна было набыць у гомельскім абменніку 22 лістапада. Прымалі грыўні па 700 рублёў.

Даляры па стане на 22 лістапада ў чаргінаўскім абменнік прымалі па 15.30 — 15.60 грыўняў за 1 даляр. Валютчыкі ў цягніку прапаноўвалі памяняць даляры па курсе 16 за 1 даляр.

Чарнігаў — не заштатны правінцыйны горад. У гэтым упэўнішся, калі збочыш ад ажыўленых рынкаў і крамаў на Дзядзінец (Вал). Тут размешчаны Спаса-Праабражэнскі (XI стагоддзе) і Барысаглебскі (XII стагоддзе) саборы, Кацярынінская царква, помнік Тарасу Шаўчэнку, дом калегіума, палкавой канцылярыі. Напэўна, няма лепшага месца для медытатыўнага адпачынку, як гарадскі вал. Адсюль адкрываюцца маляўнічыя краявіды на старажытныя кляштары.

У горадзе ёсць што паглядзець і ёсць дзе адпачыць.

Шматлікія кавярні ў цэнтры змагаюцца за наведвальнікаў, прыманьваюць іх незвычайным інтэр’ерам, смачнымі і недарагімі стравамі. Так, чабурэчная «Джэнтльмены ўдачы» аформлена ў турэмным стылі. Над ўваходам размешчана вышка з калючым дротам і вартавым. Унутры — «нары», «параша», адпаведныя назвы страў і рахунак-«прысуд».

Шмат кавы, розных гатункаў, на ўсе густы чакае наведвальнікаў у «Чашцы».

Па горадзе параскіданыя розныя піцэрыі, сушы-бары, гламурныя рэстараны.

Танна і смачна можна падсілкавацца ў кавярні «Варэнічная», якая абяцае накарміць чарнігаўскімі стравамі. Цэны тут даволі стрыманыя: дранікі за 17 грыўняў (11 900 беларускіх рублёў), варэнікі з яблыкамі — 19 грыўняў (13 300 рублёў), кава — 10 грыўняў (7 000 рублёў), зразы з мясам — 20 грыўняў (14 000 рублёў), боршч — 19 грыўняў (13 300 рублёў), патэльня з блінцамі, качкай і вантробамі — за 38 грыўняў (26 600 рублёў).

Горад пасля трагічных падзей у краіне вонкава змяніўся. Зараз на вуліцах безліч жоўта-блакітных сцягоў, на балконах, на флагштоках. Жоўта-блакітнымі стужкамі абвязаны металічныя агароджы, у колеры нацыянальнага сцяга размаляваны падземныя пераходы і масты.

На цэнтральнай плошчы ўсталяваны стэнды са здымкамі і біяграфіямі ўкраінцаў, якія загінулі ў зоне АТА. Шмат тут і чарнігаўскіх, у асноўным з вёсак і райцэнтраў. Побач — стэнд са здымкамі герояў Нябеснай сотні.

Каля цэнтральнага рынку валанцёры збіраюць грошы і рэчы на дапамогу 13-му батальёну. Тут жа — вайсковыя ў форме.

Суб’ектыўна — на вуліцах горада зараз больш размаўляюць на ўкраінскай мове. Пастамент, на якім раней стаяў Ленін, упрыгожаны патрыятычнымі надпісамі і вершамі.

Горад і яго жыхары змяніліся. Пра гэта гаворыць і беларускі пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка, які жыве ў Чарнігаве ўжо 17 гадоў. Па яго словах, у сярэдзіне 90-х Чарнігаў быў горадам, які пераважна жыў «чаркай і скваркай» і нагадваў Рэчыцу ці Мазыр, нават не Гомель. «Але пасля Рэвалюцыі Годнасці я ў мясцовых жыхарах адкрыў такія рысы, якія нават не думаў, што ёсць у гэтых людзей. Па-першае, гэта неверагодная салідарнасць. Скажам, калі пачаўся Майдан у Кіеве, тут таксама быў свой Майдан каля адміністрацыі. Як у Кіеў, сюды вырашылі панавозіць «цітушак». Сярод чарнігаўскіх аказалася вельмі мала «цітушак», якія б пагадзіліся біць так званых бандэраўцаў, а тых, хто пагадзіўся, людзі лавілі па пад'ездах і так «мякка» тлумачылі, што так рабіць не трэба. Усіх фатаграфавалі і потым на гарадскіх рэсурсах апазнавалі», — узгадвае пісьменнік.

Зараз ён бачыць, што ў горадзе неверагодны валанцёрскі рух, неверагодная салідарнасць. Вельмі шмат людзей ці на фронце, ці ў валанцёрах.

«Я прадбачыў пытанне, ці мажліва тут стварыць нешта падобнае да «ЛНР» і «ДНР». Гэта немажліва ў прынцыпе.

Недзе месяцы два таму на ўскраіне горада з'явіліся двое хлопцаў, якія былі нейкія неадэкватныя, раздавалі самаробныя каларадскія стужкі. І давалі яшчэ грошы за тое, каб людзі бралі іх. Хлопцам гэтым адразу надавалі па галаве мясцовыя рабацягі, потым прыбеглі мянты, якім рабацягі іх здалі. Мянты ім таксама надавалі па галаве і здалі ў СБУ», — апавядае Уладзіслаў Ахроменка.

Да яго неяк на вуліцы падышлі дзве цёткі. Па іх акцэнце, па тварах распазнаў сваіх, гомельскіх. Яны шэптам запыталіся: падкажыце, дзе можна харошага віна купіць? Пачуўшы адказ на ўкраінскай мове, жанчыны сумеліся: ізвініце, мы не панімаем… «Тады адказваю па-беларуску — у іх квадратныя вочы, але, як ні дзіўна, таксама перайшлі на беларускую. Пытаюся: а чаго вы так шэптам, можаце па-руску ў мяне пытаць. А яны: «У вас тут Частный сектор машіны отбірает, очень многіх ізбілі, па телевізары гаварылі…»

Усё з-за гэтых ідыёцкіх чутак, якія ходзяць па Беларусі і па Гомелі. Хлопцы і дзяўчаты, нікому не верце, прыязджайце, купляйце, сябруйце!» — заклікаў Уладзіслаў Ахроменка.

Ён лічыць, што чарнігаўскія ўкраінцы вельмі падобныя да нас, хоць ментальная розніца, вядома ж, ёсць.

Але калі ўзяць украінцаў палтаўскіх ці чаркаскіх, ці з Заходняй Украіны, яны моцна адрозніваюцца ад беларусаў. Ёсць адрозненні і ў лепшы, і ў горшы бок ад нас. «Украінцы значна больш гасцінныя і адкрытыя, больш шчырыя, а беларусы больш замкнёныя, як яйка ў сваёй шкарлупіне, мала ўсміхаюцца, баяцца выяўляць свае эмоцыі. А па мове і па ментальнасці ўкраінцы, мажліва, самы блізкі і самы братні для нас народ», — разважае суразмоўца.

Чаму ж тады ў нас пакуль няма такой салідарнасці? «А ў Беларусі проста не было яшчэ такой нагоды для кансалідацыі нацыі і людзей незалежна ад мовы, на якой яны размаўляюць. Зараз Расія з яе неадэкватным кіраўніцтвам выканала для ўкраінцаў тую самую ролю, якую выканалі арабскія тэрарысты для Ізраіля. Думаю, рана ці позна ў Кіеве будзе пастаўлены помнік аднаму персанажу, які «ла-ла-ла», з надпісам «За кансалідацыю ўкраінскай нацыі», — дадае Уладзіслаў Ахроменка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?