Вышэйшая інстанцыя Малдовы пакінула ў сіле рашэнне Апеляцыйнай палаты аб выключэнні фарміравання «Патрыа—Радзіма» з перадвыбарчай гонкі. Выбары ў краіне пройдуць заўтра, 30 лістапада.
У суд звярнуўся Цэнтрвыбаркам пасля таго, як высветлілася, што партыя фінансавалася з-за мяжы, з Расіі. А гэта забаронена законам. Па дадзеных следства, фарміраванне выдаткавала больш за восем мільёнаў лееў (каля 530 тыс. даляраў).
Па рашэнні суда, «Патрыа» ў выбарах удзельнічаць не можа. Гэта значыць, што ў бюлетэнях у графе фарміравання паставяць адпаведны штамп, паведамляе Publika.md.
Парламенцкія выбары ў Малдове пройдуць 30 лістапада. Барацьба пойдзе паміж прарасійскімі і праеўрапейскімі партыямі.
Некалькі дзён таму лідар «Патрыі» Рэната Усаты з'ехаў у Расію, а незадоўга да гэтага пагражаў Кішынёву сваім «майданам».
На мінулым тыдні сілы бяспекі Малдовы затрымалі некалькі дзясяткаў баевікоў, што мелі зброю і планы памяшканняў Цэнтрвыбаркама, тэлебачання і ўрада. Усе яны былі звязаныя з прамаскоўскімі групоўкамі.