У сацыяльных сетках трывога: магчыма, у горадзе з’явіўся новы скуралуп. У сацыяльных сетках «гуляе» фотаздымак 19-гадовага Аляксандра. Створана нават група, у якой збіраюць усе выпадкі, да якіх, як мяркуецца, хлопец мае дачыненне.

«Гэты чалавек, падмануўшы гаспадароў, забраў як мінімум 9 кацянят па абвестках. Нам вядома, што ён пісаў дзясяткам людзей па Мінску. Калі яму адмаўлялі альбо прапаноўвалі заключыць дамову, пераходзіў на абразы з нецэнзурнай лексікай», — напісалі абаронцы жывёл. А спробы высветліць, што сталася з забранымі кацянятамі, ні чым не скончыліся.

Валанцёр Ксенія пачала шукаць людзей, да якіх Аляксандр звяртаўся. Яе насцярожыла, што хлопец, калі забіраў кацяня, не цікавіўся, ці прывучана яно да латка і падобнымі нюансамі.

«Яму было важна толькі, каб кацяня мела тыгровую афарбоўку, не браў дарослых катоў. А калі яму прапаноўвалі дамову, адразу пачынаў грубіць. Калі чалавеку няма чаго баяцца, яму не складана заключыць дамову з пашпартнымі звесткамі».

19-гадовы Аляксандр навучаецца ў БДУ. Калі яго пачалі актыўна шукаць, ён пагадзіўся на сустрэчу з валанцёрамі. «А калі ўбачыў, што людзей шмат, спрабаваў збегчы. Але мы хацелі даведацца, што з тымі кацянятамі, для чаго яны яму. Ён патлумачыў усё тым, што глядзеў на іх характары. А якія не падабаліся, выкідваў. Я не веру. Тым больш, ехаць з Куйбышава і выкідаць кацянят у Сухараўскім парку, як ён сказаў, не лагічна. А калі і так, то што іх чакае ў вялікім парку на марозе? Смерць. Гэта і ёсць жорсткае абыходжанне з жывёламі».

Хлопца пасля сустрэчы завялі ў міліцыю. Але прамых доказаў супраць яго няма. І яго адпусцілі. Але валанцёры не спыняюцца. А пакуль просяць больш уважліва ставіцца да людзей, якім гаспадары аддаюць жывёлін.

Аляксандр: «Я звярнуўся ў міліцыю»

«Наша Ніва» звязалася з Аляксандрам. Хлопец абураны сітуацыяй, якая склалася. «Я напісаў заяву ў міліцыю. Напісаў на дзяўчыну, якая гэта выклала, за паклёп. Будуць разбірацца».

Хлопец сцвярджае, што не браў кацянят. А на яго ўзводзяць паклёп. «Я з дзяўчынай у інтэрнэце пасварыўся. За яе ўступіліся гэтыя валанцёры. І я вырашыў папрыкалвацца».

Нагадаем, што ў Мінску абуральны выпадак здарыўся ў кастрычніку 2013. Катоў пачалі знаходзіць без лапаў і хвастоў, з адрэзанымі вушамі, выкалатымі вачыма. Аднаго сабаку знайшлі з адсечанымі лапамі, злупленай скурай, успораным жыватом. Тады ў міліцыю падалі некалькі заяў, але скуралупа знайсці так і не атрымалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?