«Прадаюцца традыцыі і сучаснасць», — так магла б пачынацца абвестка па продажы мінскіх кватэр у дамах-«сталінках». Пра сучаснасць пазней, але што за традыцыі?

Некаторых людзей назва «сталінкі» раздражняе, выклікаючы асацыяцыі з «чорнымі варанкамі» і расстрэлам «тройкамі». Насамрэч гэтая назва прывязана да архітэктурнага стылю пэўнага гістарычнага перыяду — і толькі. «Сталінскае барока», «сталінскі ампір» — гэта кватэры з высокімі столямі, у якіх шмат святла і паветра; часта — мудрагелістая ляпніна на фасадах дамоў ды гаўбцы-«клеткі», у якіх змяшчаецца толькі адзін чалавек; нярэдка — скульптурныя кампазіцыі на дахах, у тым ліку з «пантэонам багоў» ранняй савецкай эпохі; і заўсёды — шырокія лесвіцы з прасторнымі пралётамі і тоўстыя цагляныя сцены, за якімі пануюць цяпло і цішыня.

Акрамя таго, «сталінкі», што будаваліся з 1930-х да сярэдзіны 60-х як жытло для тагачаснай эліты, зазвычай і месцяцца ў няпростых раёнах. Калі гэта не цэнтр — прычым такі, што, кажучы слэнгам рыэлтараў, «цэнтрэй не бывае», — то непадалёк абавязкова будзе станцыя метро альбо вядомыя месцы адпачынку, злучаныя з цэнтрам горада шматлікімі транспартнымі артэрыямі.

У Мінску тыповыя раёны «сталінак» — ад чыгуначнага вакзала да ЦУМа, далей па праспекце Незалежнасці да метро «Маскоўская», а таксама на Партызанскім праспекце і вуліцы Маякоўскага. Самы дарагі і прэстыжны раён — вакол Карла Маркса і Плошчы Перамогі.

Нерухомасць сталінскай эпохі — бадай, адзінае добрае, што яна пакінула сучаснікам. Жытло, у адрозненне ад чалавечага жыцця, у тыя часы вельмі цанілася і (напэўна, паралельна з камунізмам) будавалася на стагоддзі. Камунізм застаўся недабудам, а вось дамы, дзе кладка сценаў якаяна зроблена ў 2—3 цагліны, на думку спецыялістаў, будуць надзейныя яшчэ гадоў 100—150 — асабліва калі ўлічыць, што частка з іх перажыла капітальны рамонт з заменай камунікацыяў на больш сучасныя.

І ізноў пра аўру і асацыяцыі. Першымі насельнікамі «сталінскіх» кватэр былі пераважна партыйныя функцыянеры і высокія чыноўнікі. Але не толькі яны. Звярнуўшы ўвагу на мемарыяльныя дошкі, скажам, на нашым праспекце Незалежнасці, лёгка ўпэўніцца, якая колькасць класічных, часта сусветна вядомых пісьменнікаў, кампазітараў, спевакоў, мастакоў, архітэктараў, навукоўцаў мешкала за савецкім часам менавіта ў «сталінках». Што ж, лагічна: гэтыя дамы будуваліся ў тым ліку і для іх. Зараз у многіх кватэрах жывуць дзеці, унукі і праўнукі савецкай эліты, але не толькі спадчынную пераемнасць пакаленняў прынеслі «сталінкам» новыя часы. Не аднойчы даводзілася сутыкацца і з тым, што можна назваць духоўным працягам творчых традыцый у нерухомасці.

Напрыклад, адзін вядомы мастак распавёў, як, шукаючы сабе «сталінку», выпадкова сустрэў сына свайго першага настаўніка малявання. Гэта і быў гаспадар жытла. Мастак набыў не толькі кватэру, але і калекцыю пэндзляў свайго першага настаўніка. Сцены і дах над галавой — важныя рэчы ў жыцці. А калі яны яшчэ дыхаюць душой твайго дзяцінства і вяртаюць да вытокаў твайго ўласнага поспеху?

Увогуле, не так і рэдка назіраеш карціну, калі людзі творчых прафесій, здзяйсняючы сваю мару перабрацца ў больш зручны для іх асабіста раён сталіцы, абіраюць сабе «сталінкі», гаспадарамі якіх аказваюцца іншыя творчыя людзі. Вядомы пісьменнік раптам даведваецца, што будзе глядзець з вакна, на якім нядаўна стаялі кветкі вядомай опернай спявачкі. Канечне, тлумачэнне без містыкі самае рацыянальнае — проста людзям спадабалася выстаўленае на продаж жытло, — але такая спантанная пераемнасць выклікае пытанне аб невыпадковасці. Быццам нешта нябачнае, невядомае прыцягвае гэтых людзей адно да аднаго. Была ж толькі што падобная кватэра ў «сталінцы» насупраць. Але паглядзець яе сёння не атрымалася. Заўчора была не горшая кватэрка ў тым самым дворыку. Але і тут карта кладзецца інакш. І новыя кнігі пісьменніка ствараюцца там, дзе некалі ішла падрыхтоўка да спектакляў…

Адна з найбольш прэстыжных цэнтральных частак Мінска — раён плошчы Перамогі і парка імя Горкага — надзвычай багатая менавіта на «сталінкі». Але якія яны розныя! Вы ніколі не спрабавалі знайсці сярод такіх дамоў два аднолькавыя? Рэч у тым, што тыпавыя праекты і нават само паняцце масавай забудовы з'явяцца ў СССР пазней, пасля смерці Сталіна, калі «сталінкі» сканаюць пад хрушчоўскім указам пра барацьбу з «ізлішествамі». Яркая індывідуальнасць будынкаў і тыпавыя рысы планіровак, тым не менш, часам спалучалася. Зірнем, напрыклад, на тэрыторыю за паркам Горкага, якая пасля Сталіна і нават Хрушчова ператворыцца ў так званы раён «пыжыкавых шапак» — месца пражывання вышэйшага кіраўніцтва БССР. Адкуль узяліся «сталінкі» тут, зразумела — Мінск увогуле адбудоўваўся пасля вайны, але чаму «дата нараджэння» некаторых «сталінак» не супадае ні з пачаткам будаўніцтва такіх дамоў у 1930-я гады, ні з адбудовай разбуранага Мінска ў 50—60-я?

Сакрэт у тым, што на колішняй вуліцы Вясёлай (цяперашняй Першамайскай) некалі месціўся, кажучы сучаснай моваю, вайсковы гарадок. Шматлікія казармы суседнічалі з забаўляльнымі і піцейнымі ўстановамі, якія і далі вуліцы назву. У канцы 20-х салдацкія казармы альбо былі знесеныя, альбо пачалі перабудоўвацца — спачатку пад афіцэрскае жытло, пазней для больш масавага засялення — менавіта ў тым стылі, які быў распаўсюджаны ў тыя часы. Яшчэ не было ляпніны звонку будынкаў, яшчэ не закладаліся падмуркі «сталінак» у рабочых раёнах, і межы Мінска былі значна вузейшыя. А першыя прадвеснікі савецкага ампіру ўжо ўзводзіліся ўнутры ўтульных дворыкаў насупраць былога Гарадскога саду (дарэчы, парк імя Горкага ў наступным годзе адзначыць 110 гадоў свайго адкрыцця), радавалі вока светлымі памяшканнямі са столямі ў тры з паловай метры. Прыйдзе час, і некалькі такіх дамкоў выстаяць у вайну, перажывуць рэканструкцыю і будуць упэўнена стаяць на зямлі ўжо ў ХХІ стагоддзі — як правіла, такая трывалась архітэктурнай спадчыны характэрная для Амерыкі альбо Еўропы, але набліжана да фенаменальнасці ў Беларусі. Тым не менш, улады Мінска не абнародавалі ніякіх планаў па зносе трохпавярховых «сталінскіх» дамкоў у цэнтры — гэта датычыцца выключна 1-2-павярховых будынкаў і толькі ў канкрэтных месцах. Былая вуліца Вясёлая не ўваходзіць у іх лік.

Менавіта ў адным з такіх гістарычных дамоў, дарэчы, прадаецца кватэра вядомага беларускага кінарэжысёра.

Трохпакаёўка метражом у 72,2 квадратныя метры выстаўлена па кошце ў 142 тысячы. Кватэра цёплая і ўтульная, у добрым стане, з драўлянымі падлогамі, з вялікімі асобнымі пакоямі. Пасля капітальнага рамонту дома ў 2001 годзе заменены ўсе трубы і вокны. Нягледзячы на самы цэнтр сталіцы, у двары цішыня і зеляніна дрэваў, а таксама, што цікава, усім хапае месца для паркоўкі.

Гаспадары жытла пакуль застануцца інкогніта і раскрыюць імёны патэнцыйнаму пакупніку — хоць мы, вядома, не ведаем, ці не пачнуць яны адразу здымаць пра яго якое-небудзь новае кіно? Бо, як казалася вышэй, мінскія «сталінкі» часам прыцягваюць «зорак» магічным чынам. Напэўна, гэтыя кватэры даўно пазбавіліся ад свайго культу асобы — цяпер яны проста натхняюць кожнага, хто здольны нешта ствараць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?