У 2000 годзе ЦРУ апублікавала 70-старонкавы даклад аб тым, як будзе выглядаць свет у 2015-м. Telegraph параўнаў, наколькі аналітыкі з Лэнглі ўдала змаглі прадказаць перамены вакол нас.

«Міжнародныя стасункі ўсё больш залежаць ад вялікіх і магутных арганізацый, а не ўрадаў».

Вердыкт: Магчыма праўда. Хоць часам цяжка правесці адрозненне паміж недзяржаўнымі суб'ектамі і дзяржаўнымі структурамі. Але ўсё ж, паглядзіце на Ісламскую дзяржаву (гэта ўплывовая групоўка тэрарыстаў) ці на паўночнакарэйскіх хакераў, якія атакавалі Sony.

«У перыяд да 2015 года тэрарыстычная тактыка будзе станавіцца ўсё больш складанай і накіраванай на дасягненне масавых ахвяраў».

Вердыкт: Абсалютна дакладна. На жаль, гэта прадказанне спраўдзілася на працягу наступных некалькіх месяцаў.

«Ірак і Іран будуць распрацоўваць ракеты вялікай дальнасці ў найбліжэйшай будучыні. Іран […] можа выпрабаваць зброю такога класу ўжо ў наступным годзе, а крылатыя ракеты ў 2004-м».

Вердыкт: праўда, але без поспеху. Іран, безумоўна, працуе над новым узбраеннем, але пакуль пра выпрабаванні гаворка не вядзецца.

«Насельніцтва свету вырасце больш як на адзін мільярд да 7,2 мільярдаў».

Вердыкт: праўда.

«Кітайская эканоміка будзе расці, абгоніць Еўропу і стане другой у свеце па велічыні, але ўсё яшчэ захавае адставанне ад ЗША».

Вердыкт: Амаль праўда. Паводле некаторых дадзеных, эканоміка Кітая ўжо ў цяпер большая за эканоміку ЗША.

«СНІД, голад і працяглы эканамічны і палітычны крызіс азначае, што насельніцтва ў многіх [афрыканскіх] краінах пачне фактычна змяншацца».

Вердыкт: Непраўда. Насельніцтва Афрыкі вырасла з 800 млн у 2000-м да 1,1 млрд у 2014 годзе.

ЦРУ рыхтуе такія дакладны кожныя чатыры гады. Самы апошні датычыць 2030 года. Сярод іншага, ЦРУ прагназуе лідарства кітайскай эканомікі, старэнне насельніцтва Зямлі (якое вырасце да 8,5 млрд), рост міграцыі. Таксама аналітыкі чакаюць рост колькасці гарадоў-мегаполісаў, а таксама з’яўленне мега-раёнаў — шчыльна населеных груп гарадоў, размешчаных на тэрыторыі адразу некалькіх краінаў. Сама плошча гарадоў да 2030 павінна вырасці ўтрая.

Наступны даклад, прысвечаны 2035 году, амерыканскі прэзідэнт атрымае ў снежні 2016 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?