Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў апублікаваў дадзеныя нацыянальнага апытання, праведзенага ў снежні 2014 года.

У чацвёртым квартале адчулі пагаршэнне свайго матэрыяльнага становішча амаль трэць беларусаў — 31%. У трэцім такіх было менш — 24,6%. Для параўнання: паляпшэнне адчулі ў абодвух выпадках каля 13%.

Пры гэтым у верасні лічылі, што «сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшыя гады пагоршыцца» 22,5% апытаных, а ў снежні — ужо 33,9%.

Адпаведна, тэндэнцыя павышэння электаральнага рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі змянілася на процілеглы: калі ў верасні за яго гатовыя былі галасаваць за яго на прэзідэнцкіх выбарах 45,2%, то ў снежні — ужо 40%.

НІСЭПД, на жаль, не паказвае, праводзілася апытанне да чарговага валютнага крызісу, які пачаўся 19 снежня, або пасля. Аднак з улікам часу, неабходнага на апрацоўку дадзеных, можна меркаваць, што грамадзяне выказвалі сваё меркаванне ў першай палове снежня. Таму можна толькі здагадвацца, наколькі дэвальваваўся рэйтынг Лукашэнкі пасля таго, як рубель дэ-факта патаннеў на 30%.

У любым выпадку, сацыёлагі канстатуюць: страхі татальнай дэстабілізацыі, якія ўзніклі пад уздзеяннем падзей ва Украіне, паступова праходзяць. Адпаведна, і настрой «абы не было вайны» працуе на Лукашэнку ўжо ў меншай ступені. Асабліва ў сітуацыі, калі рэальная рэчаіснасць балюча б'е беларусаў па кішэні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?