фота з фэйсбука Рустэма Адагамава
У аўторак, 27 студзеня, у Нью-Ёрку 31-гадовы піяніст Павел Гінтаў — ураджэнец Кіева і выпускнік маскоўскай Кансерваторыі, уступіў у гутарку з музыкантамі Марыінскага аркестра, што выходзілі пасля канцэрта ў Карнегі-холе.
Па сведчанні Гінтава, палеміка датычылася не асаблівасцей твораў Пракоф'ева і Шастаковіча, якія гучалі ў той вечар, і суправаджалася не зусім музычнай тэрміналогіяй.
Гінтаў, які цяпер сканчае дактарантуру ў Манхэтанскай школе музыкі, прыйшоў да Карнегі-хола, каб выказаць пратэст супраць гастроляў дырыжора аркестра Валерыя Гергіева — аднаго з тых, хто ў мінулым годзе падпісаў ліст дзеячаў расійскай культуры ў падтрымку пазіцыі Уладзіміра Пуціна ў дачыненні да Украіны.
З вуснаў расійскіх музыкаў у адказ на яго пасыпаліся абразы.
Сам піяніст апісаў тое, што адбылося так: «Сёння адбылося нешта выключна агіднае. А менавіта — давялося паразмаўляць з музыкантамі Марыінскага аркестра.
Адна мілавідная дзяўчына са скрыпкай, праходзячы міма мяне, паглядзела мне ў вочы, міла ўсміхнулася і сказала: «Калі вы ўсе ўжо здохнеце, !»
Іншыя казалі дзяжурнае «Ідзіце працаваць!», «Валіце ў хахляндыю!», а адзін крыкнуў: «Хутка і Аляска будзе наша!»
Адзін аркестрант вырашыў спрачацца, мы сказалі яму, што пратэстуем не супраць аркестра, а толькі супраць Гергіева, але яго таварыш адцягнуў яго са словамі: «чаго ты з імі размаўляеш? Яны ж ».
Яшчэ адна група музыкантаў з інструментамі гучна нас абмяркоўвала і смяялася.
Я сказаў ім: «Вы смяецеся? А вы ведаеце, колькі ўжо людзей загінула?».
Адзін з іх адказаў са смехам: «А ў Афрыцы наогул кожны дзень тысячы людзей паміраюць, і чо?»
Гэта музыканты. Гэта маладыя людзі, якія скончылі або яшчэ вучацца кансерваторыі. Гэта тыя, хто сёння іграў на сцэне Карнэгі-хола. Гэта змрок, жах і вар'яцтва».