NY Times
Як паведамляе ў панядзелак тэлеканал CNN, кандыдат у прэзідэнты ЗША Хілары Клінтан жорстка выказвалася пра еўрапейскіх лідараў за іх пазіцыю наконт канфлікту на ўсходзе Украіны і стаўленне да Уладзіміра Пуціна.
Пра гэта стала вядома ад мэра Лондана Барыса Джонсана, які пераказаў словы Клінтан на сняданку сайта Politico ў Вашынгтоне.
Джонсан распавёў, што яго ўразіла настойлівасць, з якой Хілары Клінтан казала пра тое, як Еўропа павінна супрацьстаяць прэзідэнту Расіі.
«Да адной думкі яна вярталася і вярталася. Еўрапейцы, на яе думку, вядуць сябе як слабакі ў адносінах з Пуціным», — згадаў ён, дадаўшы, што гэта не даслоўная цытата, а пераказ іх дзелавой сустрэчы, якая адбылася за два дні да гэтага.
Акрамя гэтага, мэр Лондана адзначыў «майстэрства» Клінтан у знешняй палітыцы.
«Галоўнай тэмай для яе быў Пуцін. Калі за ім не сачыць і не кідаць яму выклік, ён працягне пашыраць уплыў па перыметры былога Савецкага Саюза. Яна з трывогай казала аб Эстоніі і іншых балтыйскіх краінах. Мяне гэта ўразіла», — працягнуў ён.
Хілары Клінтан 12 красавіка афіцыйна абвясціла пра сваё рашэнне балатавацца на пасаду прэзідэнта ЗША.