Пракуратурай Партызанскага раёна Мінска па матэрыялах ГУБЭЗ ГУУС Мінгарвыканкама распачата крымінальная справа за перавышэнне службовых паўнамоцтваў у дачыненні да начальніка аднаго з упраўленняў ААТ «МТЗ».

Як паведамляе ГУУС, ён і кіраўнік будаўнічага ТАА падазраюцца ў фальсіфікацыі працэдуры перамоў па заключэнні дагавора будаўнічага падраду. У выніку праверкі дагавор скасаваны, а прадпрыемству прадухілены ўрон у памеры больш за 664 млн. рублёў.

У ходзе праверкі супрацоўнікамі БЭЗ устаноўлена, што ў чэрвені 2014 года з карыслівай зацікаўленасці пры працэдуры закупкі паслуг за кошт сродкаў ААТ «МТЗ» фігурант даў незаконнае ўказанне падначаленаму супрацоўніку на падрыхтоўку фальшывых дакументаў па правядзенні перамоў. У ходзе гэтых перамоў меркавалася на канкурэнтнай аснове выбраць падрадчыка для выканання дахавых работ на аб'екце прадпрыемства. У выніку акрамя «патрэбнага» ТАА былі падабраны яшчэ тры фармальныя ўдзельнікі працэдуры перамоў, ад імя якіх былі аформлены неканкурэнтаздольныя прапановы. 

Міліцыянеры пагутарылі з кіраўнікамі гэтых трох кампаній. У ходзе апытання высветлілася, што камерцыйныя прапановы ў адрас МТЗ яны не рыхтавалі, разлікаў кошту работ на аб'екце не рабілі. Аднак па просьбе падпісалі ўсе неабходныя дакументы. 

З улікам гэтых акалічнасцей па ініцыятыве УБЭЗ ГУУС была праведзена паўторная працэдура перамоў па пошуку падрадчыка для выканання дахавых работ.

Разам з тым ва УБЭЗ ГУУС звярнулі ўвагу на некаторыя акалічнасці, што раскрыліся ў ходзе праверкі. Справа ў тым, што з дня свайго заснавання згаданая будаўнічая фірма праводзіла практычна ўсе свае работы менавіта на МТЗ. Натуральна, пры гэтым рэгулярна перамагаючы канкурэнтныя прапановы іншых кампаній. 

У ходзе праверкі высветлілася, што восенню 2013 года ТАА ажыццяўляла рамонтныя работы ў кватэры кіраўніка МТЗ. На бязвыплатнай аснове. Пры гэтым афіцыйна правядзенне гэтых работ нідзе не афармлялася. 

Крымінальная справа накіравана для правядзення папярэдняга расследавання ў Партызанскі раённы аддзел Следчага камітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?