Новая гульня серыі Assassin’s Creed пад назвай Syndicate распавядзе альтэрнатыўную гісторыю Вялікабрытаніі XVII стагоддзя. Разам з першым трэйлерам сталі вядомыя даты выхаду: 23 кастрычніка для кансолей Playstation 4 і Xbox One, пазней увосень — для персанальных камп’ютараў.

1868 год. Брытанскай імперыяй праз каралеву-марыянетку Вікторыю кіруе ордэн тампліераў. Іх адвечныя ворагі хашашыны амаль знішчаныя. Блізняты Джэйкаб і Іві спрабуюць прывабіць на свой бок пралетарыят, каб у ходзе рэвалюцыі скінуць тампліераў.

Героі будуць ладзіць паўстанні ў шасці раёнах віртуальнага віктарыянскага Лондана, адноўленага ў найдрабнейшых дэталях. Між імі можна будзе пераключацца па схеме, падобнай да GTA V. Як і ў папярэдніх гульнях серыі, галоўныя героі сустрэнуць сапраўдных гістарычных асоб, у тым ліку Чарльза Дарвіна і Чарльза Дыкенса.

Горад будзе на 30% большым за Парыж з папярэдняй гульні Unity. Упор у гульні зробяць на кулачныя бойкі — адкрытае нашэнне зброі ў тыя часы не віталася. Упершыню ў серыі з’явіцца матарызаваны трос з зачэпкай, каб лётаць між высокімі будынкамі.

Распрацоўшчыкі завяраюць, што ўлічылі памылкі папярэдніка Syndicate — Assassin’s Creed: Unity, што выйшла з неймавернай колькасцю памылак і недапрацовак.

***

Assassin’s Creed — адна з самых паспяховых сучасных серый відэагульняў. З 2007 года распавядае пра фантастычны канфлікт тампліераў і хашашынаў у рэальных гістарычных дэкарацыях. З сучаснасці гульцоў пераносілі ў эпохі крыжакоў, Рэнесансу, амерыканскай вайны за незалежнасць, піратаў Вэст-Індыі і Вялікай Французскай рэвалюцыі. На восень 2014 года гульні серыі былі прададзеныя агульным накладам у 77 млн копій.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?